88-гадовы экс-старшыня Вярхоўнага Савета Сямён Шарэцкі расказаў, як яму жывецца ў Каліфорніі
Сямён Шарэцкі — апошні старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі. У 2001 годзе ён эміграваў у ЗША пасля процістаяння з Аляксандрам Лукашэнкам. Цяпер жыве ў Каліфорніі, побач з Сан-Францыска. Наша Ніва патэлефанавала 88-гадоваму палітыку, і ён расказаў, чым цяпер займаецца і ці сніцца яму Беларусь.
«Трэба, каб было актыўнае жыццё. Увесь час хаджу плаваю ў басейне»
— Вам ужо 88 гадоў. Як ваша здароўе?
— Кожныя шэсць месяцаў, як і ўсе грамадзяне ЗША, ходзім да доктара. У нас ёсць страхоўка. Можна жыць, Амерыка клапоціцца аб сваіх грамадзянах. Тут чалавек лічыцца чалавекам. Не так, як у Расіі ці ў Беларусі. Апартаменты ў нас ёсць, канечне, не вялікія, але зала, кухня, адпачывальня. Усяго хапае.
Я здаровы і працую. Больш за тое, пішу кнігу «Моя извилистая дорога».
— Гэта біяграфія?
— Не, мой аналіз падзей, якія назіраў ці ўдзельнічаў у іх. Я ж звычайны чалавек, у палітыку мяне вецер занёс, па складзе больш аналітык, чым палітык.
— Вы так цудоўна размаўляеце на беларускай мове. Як вы не забыліся мову ў эміграцыі?
— Я і кніжкі пішу на беларускай. Быў час, калі я амаль страціў яе, але мне патэлефанавалі і папрасілі напісаць невялікую брашуру. Сказалі зрабіць на рускай, а пасля яны перакладуць на беларускую. Адказаў, што пад зямлю правалюся, калі маю кніжку будуць перакладаць. Узяў Коласа, прачытаў, усё ўспомніў.
— Колькі ў бібліятэцы ў вас кніг?
— 3500. У мяне яшчэ 95 вялікіх сшыткаў, дзе ёсць канспекты кніг, якія чытаў, але іх у мяне няма. Яшчэ 39 тамоў Маркса і Энгельса, якія я цалкам прачытаў. Ёсць 55 тамоў Леніна, 18 тамоў Сталіна, хаця іх у Саюзе выйшла толькі 13, астатнія я знайшоў у Амерыцы пасля. І іх апанентаў ёсць кнігі — Каўцкага, Троцкага. Усё выданні маю Глебкі, Крапівы, Лынькова, Купалы, Коласа, Караткевіча.
— У чым ваш сакрэт даўгалецця?
— Трэба, каб было актыўнае жыццё. Увесь час хаджу плаваць у басейне, у нас ён каля апартаментаў.
Ведаю тут двух людзей, якія прыехалі з Масквы. Ён не бачыў, вочы хворыя былі, а яна хадзіць не магла. Дык ёй бясплатна далі каляску з маторам, якая так каштуе 18 тысяч даляраў. А яму зрабілі бясплатна аперацыю, вочы адкрылі.
Я ў свой час, калі прыехаў толькі ў Амерыку, пабачыў, як у аўтобус з прыпынку заязджаў на вазку інвалід. Аўтобус спыніўся, кіроўца выйшаў, выкінуў пандус, па якім заехаў чалавек. У мяне слёзы на вачах былі. Думаю, а мы ўвесь час будавалі камунізм, і нават туалетнай паперы не было.
«Я ў Беларусі сваё жыццё паклаў»
— Чым дзеці і ўнукі вашы займаюцца?
— Унукі ўсе маюць вышэйшую адукацыю. Больш за тое, ёсць тыя, хто магістратуру скончылі. У нас 5 унукаў, усе працуюць, маюць свае сем’і. Хтосьці ў медыцыне, хтосьці мае свой бізнэс, хтосьці камп'ютарамі займаецца.
«Адна ўнучка і нявестка працуюць медсёстрамі. Як думаеце, колькі яны атрымліваюць за гадзіну? 90 даляраў», — дадае жонка Сямёна Шарэцкага Галіна.
— А вашы дзеці ці ўнукі былі калі-небудзь у Беларусі?
— І што з імі б было, каб яны там пабылі б? Назад яны б не вярнуліся.
Мая жонка і я не хавалі сваіх мацярэй. Мяне папярэдзілі тады, што калі паедзеш, то не вернешся. Дасылаюць, канечне, фотаздымкі магілы маці, але я нават не папрасіў у яе прабачэння. Яна шмат для мяне зрабіла, каб я скончыў [Беларускую сельскагаспадарчую] акадэмію. Я рос без бацькі, і быў адзін у яе.
— Ці сніцца вам Беларусь?
— Ну а як вы думаеце? Вы разумееце, што я ў Беларусі пакінуў? Некалькі крамаў, сотні пабудаваных людзям дамоў, дзясяткі кіламетраў асфальтавых дарог. Я там жыццё паклаў, быў адзіным чалавекам у Савецкім Саюзе, які, будучы доктарам навук, пайшоў у калгас, зрабіў аб’яднанне, Школу мастацтваў.
«Я хацеў бы, каб апазіцыя была аб’яднаная»
— Ці віншаваў вас Лукашэнка з днём народзінаў, як Зянона Пазняка?
— Віншаваў, калі я яшчэ быў старшынёй Вярхоўнага Савета, у 1996 годзе. І тое не сам віншаваў, а прыслаў Мясніковіча. Я проста напісаў артыкул, што «У рэспубліцы запахла фашызмам», то як ён мог мяне пасля таго віншаваць? Але ніводзін з цяперашніх апазіцыянераў тады на гэты артыкул не адгукнуўся. А я папярэджваў людзей!
Мне вельмі крыўдна, калі з Лукашэнкам там абдымаюцца, супрацоўнічаюць, бо я сын загінулага на вайне з немцамі бацькі. Канечне, калі мяне абралі старшынёй Вярхоўнага Савета, я яму параіў, што давай створым камісію ці камітэт на чале з прэзідэнтам, якія выпрацуюць шляхі, як будзе развівацца Беларусь.
Ён мне падзякаваў, а праз два дні сказаў, што гэтым стане займацца Віктар Шэйман. Тады стала ўсё зразумела, што Лукашэнка не будзе займацца Беларуссю, а стане імкнуцца расшыраць свае паўнамоцтвы і прэтэндаваць на Расію.
— Ці сочыце вы за сучаснай беларускай палітыкай?
— Я падтрымліваю апазіцыю, але ж хачу сказаць вам, што пра нелегітымнасць Лукашэнкі Вярхоўны Савет заявіў адразу ў 1999 годзе. Калі Віктар Ганчар быў, таксама прызнавалі Лукашэнку нелегітымным. То ўжо сам паход на выбары з ім пасля гэтага — яго легітымізацыя. У пачатку 2000-х я выступаў у Кангрэсе ЗША, Дзярждэпе і папярэджваў іх аб тым, што будзе, калі яны дадуць падняцца з кален пуцінскай Расіі.
Аб апазіцыі я б не хацеў размаўляць і кідаць на кагосьці гразь. Я хацеў бы, каб апазіцыя была аб’яднаная. Кожны з нас хай дае ацэнку таму, што ён рабіў і што ён робіць. Я не выступаю супраць нікога з апазіцыянераў публічна, я гатовы падтрымаць кожнага з іх.
Калі пасадзілі Паўла Шарамета, яго маці прыйшла да мяне дадому са слязамі. Я ёй сказаў, што ў апазіцыі, але паспрабую штосьці зрабіць. Тады патэлефанаваў памочніку Барыса Ельцына Сяргею Ястржэмбскаму. Ён сказаў, што «Барыс Мікалаевіч вас памятае, дайце яму тэлеграму». Я напісаў.
Памятаю, што Лукашэнка ў той час збіраўся ў Варонежы збіраць губернатараў і гаварыць аб тым, каб ён быў замест Ельцына, прэтэндаваў на Расію. На той момант я лічыў, што з Расіяй трэба падтрымліваць нармалёвыя адносіны, як і з іншымі дзяржавамі. А ён хацеў не з Расіяй падтрымліваць адносіны, а быць над Расіяй.
Барыс Мікалаевіч загадаў выпусціць Паўла Шарамета — і яго вызвалілі. А Павел на мяне пасля наводзіў паклёпы. І што гэта тады за апазіцыя?
— Усё ж, калі казаць пра сучасную беларускую апазіцыю, ці бачыце вы, чаго ім не хапае, якія памылкі робяць?
— Апазіцыя павінна аб’яднацца, а не адзін на другога паклёпнічаць. Калі гэтага не адбываецца, то яна стварае ўмовы для дыктатара.
Я не разумею, чаму мы так у свой час даверыліся чалавеку, які нас падманваў. Калі ён першы раз абіраўся, ён трос нейкім спісам людзей, якіх хацеў пасадзіць, забраць маёмасць. Абралі, а людзі і апазіцыя павінны былі падумаць.
«Беларусы — бедны народ, мабыць, праз нашу талерантнасць»
— Чаму ў нашага народа такі лёс?
— Беларусы — бедны народ, мабыць, праз нашу талерантнасць, спакойнасць. Увесь час мы пад кімсьці, і шмат хто ў муках з-за гэтага. Трэба было думаць, як Янка Купала калісьці, — «Мы — беларусы!», — аб гэтым трэба было мацней заяўляць. А калі чытаю Якуба Коласа, то ён там піша, што немец ганарыцца тым, што ён немец, француз таксама, а мы, беларусы?
У 1897 годзе быў перапіс насельніцтва, 700 тысяч людзей, асабліва палешукоў, запісаліся тутэйшымі, а не беларусамі. Гэта гаворыць аб тым, што людзі нават не ведалі, што яны беларусы.
На развітанне Сямён Шарэцкі перадаў прывітанне беларусам:
«Прывітанне беларускаму народу і ўсяго самага добрага, што можа пажадаць вам сын народа, з якога я выйшаў і часткай якога я сябе лічу. Хочацца ўбачыць Беларусь вольнай, таму буду трымацца. Не дачакаюцца, як кажуць».
***
Сямён Шарэцкі нарадзіўся ў 1936 годзе ў вёсцы Лаўрышава, Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці. Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію (1959), доктар эканамічных навук (1984).
Працаваў намеснікам старшыні (з 1959), старшынёй калгасу «Зорка» (з 1963), старэйшым выкладчыкам (1970—1976), загадчыкам кафедрай «Эканоміка і арганізацыя сельскагаспадарчай вытворчасці» ў Вышэйшай партыйнай школе (з 1976), старшынёй калгасу «Чырвоны Сцяг» Валожынскага раёна (1984—1993).
Шарэцкі — апошні старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі (са студзеня 1996). У 1994—1999 гадах быў старшынёй створанай ім Аграрнай партыі Беларусі. Да канстытуцыйнага крызісу 1996 года партыя Шарэцкага была адной з найбольш масавых, у яе ўваходзіла 12 тысяч чалавек.
Сямён Шарэцкі эміграваў у 1999 годзе, жыў у Вільні да 2001 года. Літва прыняла яго як кіраўніка легітымнай улады Беларусі. Яму была прадстаўлена дзяржаўная ахова. З 2001 года жыве ў ЗША, у Каліфорніі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное