На базе чацвёртага курса я стварыў першую суполку БНФ. На гэты ж час прыходзіцца і першая «адсідка». Арыштавалі мяне за ўлёткі, якія клеіў на фасадзе нашага інстытута перад «Дзядамі» 1988 года. 15 сутак. Колькі іх будзе потым, я нават і не лічыў.
Алесь Пушкін: якім насамрэч быў гэты няскораны мастак, што ім рухала і чаму ён вярнуўся ў Беларусь на пакуты
11 ліпеня 2023 года праз неаказанне медыцынскай дапамогі ў турме памёр мастак і палітвязень Алесь Пушкін. Адзін з самых вядомых дзеячоў нацыянальнага руху, стаў яшчэ і адной з самых вядомых ахвяр рэжыма Лукашэнкі.
Мы з калегамі ведалі яго як гасціннага гаспадара, а ў СМІ замацаваўся вобраз Алеся Пушкіна як няскоранага мастака – таго самага, які вываліў гной ля рэзідэнцыі Лукашэнкі.
Але якім чалавекам ён быў? Што ім рухала? Наколькі шчырым ён быў у свах дзеяннях? І ці сапраўды Алесь Пушкін быў настолькі наіўным, што вярнуўся ў Беларусь, спадзяючыся, што пагроза турэмнага зняволення яго абміне?
Пра гэта даследванне «Салідарнасці».
Лілія Паўлава, аднакласніца Алеся Пушкіна, мастачка: «Саша прыйшоў да нас у Рэспубліканскую школу-інтэрнат імя Ахрэмчыка ці ў канцы 5-га класа ці ў 6-м. Гэта быў канец 1970-х. Камісія ездзіла па раёнах і заўважыла талент Алеся. Цыбаты, нязграбны, кароткастрыжаны, размаўляў на беларускай мове. Як хлопец з вёскі ён добра і не ведаў рускую – але быццам бы і вучыць не збіраўся».
Валянціна Якімовіч, сяброўка Алеся Пушкіна: «Бацька Алеся быў рэпрэсаваны ў пасляваенныя часы, а сына вырашыў аддаць на вучобу ў Мінск, бо бачыў як без цяжкой працы няблага жыве мастакаафарміцель у іх раёне».
Лілія Паўлава: «Вучыліся і жылі мы ўсе разам ў адным корпусе. Пад’ём а 7 раніцы, нас адразу выганялі на вуліцу на зарадку – і ў снег, і ў дождж. Затым амаль цэлы дзень вучоба: спачатку па школьных прадметах, пасля – па маляванні. Мальберты, фарбы – усё было, толькі малюй. Саша быў спакойны, разважлівы, павольны. Ціха сядзеў у сваіх думах і разважаў, апусціўшы вочы. Вельмі шмат чытаў.
Спачатку Саша нічым у творчасці не вылучаўся, наколькі я памятаю, праявіў ён сябе толькі ў 11-м класе. Думаю, на яго вельмі моцнае ўражанне зрабілі дзённікі Сальвадора Далі – відаць, ён шмат што ў яго ўзяў, у тым ліку эпатажнасць.
Памятаю, як Саша заявіў аднойчы: ну раз у мяне такое гучнае прозвішча, то і адпавядаць трэба – не магу я дрэнна маляваць. Змог паступіць у тэатральна-мастацкі інстытут, адкуль прызвалі ў войска. У далейшай творчасці Алесь праявіў сябе вельмі разнастайным мастаком».
Яраслаў Раманчук, эканаміст, служыў з Алесем Пушкіным у вучэбцы у Камышыне (Валгаградская вобласць): «Уяўляеце, на вуліцы 1984 год, а ён размаўляе па-беларуску. Наш узвод складаўся са студэнтаў беларускіх ВНУ, але нават для многіх з іх гэта было дзівацтвам. Яшчэ нас дзівілі спакой і разважлівасць Алеся. Пры канфліктах з прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцяў (звычайная справа для савецкага войска), ён выступаў міратворцам.
У адрозненне ад Алеся, мяне ў Афганістан не адправілі. Палічылі нядобранадзейным: сказалі, што раз я па нацыянальнасці паляк, то «вораг савецкага народу» (на слыху быў рух «Салідарнасць»), жартам нават абяцалі адправіць «да сваіх» у Сібір.
За што Алеся ў Афганістане маглі адпраўляць на гаўптвахту (Пушкін служыў механікам у верталётным палку і, па яго словах, сумарна набраў 28 сутак гаўптвахты, 10 з іх – за дзённік на беларускай мове – С)? Альбо сказаў праўду, альбо не хацеў прыніжацца. Ён быў супраць несправядлівасці і ў вучэбцы лёгка мог спакойным голасам сказаць афіцэру, што той няправы».
Валянціна Якімовіч: «Пасля службы Алеся выклікалі ў ваенкамат: вось вам медаль, вось вам ільготы – можаце прэтэндаваць на атрыманне кватэры па-за чаргой, і можаце ездзіць цягнікамі бясплатна па ўсяму Савецкаму Саюзу. Алесь швырнуў вайсковы білет, ад усяго адмовіўся, развярнуўся і сышоў. Разумеў, што гэта была жудасная памылка – вайна супраць чужога народу».
Валерыя Чарнаморцава, сяброўка Алеся Пушкіна, экскурсавод, стваральніца віртуальнага музея савецкіх рэпрэсій у Беларусі, былая палітзняволеная: «Алесь распавядаў, што ўпершыню даведаўся пра Беларускую Народную Рэспубліку ў канцы 1988 года. Ён знайшоў адпаведныя кнігі, паехаў да бацькі, залез на печ і вывучыў гісторыю БНР. На Дзень Волі-1989 ён зладзіў свой першы перформанс».
Валянціна Якімовіч: «Ён першы так гучна адзначыў Дзень Волі. Яго ўсе адгаворвалі – і талакоўцы, і іншыя: яшчэ лічаць, што бел-чырвона-белы сцяг – фашыстоўскі, пачакай, пакуль мы патлумачым. Дый страшна было, гэта ж 1989 год, СССР! »
За перформанс Алеся пасадзілі на 5 сутак, затым прысудзілі два гады зняволення ўмоўна, хацелі выгнаць з інстытута. Але ён быў лепшым студэнтам, атрымліваў стыпендыю ў 90 рублёў (у астатніях было 30). У яго, вясковага хлопца, нават англійскай мова была добрая.
Неяк пасля перформанса Алесь з хлопцам з малодшага курса пайшоў ў кафэ. Селі, п’юць гарбату. Тут заходзяць тры мардатыя дзядзькі ў скуранках: «Дай закурить». Алесь адказаў, што не курыць. «Пойдем выйдем». Алесь распавядаў, што адразу зразумеў – будуць біць. Але выйшаў, каб не падстаўляць малодшага знаёмага і не быць абвінавачаным у дэбошы ў кафэ.
На вуліцы яго збілі з ног, дубасілі ботамі. Як сыходзілі, сарвалі з грудзей срэбраны крыжык. А лісты з пагрозамі былі звычайнай справай».
Лілія Паўлава: «Калі Саша скончыў інстытут, то папрасіў размеркаваць яго ў Віцебск, горад Шагала і Малевіча. А мы з мужам якраз жылі ў Віцебску. Саша прыйшоў да нас у госці і яму вельмі спадабаўся стары чорны капялюш свёкара. Саша як надзеў яго, то пасля яшчэ доўга не здымаў – ледзь не ўвесь свой віцебскі перыяд – пакуль не змяніў яго на іншы, карычневы капялюш».
Валянціна Якімовіч: «Па прыездзе ў Віцебск зайшоў да куратара сферы культуры. «Ой, Саша Пушкін», – і працягвае яму руку. Алесь: «А я вам рукі не падам». «Чаму?» «Тамушта вы Сталіна і Леніна малявалі». «Саша, ну такі час быў». «А я ні ў які час іх не маляваў бы». І яму не было работы, і не было дзе жыць. Знайшоў толькі падвальнае памяшканне. Затое там было цёпла і вакно пачыналася ад асфальту».
Лілія Паўлава: «Тэатр Якуба Коласа, на сцэне выступаў сакратар па ідэалогіі абкама партыі. Шура кінуў у яго бульбінай і закрычаў: «Не трэба гаварыць адно, а рабіць другое». Але ўсе неяк хутка прывыкалі да эпатажнасці Сашы, быццам бы пагаджаліся з тым, што ён можа казаць усё, што пажадае. Яго жыццё ў Віцебску было вельмі яскравым, відаць у тым ліку і таму, што і час быў цікавым – вакол было паветра свабоды».
Святлана Бень, лідарка гурта «Серебряная свадьба», акторка: «Алесь заўсёды казаў, што думае, у незалежнасці ад таго, хто перад ім стаіць. Але ў яго гэта ўсё роўна выходзіла неяк па-добраму, не агрэсіўна. Разам з сабою Алесь Пушкін прывёз у правінцыйны Віцебск подых еўрапейскасці і незвычайнасці. Унутры Алеся (мы называлі яго «Пуша») было дзіўнае спалучэнне зямнога і нябеснага, сялянскага светапогляда і выкшталцонасці, багемнасці.
Я на той момант была яшчэ школьніцай, Алесь вельмі падтрымаў мяне пасля першага выступу на сцэне – без гэтага я можа б і не выйшла выступаць на другі дзень фестывалю. З таго часу мы пасябравалі.
Алесь быў для мяне старэйшым таварышам, ад якога я атрымала свае першыя веды па гісторыі і культуры Беларусі. Ён быў чалавекам-святам, які запальваў усё навокал. Ён як палкаводзец аб’ядноўваў людзей і вёў іх наперад, быў пастаянна апантаны рэалізацыяй той ці іншай ідэі. Вялікай падзеяй у маім жыцці на той момант стаў удзел у яго перформансе на Дзень Волі 1991 года: Алесь рухаўся з пышным шэсцем і аркестрам нібыта Хрыстос, а мы з сяброўкай вялі осліка, на якім ён сядзеў.
Мы шмат часу праводзілі ў яго майстэрні ў падвальным памяшканні, дзе ён працаваў і жыў. Калі выдзелілі памяшканне пад яго прыватную галэрэю ў 1993 годзе, мы з сябрамі як валанцёры ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы яе да адкрыцця».
Валянціна Якімовіч: «У яго ўсё было дзеля мастацтва і дзеля Беларусі, якую ён безмежна любіў і якую хацеў бачыць вольнай і беларускай. Жыў абы дзе, галадаў. Неяк заходжу да яго, ён кажа: «Хачу цябе пачаставаць». А на стале чатыры бульбіны. «Дзве табе, дзве мне», – кажа хлопец пад два метры ростам».
Лілія Паўлава: «Мне здаецца, што Шура ніколі не быў дарослым. Самае страшнае для яго было б тое, што пра яго забудуць. Ён пісаў праграму свайго жыцця і там усё павінна было быць сімвалічным. Неяк ён сказаў мне ў Віцебску: «Трэба абавязкова зайсці ў мясцовую мастацкую школу, прадставіцца і сказаць: дзеці, любіце сваю Радзіму і вы станеце знакамітымі мастакамі. Яны абавязкова запомняць, што ім сказаў Алесь Пушкін». І ён гэтак і зрабіў».
Аліна Нагорная, праваабаронца, аўтарка кнігі «Мова 404»: «Але і ён сам ставіўся да людзей як быццам бы да дзяцей: лічыў, што яны проста не разумеюць. А калі дзеці не разумеюць ці нават нешта дрэннае зрабілі, то складана злавацца на іх».
Святлана Бень: «Мне падаецца, Алесь хацеў, каб Беларусь успрымалі як жыццярадасную, энергічную, бадзёрую краіну – такой, як ён быў сам. Алесь заўсёды быў супраць тугі, падкрэсліваў прыгажосць у людзях. Людзі на яго партрэтах выглядалі высакародна і вытанчана, шляхетна і вольна».
Лілія Паўлава: «У маладосці ў Сашы ўсе жанчыны былі старэйшымі за яго і ўсё былі вельмі цікавымі, неардынарнымі асобамі. Інтарэс да яго быў зразумелы: неардынарны мастак вылучаўся з натоўпу. Пры гэтым Саша быў прамым. Я была сведкай, як ён казаў сваёй каханай: «Я не жанюся на табе, бо ты не беларуска, а мне патрэбна беларуска, каб мой род быў беларускі». У любых сітуацыях з боку Пушкіна не было ніякай гульні. Ён быў аднолькавым – што на людзях, што без чужых вачэй».
Валерыя Чарнаморцава: «Алесь быў чалавекам шырокай душы, шчырым вернікам, але, канешне, не без заганаў. У яго было, скажам так, дзіўнае стаўленне да жанчын, з якімі ён меў рамантычныя адносіны: Алесь лічыў, што тыя мусяць яго натхняць і нічога больш. Але з іншымі жанчынамі, як, напрыклад са мною, мог шчыра сябраваць.
Разам з тым у Алеся не было двайнога дна. Напрыклад, некаторыя людзі, калі дасягаюць пэўнага поспеху, пачынаюць унутры сябе дзяліць астатніх: вось гэтыя роўныя мне, а вось гэтыя – не. А для Алеся Пушкіна кожны чалавек быў для яго роўны».
Святлана Бень: «Закрыццё прыватнай галерэі «У Пушкіна» (здарылася з-за правядзення ў памяшканні «З’езда беларускіх нацыяналістаў» восенню 1996 года – С.) стала сімвалічнай падзеяй: стала відавочна, што да ўлады прыйшлі поскудзь, цемрашальства і паныласць, якія сталі распаўсюджвацца далей па краіне».
Лілія Паўлава: «Саша казаў, што чалавек павінен маляваць карціны там, дзе нарадзіўся. Ён набыў хату ў родным для сябе Бабры на вельмі прыгожым месцы – над ракой, згуляў там у 1997 годзе вяселле з Янінай, якая ведала гісторыю Беларусі і размаўляла на роднай мове».
Распісаў мясцовую царкву, дзе сярод грэшнікаў аказаўся Лукашэнка. Думаю, сям’я была месцам, дзе ён мог адпычыць і набрацца сілы».
Валерыя Чарнаморцава: «Ён вельмі любіў Яню. Вельмі перажываў, калі ў іх доўга не атрымлівалася нарадзіць дзяцей, але верыў, што гэта атрымаецца. Калі ў іх з’явіўся сын Міколка, Алесь быў самым шчаслівым чалавекам на планеце. Мы з сябрамі жартавалі, што нават нараджэнне сына атрымалася ў яго перформансам: Міколка з’явіўся на свет 29 лютага».
Аліна Нагорная: «Алесь быў вельмі шчаслівы гасцям у сваім доме – з неймаверным падворкам і прыгажэнным выглядам на рэчку. Яго шчырасць збівала з ног, ён умеў і натхніць, і рассмяшыць. Чаго толькі вартая прыбіральня з надпісам «дэпутацкі пакой».
Мяне найбольш уражвае маўчаньне – краіна гіне, а людзі нічога ня робяць, ходзяць, п'юць піва й гарэлку
Валерыя Чарнаморцава: «Чалавекам ён быў незвычайным, выходзіў за прынятыя рамкі. Вось адна з гісторый. За перформанс у Смаргоні ў гонар Расціслава Лапіцкага (быў растраляны за арганізацыю антыкамуністычнага падпольнага руху на Мядзельшчыне і Смаргоншчыне – С.) Алеся пакаралі суткамі. Мы з сябрамі паехалі сустракаць яго, набралося каля 20 чалавек. На сутках Алесь звычайна галадаў, таму мы чакалі, што пасля вызвалення пойдзем у кавярню есці.
І вось ён выходзіць, яму апранаюць на галаву вянок (сяброўка спляла па дарозе з жоўнай кляновай лістоты) і Алесь заяўляе: я пакуль сядзеў, падумаў, што ў Смаргоні на плошчы замест помніка Леніна павінен стаяць помнік Лапіцкаму. І паказвае эскіз, што намаляваў за кратамі.
І што вы думаеце? Пушкін вядзе шэсце ў Смаргонскі райвыканкам, ледзь не нагою адчыняе дзверы, каб прапанаваць сваю ідэю. Усе ў шоку – і мы, і ў райвыканкаме. Двухметровага чалавека ў вянку ніхто не рашаецца спыніць, ён заходзіць у кабінет старшыні райвыканкама, дзе з ім сутыкаецца ашаломлены Мечыслаў Гой (будучы «мэр» Гродна). Усіх акрамя Пушкіна, праўда, з кабінета выгналі. Праходзіць час, выходзіць Алесь: старшыня райвыканкама не ацаніў маю ідэю, ладна, пайшлі ў рэстарацыю есці».
Аліна Нагорная: «Алесь быў вельмі добрым чалавекам у самым прамым значэнні гэтых словаў. Калі мы неяк сустрэліся ў адным беларускім горадзе, дык мой знаёмы без задняй думкі распавёў Алесю, што тут пахаваны чалавек, якія шмат змагаўся за беларушчыну, але, на жаль, зараз яго магіла ў занядбаным стане. Алесь адразу загарэўся ідэяй выправіць сітуацыю, агледзеў помнік на могілках, і праз нейкі час вярнуўся, каб добраўпарадкаваць месца. І ўсё з-за выпадковай размовы з незнаёмым яму чалавекам».
За 10 год ні адна дзяржаўная структура, ні лясніцтва, ні райвыканкам, ні школа, не набылі маю карціну. Толькі прыватныя людзі, касцёл і царква.
Валерыя Чарнаморцава: «Алесь хацеў жыць у вольнай Беларусі і самае дзіўнае, што яму ўдавалася жыць у ёй. Якія б не былі часы ў краіне, над яго хатай заўсёды вісеў бел-чырвона-белы сцяг. Алесь заўсёды святкаваў 25 сакавіка, 15 ліпеня, 8 верасня, Купалле, Раство.
У Алеся была прынцыповасць, але не было нянавісці – нават да міліцыянераў, якія яго затрымлівалі. Алесь рабіў перформансамі нават свае арышты. Ён, як і Павел Севярынец, вельмі незвычайна размаўляў з міліцыянерамі. «Таварыш лейтэнант, вы ж разумеце, што ў вольнай Беларусі вы будзеце адказваць за свае дзеянні». І вымаўляў гэта ласкавым, прымірэнчым голасам».
Аліна Нагорная: «Алесь распавёў мне, як 11 жніўня 2020 года позна ўвечары рушыў з плакатамі (адзін з іх быў пра дзяржаўнасць беларускай мовы) у бок стэлы «Мінск – горад-герой» – яго здымаў відэааператар. Па дарозе Алеся затрымалі і адвезлі на Акрэсціна. Калі распраналі, знайшлі ў таемнай кішэні загадзя падрыхтаваны зварот на выпадак суда. Дэкларацыя на беларускай мове іх вельмі разлавала, голага Алеся сталі пры ўсіх дэманстратыўна збіваць. Прыкладна да сёмай раніцы яго трымалі ва ўнутраным дворыку на каленях у позе эмбрыёна».
Валерыя Чарнаморцава: «Сустрэла яго на маршы ля Нямігі. Алесь ішоў з іконай – як звычайна вясёлы, на пазітыве. Паказаў жахлівы сіняк на сваім целе. Але Алесь быў натхнёны, радаваўся, што людзі прачнуліся».
Лілія Паўлава: «Алесь цёпла да мяне адносіўся, але калі мы яшчэ ў 90-х з’ехалі з мужам з Беларусі, то пісаў нам: здыміце значкі з бел-чырвона-белым сцягам, вы не маеце права іх насіць, раз вы з'ехалі – вы здраднікі, чалавек павінен жыць на Радзіме, а яго дзеці яго павінны гаварыць на беларускай мове. Ён стаў закладнікам сваіх ідэй. Нават ведаючы, што яго чакае ў Беларусі, Алесь вясной 2021 года не мог застацца за мяжою, таму вярнуўся і прыняў пакуты».
Уладзіслаў Макавецкі, былы палітзняволены, мастак: «На красавік 2022 года я адседзеў у калоніі «Воўчыя норы» у Івацэвіцкім райне больш за год. Алесю пашчасціла, што там яго ўжо чакалі мы, палітзняволеныя, дасведчаныя ў парадках. У іншай сітуацыі яму прышлося б нашмат цяжэй.
Калі я навучаўся ў Віцебску на мастака, то выкладчыкі, ведаючы мае погляды, распавялі пра існаванне Алеся Пушкіна – так я ўпершыню даведаўся пра яго. У пачатку 2020 года мы з ім пазнаёміліся асабіста. А ў 2022-м мы амаль штодзень бачыліся на промцы.
Алесь не мяняўся. Заўсёды быў на пазітыве, жартаваў. Пры тым, што добра разумеў: ён за кратамі надоўга. Адзінае – людзі, якія перасякаліся з ім у СІЗА распавядалі, што перад самым судом за партрэт Яўгена Жыхара (камандзір антысавецкага партызанскага атрада на Пастаўшчыне – С.) гумар у Алеся знік, ён перажываў не самы просты псіхалагічны момант. А ў калоніі Пушкін заўсёды жартаваў з супрацоўнікамі і адміністрацыяй калоніі. Было ўражанне, што ён увогуле нічога не баіцца. Мяне гэта нават палохала, бо я ж разумеў, што можа здарыцца ўсякае.
Не раз і не два хапаўся за галаву ад дзеянняў Алеся. Раскажу адзін з эпізодаў: ён маляваў падрабязную мапу калоніі – дзе хто знаходзіцца, дзе якія ўваходы і выхады і г.д. Я тлумачыў: «Алесь, ты ж на яшчэ адзін артыкул заробіш, калі нехта здасць цябе». Абдумаўшы сітуацыю, ён хацеў гэтыя малюнкі іншым хлопцам перадаць, яны, канешне, у шоку былі: «Ты што, нас закрыюць разам з табою». І смешна, і страшна.
Алесь працаваў на металаапрацоўцы: здымаў ізаляцыю з меднага дроту. У залежнасці ад цяжкасці працы трэба было выдаць некалькі кілаграмаў за змену. Алесю няпроста прыходзілася, я дапамагаў яму, бо працаваў грузчыкам, нормы ў мяне не было. Ён узгадваў пра ўсіх сваіх дзяцей – і ў шлюбе, і па-за ім. Больш за ўсё пра сына распавядаў.
Яшчэ Алесь задарма маляваў партрэты людзей. Я казаў: Алесь, бяры хоць што за працу (можна было дамовіцца на цыгарэты, каву, гарбату), ён адмахваўся: мне ж усё роўна няма чаго рабіць. Але ж іншыя мастакі на зоне так зарабляюць на жыццё. Атрымлівалася, што Алесь забіраў у іх кліентаў, якія ішлі да таго, хто нічога з іх не браў. Было непаразуменне.
Але 90% зэкаў добра да яго ставіліся. Алесь быў гатовы выконваць неабходныя правілы ў калоніі. У ШЫЗА трапляў толькі таму, што ён Алесь Пушкін. Яму ў адміністрацыі казалі: мы перамаглі ў Вялікай Айчыннай вайне, а ты антысаветчыкаў малюеш, пайшоў супраць нашых дзядоў.
Аднак Алесь ніколі дрэннага слова пра адміністрацыю не казаў. Я іх мог назваць непрыгожымі словамі, а Алесь: «Што ты такое кажаш, гэта ж нашыя беларусы. Так, яны кепска паводзяць сябе, а ты падумаў, што ў іх дзеці малыя могуць быць, ім жа трэба іх неяк карміць, трэба дзесьці працаваць».
Алесь не ставіў сябе так: што вось ёсць ён, мастак, які жыве ў Бабры, і ёсць асобна нейкі беларускі народ. Алесь не адлучаў сябе ад народу. Казаў: «Вось паехалі яны за мяжу, што яны там будуць рабіць? Так, трэба пасядзець, а як інакш, збегчы з краіны? Усё жыццё маляваў карціны пра Беларусь, а пасля адрокся і збег з краіны? Будуць тады пра мяне казаць: а, Пушкін збег, паглядзіце, ён сядзіць за мяжою і нікому не патрэбны». І усё гэта як звычайна казаў з усмешкамі, з гумарам.
Але ў яго не было стаўлення, што вось ён тут пагуляе ў гульню з пакутамі, а пасля ўсё абавязкова будзе добра. Алесь неаднойчы казаў: можа быць і такое, што ён адсюль ужо не выйдзе. Разумеў усю сур’езнасць сітуацыі. І дадаваў: калі нешта са мною здарыцца, ты выйдзеш і усім раскажаш, што адбылося – што гэта не я з сабою зрабіў».
Аліна Нагорная: «Многія успрымалі Алеся як сімвал Беларусі, як апошні бастыён. Калі яго не стала, нават тым, якія не ведалі яго асабіста, стала балюча. Мы з сям’ёй хаваліся ад сілавікоў, але раніцай у дзень пахавання Алеся я вырашыла ўсё ж паехаць на развітанне з ім. Нягледзячы на мой маскарад, адзін чалавек пазнаў мяне і сказаў, што я не павінна там быць.
Падумалася: наколькі усё страшна стала ў Беларусі, калі небяспечна нават развітацца з чалавекам».
Валерыя Чарнаморцава: «Кажуць, карціны Алеся не былі геніяльнымі. Але само яго жыццё было мастацкім перформансам – зробленым для Беларусі. У памяці і сэрцах людзей Алесь назаўсёды застанецца героем, які прысвяціў свой лёс Бацькаўшчыне і аддаў сваё жыццё дзеля яе свабоды. У будучыні праспект імя Пушкіна ў Мінску пераназываць не спатрэбіца».
Читайте еще
Избранное