Комментарии

Ірына Марозава

«Асноўным ворагам у галіне крымінальнага права, як улады яго разумеюць, з’яўляюцца «экстрэмісты»

Адвакат, палітык Алесь Міхалевіч — пра папраўкі ў заканадаўстве РБ датычна крымінальнай адказнасці для беларусаў замежжа.

Беларускія дэпутаты прынялі цэлы шэраг паправак у крымінальны і адміністрацыйны кодэксы. Новы законапраект пераглядае адказнасць па 97 складах злачынстваў.

Ёсць паслабленні — напрыклад, для бацькоў няпоўнагадовых дзяцей альбо дзяцей з інваліднасцю, менш жорсткімі плануецца зрабіць пакаранні па некалькіх «наркатычных» артыкулах. З іншага боку, з’явяцца новыя крымінальныя артыкулы — у прыватнасці, за «пагрозы былому прэзідэнту».

Апроч таго, улады мяркуюць пашырыць кола артыкулаў за злачынствы, здзейсненыя па-за межамі краіны. У гэтым пераліку, паведамляе прэс-служба ніжняй палаты беларускага парламенту — «злачынствы тэрарыстычнай скіраванасці», «дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь», «знявага альбо паклёп» на Лукашэнку, «здзек з дзяржаўных сімвалаў».

Рызыкі пераследу для беларусаў замежжа павялічваюцца?

— Думаю, што рызыкі не павялічацца, — зазначае ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» Алесь Міхалевіч, чалец Чэшскай палаты адвакатаў, — краіны Еўрапейскага Саюза як не экстрадавалі ў Беларусь, так і не будуць экстрадаваць.

Алесь Міхалевіч

Маё асабістае меркаванне — гэтыя папраўкі звязаныя з тым, што дзяржава хоча вызваліць месцы ў СІЗА, папраўчых калоніях і гэтак далей для «палітычных», бо працэнт палітычных настолькі павялічыўся.

І гэта не пра тое, што дзяржава клапоціцца, каб у людзей былі добрыя ўмовы ўтрымання — зусім не. Яна проста лічыць, што асноўным ворагам у галіне крымінальнага права, як яны яго разумеюць, з’яўляюцца «экстрэмісты» і тыя людзі, якія палітычна заангажаваныя, якія ставілі лайкі, удзельнічалі ў пратэстах.

Таму і хочуць зменшыць колькасць злачынцаў, скажам так, агульных, якія караюцца турэмным зняволеннем — каб гэтыя месцы можна было эфектыўна пераразмеркаваць для ўтрымання палітвязняў.

— Наколькі, на ваш погляд, гэта інструмент запалохвання, — маўляў, у нас доўгія рукі, нават за мяжой бойцеся?

— Безумоўна, гэта інструмент запалохвання таксама, яны гэта ўвесь час практыкуюць. І гэта таксама сігнал, што звычайныя крымінальныя артыкулы пераглядаюць у бок памяншэння пакарання, але «экстрэмістаў» гэта не датычыцца. І «экстрэмізм» — асноўнае злачынства», з якім афіцыйны Мінск будзе змагацца.

— Якія юрыдычныя парады можна даць беларусам замежжа, апроч самай відавочнай — узважваць усе рызыкі, калі вы хочаце вяртацца ў Беларусь?

— Я даваў бы перадусім параду не вяртацца ў Беларусь. І ўвогуле пазбягаць тых краін, які падтрымліваюць базу вышуку СНД — гэта перш за ўсё Расія, Казахстан і Сярэдняя Азія, але таксама і Арменія з Азербайджанам. І памятаць пра тое, што да гэтага часу людзей саджаюць за удзел у пратэстах, саджаюць за лайкі, вельмі шмат затрымліваюць на мяжы.

Таму варта ўзважваць свае дзеянні — і не рызыкаваць, калі можна. Калі гэтая рызыка сапраўды апраўданая, то я раіў бы правяраць расейскую базу федэральнага вышуку — калі чалавека ў ёй няма, адпаведна, гэта зусім іншая рызыка ўязджаць у Беларусь праз Расею. Бо ўсе крымінальныя спісы, паметкі, паводле якіх чалавека адпраўляюць на кантроль «другой лініі», у Расіі не дзейнічаюць.

То бок, чалавек, прыязджаючы ў Расею, будзе арыштаваны толькі тады, калі на яго ўжо ёсць крымінальная справа. А ў Беларусь, калі ехаць наўпрост, пры пераездзе мяжы вельмі шмат людзей з пазнакамі «э» («экстрэмізм», такія ставіліся ўсім тым, хто адседзеў за Плошчу) трапляюць на кантроль «другой лініі», у іх правяраюць мабільныя тэлефоны. І з вялікай доляй верагоднасці саджаюць па меншай меры на «суткі», а пасля іх нярэдка людзі ўжо не выходзяць, бо атрымліваюць крымінальную справу.

Нават калі вы вельмі хочаце проста пабачыць родных і пабываць на магіле бацькоў — лепш, на мой погляд, не ехаць. Падставай для паездкі можа быць, калі з блізкімі штосьці сур’ёзнае, альбо трэба тэрмінова аформіць даверанасць для продажу нерухомасці і г.д. Аднак і тут без неабходнасці рызыкаваць не варта. Лепш выдаткаваць дадатковыя грошы і прыехаць праз Расію, што змяншае шансы быць затрыманым.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(13)