Астапеня: «Трампу не захочацца слухаць паўтарэнне расійскіх тэзісаў ад Лукашэнкі»

Кіраўнік Беларускай ініцыятывы брытанскага Chatham House Рыгор Астапеня — пра тое, ці даходзяць сігналы беларускіх уладаў аб гатоўнасці распачаць дыялог да адрасатаў.

Чаго чакаць беларусам пасля так званых «выбараў» у краіне: ці спадзявацца на паслабленне рэпрэсій, і ці пачне Лукашэнка рыхтавацца да транзіту ўлады? Як прыход да ўлады ў ЗША Дональда Трампа можа паўплываць на пазіцыю гэтай краіны да Лукашэнкі і да дэмсілаў? Доктар палітычных навук, кіраўнік Беларускай ініцыятывы брытанскага Chatham House Рыгор Астапеня разважае на гэты конт у эфіры Радыё Свабода.

На думку палітолага, ключавое пытанне датычна міжнароднай сітуацыі — тое, якім чынам Трамп можа паўплываць на ход вайны ва Украіне і, адпаведна, як гэта адаб’ецца на Беларусі.

— Многія людзі схільныя лічыць, што Дональд Трамп з’яўляецца хутчэй пагрозай для дэмакратычных сіл, і нейкім шанцам для таго, каб Аляксандр Лукашэнка здолеў перафармуляваць сваё месца ў міжнароднай палітыцы, — гаворыць палітолаг. — Ёсць пэўныя аргументы на гэты конт, бо сапраўды рэлевантнасць дэмакратычных сіл зніжаецца — перадусім проста таму, што час бяжыць і Беларусь становіцца менш цікавай <Захаду>.

У выпадку Лукашэнкі, я думаю, насамрэч ёсць верагоднасць, што Злучаныя Штаты могуць крыху перафармуляваць сваё стаўленне да Беларусі. Пэўна, і сам Лукашэнка гэта адчувае. Менавіта таму ён рассыпаўся ў кампліментах Трампу адразу пасля абрання таго. Хоць, мне падаецца, многія людзі ў Беларусі, у тым ліку ўнутры самога рэжыму, могуць не адчуваць, наколькі мала зацікаўленасці ў заходніх урадаў у стасунках з Лукашэнкам.

А што да сітуацыі ўнутры нашай краіны? Проста цяпер у Беларусі ідзе чарговае ўзмацненне рэпрэсій, нягледзячы на ўсе намаганні ўлады стварыць дабратворную карцінку стабільнасці і народнага адзінства. Ці зменіцца гэтая тэндэнцыя пасля 26 студзеня ў бок памякчэння?

— Думаю, што рэжым цяпер бачыць пэўны інтарэс у тым, каб вызваляць людзей, — зазначае палітолаг. — І гэта працягнецца, бо такім чынам яны паказваюць Захаду сваю здольнасць да нейкіх крокаў, што палягаюць у каштоўнасцях Захаду. Вызваленне некалькіх дзясяткаў людзей — не вялікая саступка, для рэжыму яе досыць лёгка зрабіць, і гэта ўсё ж заўважаюць на Захадзе.

Калі ж рэжым убачыць, што ёсць нейкая верагоднасць трапіць за стол перамоў паміж Захадам і Расіяй, то думаю, што працэс вызвалення набярэ хуткасць. Але, з другога боку, не варта перабольшваць значэнне палітвязняў для самога Захаду — усё ж для іх гэта тэма другасная.

Нейкі час таму Рыгор Астапеня зрабіў прагноз, што бліжэйшыя «выбары» — апошнія для Аляксандра Лукашэнкі. Рэч не ў тым, што правіцель жадае адмовіцца ад улады і аддасць яе будзь-якому пераемніку, кажа палітолаг, але банальна ў яго фізічным стане і здароўі:

— Калі паглядзець, як Лукашэнка выглядаў 5, 10, 15 гадоў таму — усё ж такі выразна бачна, што ідзе працэс біялагічнана старэння, чалавек адчувае сябе горш. Менавіта таму ён і сам уздымае гэтую тэму, і кажа свайму палітычнаму класу: вось, я стамляюся, ужо вам трэба самім думаць, як будзеце жыць…

Дый сам клас пра гэта кажа, нават на галоўных тэлеканалах: што трэба думаць, як будзем жыць без яго. Калі б людзі такое сказалі ў 2001 годзе, яны паехалі б на Акрэсціна, а цяпер можна пра гэта легальна казаць. Таму, думаю, працэс падрыхтоўкі транзіту так ці сяк ідзе, яны да гэтага саспяваюць. Але пакуль заўчасна гэта абвяшчаць, куды больш важнай для Лукашэнкі зараз з’яўляецца тэма вайны.

Тут і цяпер правіцелю, падкрэслівае Рыгор Астапеня, любым спосабам патрэбнае месца за сталом перамоваў — аднак пытанне ў тым, ці патрэбны ён за гэтым сталом не толькі расійскаму, але і заходняму боку:

— Пытанне для Трампа: а навошта ён тут? То бок, Аляксандр Лукашэнка павінен сфармуляваць нейкую сваю прапанову, якая будзе лепшай за прапанову Пуціна адносна Беларусі, павінен нешта прынесці за гэты стол. Калі ж ён прыходзіць проста для таго, каб паўтараць тэзісы Расіі — не думаю, што Трампу захочацца гэта слухаць.

Тады, хутчэй за ўсё, будзе прынятае рашэнне, што нейкія санкцыі з Расіі ў выпадку перамоваў могуць зняць — а «з гэтых можам не здымаць, бо незразумела, што яны кажуць за сталом, як яны сябе паводзяць, чаму вызваляюць па 30 чалавек раз на два месяцы, і не зразумела, навошта нам з гэтым звязвацца».

Пытанне для Аляксандра Лукашэнкі — якім чынам ён захоча сябе паказваць і прадаваць. Калі як чалавека, які здольны штосьці змяняць, — адпаведна, трэба гэта даказваць, вызваляць значна больш людзей, неяк інакш фармуляваць свае думкі.

Калі ж працягнецца так, як цяпер, – не трэба пераацэньваць значэнне вызвалення 30 палітвязняў для амерыканскага ўраду, і тады пазіцыя Амерыкі хутчэй будзе ў тым, каб дамаўляцца з Расіяй.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)