Нам складана. У нас забралі краіну, гонар, мы перажываем вялікае гістарычнае прыніжэнне.
Алексіевіч: «Мне здаецца, Пуцін нас уцягне ў вайну»
Пакаленне старыкоў аказалася мацнейшае, а мы занадта спадзяваліся на чыстыя дэмакратычныя інстытуты, разважала пісьменніца. 28 лютага Святлана Алексіевіч сустрэлася з беларусамі Вільні. На падзеі прысутнічала і Наша Ніва — расказваем самае цікавае.

Сустрэчу з пісьменніцай зладзілі ў віленскім «Замку» — шэлтары арганізацыі Dapamoga. На гутарку з Алексіевіч прыйшлі былыя палітвязні, у тым ліку Паліна Шарэнда-Панасюк. У пачатку сустрэчы ёй падаравалі карціну — палатно ўручыла мастачка Наталля Борд, а ў выкупе актыўна паўдзельнічала Алексіевіч. Прыйшоў і літоўскі паэт Томас Венцлава.
Пісьменніца расказала пра кнігу, якую цяпер піша — гэта гісторыя 2020-га ў Беларусі і таго, як змяніліся беларусы. У дзень перад сустрэчай яна пагутарыла з Палінай Шарэнда-Панасюк — Святлана згадала гэта ў першыя хвіліны сустрэчы:
«Калі яна толькі выйшла, яна не казала пра нянавісць, яна казала больш словаў любові. Цяпер я вельмі шмат гэта чую, і гэта адзінае, што можа выцягнуць нас з пекла.
Усё гэта вельмі складана — складана гэта рэфлексаваць, з гэтым жыць і гаварыць пра гэта. Нам патрэбна шмат псіхалагічнай працы, але калі мы разам, яе лягчэй рабіць. Неяк не прынята ў нас было рэфлексаваць, камунізм і ГУЛАГ засталіся неадрэфлексаваныя, таму гэта ўсё і вяртаецца».
Святлана разважала пра тое, што светлая будучыня для беларусаў будзе не хутка, таму нельга паставіць жыццё ў чаканне:
«Трэба жыць, бо гэта тваё адзінае жыццё. Трэба любіць, трэба нешта рабіць у доме, каб было прыгожа, знаходзіць належныя словы для дзяцей, маладым трэба атрымліваць прафесію, вучыць замежную мову. Новай Беларусі патрэбныя будуць не толькі рэвалюцыянеры, нам будуць патрэбныя прафесіяналы».
Святлану спыталі пра 2020-ты — у чым памыліліся беларусы? Алексіевіч адзначыла, што вынікі пратэстаў нельга назваць поўнай паразай, бо «нешта вырасла ў нашым разуменні».
Пісьменніца жыла ў цэнтры Мінска і была сведкай маршаў:
«Ранкамі бачыла, як у 5 гадзін міма мяне праходзіць шмат ваеннай тэхнікі — нават тая, якую я ніколі не бачыла, а я бачыла шмат тэхнікі, калі была на вайне ў Афганістане. А потым ішлі шмат людзей. Яны былі вельмі прыгожа апранутыя — белыя сукенкі, вопратка, белыя кветкі, такая белая сутнасць — дабро, радасць, жыццё.
Калі чытаць фальклор, я бачу шмат дзіцячага ў народным успрыманні.
Не ведаю, як у нас засталося столькі ідэалістаў, што нас абараніла ў гісторыі. Для мяне стала загадкай, чаму ў 2020-м мы так выйшлі і думалі, што нас шмат, што Лукашэнка нас не ведаў, што мы зусім іншыя і адбудзецца транзіт улады.
Пісьменніца назвала наіўным спадзяванні на мірны транзіт — маўляў, для яе было зразумела, што гэты рэжым не сыдзе без крыві. Але беларусы, кажа Алексіевіч, зрабілі памылку і забыліся на гэта.
У 2020-м пакаленне старыкоў аказалася мацнейшае, разважае пісьменніца. Перамаглі не толькі іх танкі, але і іх светапогляд.
«Цяпер над намі вісіць пагроза грамадзянскай вайны, якую я вельмі баюся. Лукашэнка заганяе нас у вугал, западню. Ён не пакідае нам іншых шансаў. Я не Ванга і не магу прадказваць, прадказваць бессэнсоўна, таму што будучыня іншая. Хто з нас думаў, што мы будзем жыць за мяжой? Я хацела жыць дома і цяпер хачу, але жыццё павярнулася інакш. Магу сказаць адно — мне здаецца, нас чакаюць выпрабаванні. І трэба сябе да іх рыхтаваць».
На думку пісьменніцы, беларусаў магло б выратаваць новае пакаленне. Яна разважае, што калі б у нас было хаця б 5 гадоў у запасе, гэтае пакаленне падрасло б і беларусы сталі б іншымі. Тады наўрад ці з беларускім народам можна было рабіць тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі.
Але Святлана кажа, што сустрэчы з моладдзю даюць ёй надзею — час усё ж такі пераможа. І пры гэтым ёсць месца шкадаванню — час пераможа, але што тады з нашым жыццём?
Наступнае пытанне было пра марш правых ва ўсім свеце. У адказ Алексіевіч назвала аматараў дэмакратыі інфантыльнымі:
«Мы думалі, дэмакратыя сама па сабе дасць нам новае жыццё, а мы можам проста жыць і радавацца жыццю, як гэта было ў Еўропе, і не думаць, што дэмакратыю трэба адстойваць. Мы ўсе занадта спадзяваліся на чыстыя дэмакратычныя інстытуты, на тое, што яны будуць працаваць самі па сабе, а мы можам забаўляцца і жыць у сваё задавальненне.
Але не, кожны з нас не зрабіў тую працу, якая не дала б правым крочыць па ўсім свеце. Мы не хутка зможам даць гэтаму адпор, мы ў шоку і адчаі ад таго, што адбываецца, і эліта толькі пачынае перабудоўвацца, каб зразумець гэта. Каб супраціўляцца, трэба разумець, чаму і як супраціўляцца, патрэбны час гэта зразумець.
Адзін слухач адзначыў, што не можа згадаць, калі Алексіевіч выступала па-беларуску. Пісьменніца парыравала: такую заўвагу яна часта чуе. Свае творы, сваеасаблівую энцыклапедыю чырвонага чалавека, яна пісала 40 гадоў:
«Усе мае пяць кніг — пачатак і распад гэтай імперыі. Я ездзіла па ёй, і гэтая ідэя тады казала па-руску — на рускай мове тады казалі ва Украіне, у Таджыкістане, не кажу пра нашу частку. І таму так атрымалася, што 40 гадоў мая актыўная мова — руская. Я напісала гэтыя кнігі па-руску, і гэта нельга было казаць па-беларуску.
Беларуская мова зробленая на камернай прасторы. Гэта старая, добрая мова, паэтычная, я вельмі зайздрошчу, калі маладыя гутараць па-беларуску. Гэта вельмі прыгожа, але тое, што я рабіла, нельга пісаць па-беларуску».
Алексіевіч назвала сябе закладніцай рускай мовы. Пісьменніца расказала, што спрабавала пісаць па-беларуску і ведае беларускую мову, але адчула, што, калі піша па-беларуску, яна «не роўная сама сабе», таму што беларускай мовы даўно не было ў яе практыцы. Таму, на яе думку, рабіць нешта па-беларуску для яе было б не шчыра.
Пісьменніцы прапанавалі зараз жа перайсці на беларускую мову, яна адмовілася — маўляў, усё патлумачыла. Узяў слова паэт Томас Венцлава, і арганізатары абвесцілі, што хутка трэба сканчваць сустрэчу.
Скончылі на трывожным пытанні — ці ўцягнуць Беларусь у вайну. Вось што думае пісьменніца:
«Я не палітык, хаця я і чалавек гэтага часу. Я б не хацела казаць такія сумныя рэчы, але мне здаецца, што Пуцін нас уцягне ў вайну. Гэта маё прадчуванне, яно ж не абавязкова спраўдзіцца».
Тут пачнецца вялікая геапалітычная гульня. І мы на такім геаграфічным месцы, што нас могуць уцягнуць у вайну.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное