Филин

Сяргей Васілеўскі

Агееў: «Рана ці позна ў Беларусі з’явяцца магчымасці выпраўляць тое, што дзесяцігоддзямі рабіў сённяшні рэжым»

Юрыст – пра тое, чаму нават у сённяшняй безнадзейнай сітуацыі трэба імкнуцца рыхтаваць змены рэпрэсіўнага заканадаўства.

У беларускім заканадаўстве ўтрымліваецца значная колькасць нормаў, якія прадугледжваюць крымінальную і адміністрацыйную адказнасць за дыфамацыю — абразу і паклёп. Пра гэта гаворыцца ў чарговым, чацвёртым па ліку, аналітычным аглядзе, падрыхтаваным юрыстамі Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Гэтыя нормы неаднаразова рабіліся прадметам крытыкі праз тое, што яны празмерна абмяжоўваюць права на свабоду выказвання меркаванняў.

У папярэднія гады ўраду Беларусі былі адрасаваныя рэкамендацыі аб неабходнасці зменаў заканадаўства ў бок большага захавання правоў чалавека. У прыватнасці, у рамках трэцяга цыклу Універсальнага перыядычнага агляду ў 2020 годзе, падрыхтаванага БАЖ.

Як адзначаюць аўтары чарговага агляду, у перыяд 2020-2023 гадоў названыя рэкамендацыі не былі выкананыя. Больш за тое, ва ўмовах грамадска-палітычнага крызісу, які пачаўся пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020-га, рэзка ўзмацніліся жорсткасць як заканадаўства, якое ўсталёўвае абмежаванні права на свабоду выказвання меркавання, так і практыка прымянення дадзенага заканадаўства.

Абвінавачванні ў дыфамацыі сталі актыўна выкарыстоўвацца для пераследу палітычных апанентаў дзейнай улады, журналістаў і звычайных грамадзян, якія выказваюць нязгоду з дзеяннямі дзяржавы.

Тым не менш, юрысты БАЖ у чарговы раз выступілі з прапановай прыбраць з Крымінальнага кодэкса артыкулы аб паклёпе на чыноўнікаў.

Филин папрасіў пракаментаваць гэтую ініцыятыву юрыста, намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алега Агеева.

— Хоць такі зварот да ўладаў выглядае безнадзейным у сённяшніх умовах, чаму важна рабіць гэта, даносіць сваю пазіцыю?

— Рана ці позна ў Беларусі з’явяцца магчымасці выпраўляць тое, што дзесяцігоддзямі рабіў сённяшні рэжым. І, адпаведна, каб хутчэй і прасцей гэтыя змены адбываліся, трэба мець напрацоўкі і прапановы наконт таго, што будзе адпавядаць дэмакратычнай і прававой дзяржаве.

Таму, каб рэформы былі хуткімі, каб найхутчэй усё небяспечнае перастала працаваць, а ўсё добрае запрацавала як трэба, і неабходна распрацоўваць такія прапановы ўжо цяпер. Чым мы і займаемся.

— То бок, гэта праца хутчэй на будучыню і не з цяперашняй ўладай?

— Канечне. На сённяшні рэжым надзеі ніякай ужо няма.

— За апошнія тры гады сітуацыя ў сферы дыфамацыйных абвінавачванняў толькі істотна пагоршылася. Якога развіцця падзей варта чакаць далей?

— На жаль, гэтыя тэндэнцыі існуюць. Дзеючае заканадаўства, ягонае прымяненне, усё больш імкнецца да пагаршэння сітуацыі. Адпаведна, нейкіх чаканняў, што гэты рэжым можна памяняць не ў чорны бок, а павярнуць да святла, ні ў каго не засталося.

Таму, гэта хутчэй спроба дамаўляцца з уладамі новай Беларусі. Што, дарэчы, сёння не зусім зразумела — якімі яны будуць, ці будуць яны гатовыя да размовы па пытаннях, узнятых у нашых чатырох даследваннях.

Нельга пакуль казаць, што гэта нейкі компексны падыход да рэфармавання медыясектара. Гаворка пра кропкавыя моманты, на якія абавязкова трэба будзе звяртаць увагу пры рэфармаванні сферы медыя ў новай Беларусі.

***

Нагадаем, што паводле арт. 367 КК (паклёп на Лукашэнку) суддзёй Таццянай Шоцік на тры гады калоніі быў асуджаны партыйны актывіст Ігар Леднік, які памёр у зняволенні ў лютым 2024-га.

Палітвязня судзілі за публікацыю «Мiжнародна прызнаны нейтралiтэт Беларусi — гарантыя бяспекi у рэгiёне АБСЕ» ў партыйным часопісе БСДП «Пазіцыя».