Проста раней не было такога маштабу, як у 2020 годзе. Але мне менавіта тады пашанцавала. Нас з сябрамі злавілі 10 жніўня каля Стэлы. Адкрылі нашы заплечнікі — там чорныя маскі, чорнае адзенне. Яны адразу сказалі: «Гэта нашы кліенты».
Баец палка Каліноўскага: «Украінцы сустракаюць беларускіх добраахвотнікаў са словамі: «Афігенна, што вы тут!»
Прайшоў праз пяць затрыманняў на радзіме, з’ехаў, а потым адчуў сябе абавязаным Украіне.
— Не магу сказаць, што я шмат рэфлексаваў наконт сваёй віны перад украінцамі. Я адразу разумеў, што нешта трэба рабіць і думаў толькі аб гэтым, — прызнаецца баец Палка Кастуся Каліноўскага С., успамінаючы свае адчуванні 24 лютага.
Як толькі стала магчыма, С. адправіўся на фронт менавіта таму, што «адчуваў сябе абавязаным». Аб тым, што прымусіла беларускага хлопца, які шмат гадоў добра жыў у Еўропе, кінуць усё і рызыкаваць сваім жыццём, ён шчыра расказаў «Салідарнасці».
— Дзеля справядлівасці скажу, што я не кожны дзень рызыкую сваім жыццём, — папраўляе суразмоўца. — Не кожная ракета, якая ляціць па Мікалаеўскай вобласці, дзе я зараз знаходжуся, накіроўваецца ў мой бок.
— Але ж вас чакае небяспека не толькі ад ракет?
— Бывае. Я мінамётчык. Кожны раз, калі пачынаеш страляць, разумееш, што цябе могуць вызначыць, і ты станеш мішэнню, і пасля пачнуць адпрацоўваць па табе. Трэба паспець.
Ці калі раптам трэба бегчы па ежу або вадзічку, і ты ляціш на адрэналіне і ведаеш, што ў любы момант цябе можа спаліць дрон.
А так мінамётчык не працуе пастаянна. Калі разведка прайшла і кажа, што з’явіліся новыя траншэі на нейкай адлегласці, адпрацуеце? «Без праблем», – кажам мы, і пачынаецца працэс лагістыкі, — дзеліцца падрабязнасцямі сваіх будняў С.
Ён размаўляе вельмі спакойна, часта ўсміхаецца, быццам бы вайна — гэта, як ён і сцвярджае, «такая ж праца». Толькі гэтую працу шмат хто не выбіраў. Але ж рабіць яе ўсё роўна трэба, упэўнены суразмоўца.
— Ты не знаходзішся круглыя содні на перадавой. Вайна — гэта вельмі шмат розных спраў: паехаць за чымсьці, прывезці, пачысціць, разабраць, перавесці з аднаго месца ў іншае, дамовіцца наконт рамонту машыны, заправіць. У такіх маленькіх справах праходзіць шмат часу.
Тут трэба хадзіць у нарады ў сталовую, мыць падлогу. Вайна — гэта праца, у якой няма нічога пафаснага, гэта цяжкая брудная праца. Некаторыя віды гэтай працы не вельмі падабаюцца. Ніхто не любіць капаць, а тут лапата — наш лепшы сябар. Гэта наша першая зброя.
Каб цябе не забілі, трэба закапвацца. А сонца свеціць, з цябе проста льецца, ты ўвесь мокры і брудны. Гэта настолькі не паэтычна і настолькі непрыгожа выглядае, што вы нават сабе не ўяўляеце, – зноў усміхаецца С.
Ён з’ехаў з Беларусі больш за дзесяць гадоў таму, каб вучыцца ў Еўропе. Спецыяльнасць выбраў з вобласці лінгвістыкі. Дадае, што зброю ў руках ніколі не трымаў. Але ж баявы настрой быў вызначаны пад уплывам абставінаў.
— Мае першыя затрыманні былі, калі я яшчэ вучыўся ў школе. У гадоў 15-16 мяне затрымлівалі за ўдзел у апазіцыйных акцыях. Я хадзіў і на Дзень Волі, і на Чарнобыльскі шлях, і на паслявыбарчыя пратэсты, — успамінае суразмоўца «Салiдарнасцi». — Наогул, на соднях я сядзеў пяць ці болей разоў.
Не магу сказаць, што раней да «палітычных» адносіліся па-іншаму. Бывала па-рознаму. Прымуць групу людзей, а паб’юць толькі трох. Але збівалі заўсёды, заўсёды былі паламаныя насы і рэбры. Не трэба казаць, што раней у гэтай краіне былі нейкія другія сілавікі. Яны былі такія ж і рабілі тое самае. І мне таксама даставалася.
А тады ўвечары адбываўся сапраўдны калапс, яны затрымалі столькі людзей, што проста не маглі ўсіх уціснуць у аўтазакі і бусы, якія падыходзілі і падыходзілі. Мы чулі, як тыя, хто спыніў нас, прасілі па рацыі нейкай дапамогі, а ў адказ іх проста пасылалі.
У нейкі момант тым, хто не змясціўся ў аўтазак, далі падпатыльнікаў і сказалі, каб мы вас больш тут не бачылі. Такая лайт-версія. У тыя дні яны сапраўды не спраўляліся з патокам людзей, яшчэ аднаго майго знаёмага загрузілі ў нейкі камаз і выкінулі за горадам.
Але ж шмат каго тады развезлі па тых спартзалах, дзе вельмі моцна збівалі. Мой брат, мае знаёмыя таксама трапілі ў гэта пекла і вярнуліся ўсе сінія.
Праз паўгады С. з’ехаў з Беларусі.
– Я бачыў, што маіх знаёмых пачынаюць затрымліваць ужо мэтанакіравана, і разумеў, што і мяне гэта не міне, таму вярнуўся ў Еўропу. Тое, што адбылося ў 2020 годзе, канешне, было крута, і мне нават падалося, што ў паветры вісіць нешта такое, што напальвала атмасферу, быццам бы зараз нешта будзе. Але мірны пратэст не змог перамагчы гэтую жорсткасць.
– Ці верылі вы ў тое, што пачнецца вайна?
– Я гэта ведаў, па-першае, з-за таго, што яна ўжо ішла з 2014 года на Данбасе, і супярэчнасці бакоў ніяк не вырашаліся. Па-другое, у мяне ніколі не было ілюзій наконт Расеі. Бачыў, што гэта імперыя, а яны, калі не разрастаюцца, пачынаюць распадацца.
Я ведаў пра ўсе войны, якія вяла Расея і разумеў, навошта яны ёй. Разумеў, што ў нас такі сусед, які пастаянна хоча ўсіх з’есці.
Помню, як у 2008 годзе ехаў па Еўропе аўтастопам, і мяне падабраў нейкі рускі. Ужо тады ён расказваў мне, як яны зараз выратуюць усіх у Грузіі. То бок мазгі ў іх былі прамытыя яшчэ з тых часоў.
Таму мне падавалася, што вайна пачнецца. Бачыў гэта войска на мяжы. Але нават я не мог уявіць сабе маштабу, думаў, што ўсё ж канфлікт будзе лакальным недзе на Данбасе. Не чакаў і таго, што заходзіць будуць з Беларусі. Было вельмі крыўдна і балюча з-за ўсяго гэтага.
— Як доўга вы разважалі над пытаннем, ваяваць ці не?
— Я асабліва не разважаў, проста шукаў варыянты. Ужо ў першы тыдзень вайны некалькі знаёмых беларусаў спрабавалі заехаць ва Ўкраіну, але ў іх не атрымалася.
Напачатку сакавіка добраахвотнікаў пачалі ўпускаць, праз месяц працэс стаў яшчэ больш адрэгуляваным. Нас вельмі моцна правяралі ў цэнтры ў Варшаве, але праз мяжу мы ўязджалі ўжо без усялякіх праблем. Нас было чалавек 20. Усе — беларусы з розных краін Заходняй Еўропы, сярод нас былі і тыя, хто жыў там шмат гадоў, і тыя, хто пераехаў пасля 2020 года.
Мы адразу накіроўваліся ў Полк Каліноўскага. І пасля прыезду нас адправілі ў вучэбку.
— Вы дагэтуль не трымалі зброю ў руках?
— Не, што вы! Я ніколі не хацеў ісці ў беларускую армію. Для мяне гэта адзін з рэпрэсіўных інстытутаў. Але ж галоўнае — жаданне. І я ўсяму навучыўся. З пачатку чэрвеня я ўжо на поўдні Мікалаеўскай вобласці.
— Там, дзе амаль кожны дзень бамбяць?
— Зараз — да, а тады было нашмат радзей.
— Калі бывае страшна мужчыну са зброяй?
— Канешне, бывае страшна. Калі вам хтосьці скажа, што яму зусім не страшна, то ён або вельмі доўга ваюе і ў яго ўжо ўсе пачуцці прытупіліся, або ён крыху перабольшвае.
Але галоўнае, не дапусціць панікі. Падчас першых абстрэлаў мне было, афігець, як страшна! Пазней прызвычайваешся, але калі вельмі блізка штосьці разрываецца, асабіста мне і зараз страшна. Я не змагу стаяць у поўны рост, калі чую дзесьці побач свіст міны.
Але гэта страх, які дапамагае, страх самазахавання, які часта ратуе на пазіцыі.
Страшна, калі бачыш параненых таварышаў, на мінулым тыдні я чуў пра забітага земляка з іншага батальёна. Я асабіста ведаў нашых нядаўна забітых хлопцаў і тых, што трапілі ў палон.
— Але ж у вас імаверна ёсць такая опцыя: спыніцца, калі захочаш, і з’ехаць?
— Мы тут усе — добраахвотнікі, канешне, можна напісаць рапарт. Нас не трымаюць сілком. Але выпадкаў, калі людзі, напрыклад, не вытрымліваюць пасля таго, як трапляюць на перадавую, я не памятаю. Калі і былі, то адзінкавыя, бо пра іх невядома шырока.
Было, калі родныя націскалі, і чалавек выбіраў іх бок. Але ёсць і іншыя выпадкі, напрыклад, развод з жонкай, якая не змагла змірыцца з тым, што муж пайшоў ваяваць. Такое я чуў і пра беларусаў, і пра ўкраінцаў.
Не ў кожнай сям’і вайна ўкладваецца ў карціну міра. Хтосьці прывык усе планаваць і не хоча адступаць ад сваіх планаў. Не ўсе людзі могуць адаптавацца да новых умоў жыцця. А зараз час кінуў нам выклік, і нам трэба штосьці з гэтым рабіць.
— Адносіны ў мірным жыцці і на фронце паміж людзьмі вельмі розныя?
— Я бы так не сказаў. Паколькі, паўтару, вайна — гэта такая праца, то і адносіны ў нас такія ж, як у любых калег. Мы і сварымся, і мірымся. Ёсць такое разуменне — мужчынскі калектыў, закрыты, у якім людзі вымушана праводзяць шмат часу разам. Безумоўна, узнікаюць і бытавыя пытанні, ёсць хлопцы, якія ўвогуле не любяць зашмат людзей побач і спрабуюць неяк абмежавацца, хтосьці з кімсьці сходзіцца бліжэй.
Але гэта ў тыле. Калі мы выконваем баявыя задачы, зразумела, пра ўсе сваркі забываем.
— Якія адносіны ў вас тут з украінцамі?
— 99 адсоткаў сустракаюць беларускіх добраахвотнікаў са словамі: «Афігенна, што вы тут, вы – малайцы!». Але адзін сказаў мне нешта накшталт таго, што ад нас ляцяць ракеты, і калі б мы ў 2020 даціснулі, то…
Я яму адказаў, што зрабіў і тады ўсё, што мог, а зараз я наогул тут, таму мне нельга прад’явіць анічога. Ён пагадзіўся. Я ўвогуле супраць калектыўнай адказнасці. Гэта дарожка, якая нікуды не прывядзе.
Тут ёсць шмат замежнікаў: грузіны, амерыканцы, англічане. Можа беларусаў крыху больш за іншых, таму нас часцей сустракаюць.
Гэта лагічна, таму што ўсе мы разумеем, што без украінскай перамогі не будзе перамогі беларускай. Мы разумеем і тое, што пасля ў нас будзе яшчэ работа.
Асабіста я спадзяюся, што перамога Ўкраіны вельмі моцна натхніць усіх беларусаў, а сітуацыю ў Расеі расхістае настолькі, што ім будзе не да нас. Мне падаецца, што калі так адбудзецца, у нас адкрыецца акно магчымасцяў.
— Мы ўпэўненыя, што Ўкраіна пераможа, а як гэта бачыцца знутры?
— Не скажу, што пералом рэзка бачны, але наступ расейскіх войскаў забуксаваў, гэта факт. Яны спыніліся, таму што апошні іх вялікі наступ на Севераданецк каштаваў ім дзесяць тысяч забітых і параненых. Гэта нават для Расеі зашмат.
— На вайне, як мы зразумелі, вельмі шмат значыць настрой байца. Які настрой у нашых хлопцаў на фронце?
— Настрой такі — працаваць! Трэба працаваць.
Читайте еще
Избранное