Анхела Эспіноса Руіс: «Беларусы блукаюць, каб знайсці лепшую дарогу наперад»
Беларуская паэтэса гішпанскага паходжання Анхела Эспіноса Руіс распавяла «Салідарнасці» пра тое, як мянялася зацікаўленасць еўрапейцаў беларускай рэчаіснасцю пасля 2020-га, адкуль у іх кардынальна супрацьлеглыя думкі пра беларусаў, і чаму спраўдзілася яе меркаванне пра Лукашэнку яшчэ 10-ці гадовай даўніны.
Гішпанская кроў і беларускае сэрца – так кажуць блізкія знаёмыя пра Анхелу, якая нарадзілася ў Малазе. У год заканчэння школы Руіс стала лаўрэатам журналісцкай прэміі «Беларусь у фокусе», а праз некалькі год апублікавала зборнік вершаў «Раяль ля мора» ў Мінску і электронны зборнік «Памяць пра будучыню».
З сакавіка 2016-га паэтэса з’яўляецца ганаровым членам Саюза беларускіх пісьменнікаў. Перакладала на гішпанскую Максіма Багдановіча, яе вершы друкаваліся ў беларускіх часопісах. У 2019-м стала лаўрэаткай літаратурнай прэміі Міхася Стральцова, пасля чаго выйшла кніга найлепшых твораў «Колер крылаў».
Чатыры гады таму паспяхова абараніла доктарскую на тэму «Сімвалізм народнага паходжання ў прозе Яна Баршчэўскага і Густава Адольфа Бэкера». Не дзяўчына – вундэркінд!
– Анхела, зараз вы жывеце ў Польшчы, выкладаеце беларускую мову і літаратуру ў Варшаўскім універсітэце. Ці змянілася стаўленне да беларускай мовы? Можа, адчуваецца большая зацікаўленасць беларушчынай?
– Адчуваецца ва ўніверсітэце. Стала і больш беларусаў, і больш палякаў, якія палітычна ангажаваныя. Адчуваецца, што людзі сочаць.
Але меркаванні людзей – даволі зменлівая штука. Людзі капрызныя, маюць праблемы з доўгатэрміновай памяццю. Шмат хто ўвогуле нічога не ведае пра Беларусь.
Таму вельмі цяжка назіраць, як пераходзіць сітуацыя ад таго, што «беларусы змагаюцца, яны героі, за сваю краіну сядзяць у турмах, пераязджаюць, але працягваюць дзейнічаць» да іншай: «Ну вось, яны нічога не зрабілі, калі пачалася вайна! Беларусы – не народ!». Стаўленне змяняецца літаральна за тыдні.
У такіх выпадках я кажу: «Людзі, напэўна, вы не сочыце вельмі блізка за беларускай сітуацыяй». Асабліва ў Польшчы, Літве і іншых краінах непадалёк, дзе людзі ўжо знаёмыя з дынамікай савецкай і постсавецкай прасторы, трохі дзіўна, што папулярнае меркаванне можа быць такім нестабільным. Гэта адчуваецца і ва ўніверсітэце, і на вуліцы, і наогул у грамадстве і дзеяннях палітыкаў.
Але, як казаў Харукі Муракамі, рэчаіснасць ёсць толькі адна. І мы павінны дзейнічаць у яе рамках і працягваць сваю справу.
– Што вы маеце на ўвазе?
– Мне ўсё адно, калі навокал мяне людзі думаюць, што я дапамагаю нейкім надзвычайным героям за мір ва ўсім свеце, ці, наадварот, што я дапамагаю народу, які гэтага не заслугоўвае. Мне ўсё адно, як на гэта глядзяць людзі, якія не звязаны з беларускай культурай, літаратурай і гісторыяй.
Я стараюся неяк уплываць на такія меркаванні, але не дазваляю, каб яны уплывалі на маю дзейнасць.
Я не дазваляю сабе адчайвацца з-за таго, што цяпер беларусаў нібыта не любяць. Калі нехта папулярны гаворыць, што беларусы дрэнныя, я не дазваляю сабе пагаджацца.
«Часам выглядае, што мы ходзім нейкімі коламі невядома куды»
– Апошнія тры з паловай гады пераламалі жыццё многіх беларусаў. Ці змянілася ваша стаўленне да Беларусі і беларусаў за гэты час?
– Не змянілася. Я гляджу на беларусаў з захапленнем, як і 10 гадоў таму.
Я заўсёды ведала, што беларусы – не нейкія міфічныя героі, але і не самыя апошнія людзі. Гэта народ, які дагэтуль шукае свой шлях, можа быць, трохі ў цемры, можа быць, з перашкодамі, але ўсё роўна ідзе наперад. Хаця часам выглядае (і гэта тычыцца не толькі беларусаў), што мы ходзім проста нейкімі коламі невядома куды.
Амаль любы шлях не выглядае проста лініяй. Нават жыццёвы. Мы блукаем нават, калі па горадзе шукаем як дайсці з пункту А ў пункт Б. Бывае, што каб аказацца наперадзе, спачатку вяртаемся назад. Але, можа, толькі для таго, каб знайсці лепшую дарогу наперад? Так – блукаем, так – будзе даўжэй, але галоўнае – дайсці.
– Як вы ацэньваеце дзеянні і намаганні беларусаў ў барацьбе за сваю свабоду? Некаторыя ж бачылі ў беларусах памяркоўных і ціхенькіх.
– Гэта каланіяльныя стэрэатыпы, іх навязвала не только Расія, як імперыя, гэта рабілі французы, гішпанцы, ангельцы. Аўтарытэтам «старэйшага» брата акрэслівалі так бы мовіць меншую нацыю. Перамешвалі дрэнныя і пазітыўныя стэрыатыпы, каб «малодшы» брат мог лягчэй паверыць у кепскае.
Прывяду непаліткарэктны міф пра чорнаскурых людзей (але я ўсё роўна скажу, бо гэта апісана ў Сартра), што яны фізічна вельмі моцныя, вельмі добра танчаць, аднак інтэлектуальна – нібыта не вельмі... І вось гэта «памяркоўна-мірна-пасіўныя беларусы» – гэта пра тое ж. Такая формула, каб беларусы самі ў гэта паверылі і пачалі дзейнічаць менавіта так. Але ў гэта не трэба верыць.
«Я ведала, што беларусы здольныя пратэставаць, здольныя выйсці, здольныя выказацца»
– Я памятаю падзеі 2020-га, і гэтыя ўспаміны грэюць сэрца. Я вельмі ўзрадавалася, што Беларусь з’явілася ў інфармацыйнай прасторы, і што мае сваякі і сябры ў Гішпаніі, знаёмыя ў Польшчы, іншыя людзі пачалі бачыць тое, што я заўсёды бачыла. Я ведала, што беларусы здольныя пратэставаць, здольныя выйсці, здольныя выказацца.
Тыя падзеі даказваюць, што ў беларускай нацыі ёсць сэрца, яно б’ецца с жарсцю. Ёсць свая душа, унікальная.
– Некаторыя расчараваліся ў беларусах, ды і самі мы калі-некалі, а лічым сябе бесхрыбетнымі.
– Вельмі лёгка глядзець назад і казаць, што «гэтыя людзі пратэставалі не так». А чаму ж вы такія разумныя тады не сказалі, як трэба і як будзе лепей? А зараз крытыкуеце ў сваім фейсбуку ці твітэры.
Зараз вельмі лёгка казаць «тут памылка і там памылка». У гішпанскім фальклоры гэта называецца «эксперт па збіранню гаўна ўночы». Прабачце, за неветлівае слова, але гэта сапраўды так выглядае. Трэба было ўзяць лідэрства ў свае рукі і кіраваць народам.
Я не скажу, што гэта марны досвед, гэта таксама навука. Так, эфекты не тыя, як мы хацелі. Але ўсё ж такі стаўленне людзей да сябе змянілася ў лепшы бок, і гэта ўжо вынік. «Лукашэнка не сыйшоў – гэта не той вынік». Ну, наступным разам зробім інакш.
– Можа, ёсць гісторыя таго часу, якая зачапіла ваша сэрца і пачуццё справядлівасці больш за іншыя?
– Гэта будзе банальны адказ і, можа, не самая мудрае рашэнне, як цяпер усе бачаць. Але мяне моцна ўразіла, калі Марыя Калеснікава парвала свой пашпарт, прынцыпова не хацела, каб яе вывезлі з Беларусі.
Так, вынік – яна ў турме, невядома як там жыве, пачуваецца, хварэе ці не. Але сам сымбаль – парваны пашпарт застанецца ў калектыўнай памяці ўсёй Беларусі і ў тым ліку ў маёй, як частцы гэтага асяроддзя. Для мяне гэта было вельмі моцна.
Але я і добра разумею, што заўсёды знойдзецца той, хто крытыкуе. Незалежна ад таго, парвем мы свой пашпарт ці не, з’едзем з краіны ці застанемся.
Аднак ведаю і іншае: ніхто, нават самы буйны крытык не ведае, якое рашэнне прыме сам ў экстрэмальнай сітуацыі.
«Зборнік «13 сутак» я зрабіла, каб дапамагчы сабе і людзям, якія чакаюць блізкіх, не зварʼяцець»
– Пасля падзеяў жніўня 2020-га вы выдалі зборнік вершаў «Трынаццаць сутак». І напісалі ў інстаграме, што ён «прысьвечаны каханаму чалавеку, які сядзеў у турме па адміністратыўнай справе. Маленечкі, сціплы, але шчыры — задуманы як праменьчык надзеі для ўсіх тых хто сядзеў, сядзіць, чакаў блізкага, або яшчэ чакае». Дадаўшы, што такім чынам спрабуеце дапамагчы тым, «каму патрэбнае добрае (і прыгожае) слова ў жыцці, каб не зварʼяцець. Як і мне дапамагло само стварэньне зборніка».
Можаце распавесці, за што блізкі чалавек атрымаў тады 13 сутак, і якія былі водгукі пасля выхаду зборніка?
– Я адкажу матэматычна – 23.34, як і многія іншыя беларусы.
Што датычыцца зборніка, я его не прадавала, а раздавала сябрам і знаёмым. Тады я актыўна супрацоўнічала з Байсолам, з Вясной, проста раздавала свае вершы добрым людзям. Таму падазраю, што водгукі пазітыўныя, бо ў такіх сітуацыях апынулася вельмі шмат людзей. Атрымаўся адзін агульны боль беларускай нацыі.
Цяпер я рыхтую новы зборнік, называецца ён «Астралябія Божых таямніц». Гэтая кніга больш творчая, але і там не без рэвалюцыйнага настрою (усьміхаецца).
Цяпер кніга ў дызайнеркі Кацярыны Пікірэні. Калі будзе зроблены макет, вырашу, з якім выдавецтвам супрацоўнічаць. У Польшчы зараз цэнтр беларускага кнігавыдання: хто яшчэ не пераехаў, то збіраецца.
Беларуская культура і літаратура – вельмі багатыя насычаныя сферы, у якія варта паглыбляцца, каб шмат чаму навучыцца. Зараз я па-новаму перачытваю беларускую літаратуру, асабліва нашаніўцаў, але не толькі.
– У 2013-м у інтэрв’ю вы казалі, што «улада разбэсціла Лукашэнку», які на той момант быў прэзідэнтам Беларусі 19 год. Што б вы дадалі да таго адказу сёння?
– Гэта напэўна адзін з рэдкіх выпадкаў, калі маладая я мела рацыю. Гэта зразумела, бо чалавек занадта доўгі час знаходзіцца ва ўладзе.
І гэта не толькі пра палітыку. Гэта нядобра нават для самай скромнай валанцёрскай арганізацыі.
Калі чалавек столькі часу знаходзіцца ва ўладзе, нічога не змяняецца, ўсё робіцца паводле таго, што ён кажа – унутры пачынаецца карупцыя. Вядома змены – гэта добра і гэта адна з перавагаў дэмакратыі.
«Бацькі прывыклі, што я трошачкі вар’ятка»
– Як вас змяніла жыцце ў Варшаве? Чаго не хапае з таго, да чаго прызвычаіліся на Радзіме?
– Людзі часта жартуюць, што мне занадта холадна, што я хадзіць па лёдзе не ўмею (і гэта праўда). Калі чуеш гэта 100 разоў, ужо не так смешна. А чаго не хапае – сонечнага святла.
Але астатняе мне падабаецца, я люблю і польскую, і беларускую культуру. У мяне добрая праца і сябры, я задаволеная. Зразумела, што чагосьці не хапае, але, калі я вярнуся на Радзіму, мне таксама чагосьці будзе не хапаць з Варшавы.
Трэба цешыцца тым, што ёсць, а не думаць пра тое, чаго няма. Інакш усё жыццё будзеш сумаваць. Так, ад хаты маіх бацькоў да мора літаральна 300 метраў. Але ж, калі я буду ў роднай Малазе, я, напэўна, захачу пабачыць, як падае снег у Варшаве.
– Што вашы бацькі на гэта кажуць?
– Я даўно жыву асобна ад бацькоў. Яны прывыклі, што я трошкі, можа, вар’ятка, што люблю жыць вось у такіх умовах. Яны спакойныя, што я ў Варшаве, што ў мяне сваё сацыяльнае кола, што я задаволеная.
– У вас ёсць фота з рознымі беларусамі, у тым ліку з паэтам Уладзімерам Някляевым, спеваком Лявонам Вольскім. Ці з’явіліся ў вас у Варшаве беларускія сябры?
– У мяне заўсёды былі беларускія сябры. Але раней многія з іх жылі ў Беларусі, а зараз яны пераехалі ў Варшаву.
Цёплыя адносіны з Някляевым, ён для мяне свойго роду літаратурны ментар. З Андрусём Такідангам мы сустрэліся, фоткаемся. Я люблю яго песні, ён, аказваецца, любіць мае вершы.
Добрыя адносіны з Ігарам Палынскім з гурта Sumarok, які цяпер у Беластоку.
Люблю бываць на мерапрыемствах беларусаў Варшавы, іншых гарадоў. Некаторыя студэнты пазней становяцца сябрамі. Некаторыя сябры – маімі студэнтамі, выбіраючы беларускую філялёгію.
«Чалавек застаецца адзін у сваім асяродзі, якога ўжо няма. І жыве сярод прывідаў былой актыўнасці»
– Вы сябравалі з беларусамі яшчэ да іх пераезду ў Варшаву. Зараз яны побач, для многіх вымушаная эміграцыя – гэта боль і дэпрэсія. Як перажыць адарванасць ад Радзімы, што раіце, вы ж таксама далёка ад дома?
– Я дапамагала сябрам пераязджаць адміністрацыйна ці тэхнічна. Для некаторых эміграцыя – гэта вялікае гора. Для іншых напачатку вялікая эйфарыя, але потым усё ідзе на спад. І вельмі цяжка прадказваць, калі гэта здарыцца і ці здарыцца.
Некаторыя ўвогуле не хочуць пераязджаць, трымаюцца Беларусі, з большай ці меншай рызыкай. І гэта таксама трэба паважаць. Гэта таксама боль, бо навокал шмат хто з’ехаў, чалавек застаецца адзін у сваім асяроддзі, якога ўжо няма. І жыве сярод прывідаў былой актыўнасці.
Я гатовая падтрымаць, дапамагчы і выслухаць. Але я чакаю, што сам чалавек скажа, што яму сёння ад мяне трэба.
Часам і я прапаноўваю нейкія агульныя рэчы, калі чалавек толькі пераехаў. Можа прыгатаваць ежу, можа, «ну давай на піва пойдзем для агульнага настрою».
Але я баюся падыходзіць да гэтага неяк метадычна, бо я не псіхатэрапеўтка, і не магу аказаць прафесійную дапамогу. Сяброўская праца мае свае абмежаванні, і гэта добра, бо да такой вялікай адказнасці трэба падыходзіць падрыхтаваным.
– Што дапамагае вам, калі накрывае туга па Радзіме?
– Я іду ў гішпанскую рэстарацыю. Тут ёсць і беларускія кавярні. Можна схадзіць на культурныя мерапрыемствы. Можна сустракацца з гішпанцамі і беларусамі.
Вельмі добра сустракацца з міжнароднымі кампаніямі, дзе не ўсе гішпанцы ці беларусы. Гэта таксама дае новую перспектыву: як іншыя людзі глядзяць на жыццё за мяжой.
Але ў выніку – прызнаюся – мне вельмі дапамагае веданне, што я магу вяртацца дадому. У любую хвіліну. Я магу ўзяць водпуск на працы і паляцець у родную Малагу. Такой магчымасці ў многіх беларусаў няма. Гэта вельмі цяжка, я гэты боль нават не магу пачаць усведамляць.
Чалавек увогуле мала ведае. Наша жыццё вельмі кароткае для таго, каб дасягнуць рэальнай мудрасці. Чалавек пачынае нешта разумець – і неўзабаве памірае. Калі яшчэ пачынае разумець...
Трэба слухацца сябе, глядзець у сваё сэрца. Нават калі там знаходзіцца гэты боль, на які мы не хочам глядзець. Але трэба – дзеля таго, каб зразумець, што дапаможа менавіта нам. Гэта вельмі асабістае і нават інтымнае пытанне, на якое, каб захаваць сябе, абавязкова трэба знайсці адказ.
Читайте еще
Избранное