Думаю, цяпер беларускае кнігавыданне мусяць узяць на сябе дыяспары, і я ведаю, што яны актыўна і плённа працуюць у гэтым накірунку. Што ж тычыцца чытачоў у Беларусі — дай нам Божа перачытаць хаця б тое, што гераічныя кнігавыдаўцы Беларусі паспелі выдаць, пакуль маглі.
«Беларуская выдавецкая справа не памрэ, як не памёрла за пяцьсот надзвычай драматычных гадоў»
Чаму ўлады змагаюцца з незалежнымі выдавецтвамі. I што варта паспець здабыць і пачытаць.
Крама «Кнігаўка», якую адкрыла ў Мінску выдавецтва «Янушкевіч» 16 мая, прапрацавала ўсяго толькі дзень. На адкрыццё туды завіталі дзяржаўныя прапагандысты, а ўжо ў абед — прыйшлі сілавікі, якія зладзілі ператрус, канфіскавалі частку кніг для праверкі на «экстрэмізм» і затрымалі дырэктара Андрэя Янушкевіча (далi 10 сутак) і адну з супрацоўніц крамы Насту Карнацкую.
А на наступны дзень у чарговым, пакуль яшчэ не выдаленым тэлеграм-канале ГУБАЗіКа з’явіўся допіс на гэты конт: сілавікі назвалі кнігароў «ворагамі і здраднікамі сваёй краіны, працуючымі на прапольскія цэнтры брыдотнікамі», якія «спрабавалі адкрыць кнігарню з экстрэмісцкай і нацысцкай літаратурай… у горадзе-героі Мінску».
У іншым праўладным канале, не саромеючыся, кнігі выдавецтва залічылі ў «калабаранцкую, нацысцкую, экстрэмісцкую і іншую таксічную макулатуру для атручэння мазгоў беларусаў».
То-бок, шчаслівай канцоўкі ў гэтай гісторыі чакаць не выпадае.
Паляванне на кнігі
Крыху раней Мінінфарм Беларусі прыпыніў на тры месяцы — акурат пачынаючы з 16 мая — дзейнасць выдавецтваў «Лімарыус» і «Кнігазбор». Фармальнай падставай для гэтага стала парушэнне тэрмінаў звароту ў міністэрства з прадастаўленнем звестак, якія ўключаюцца ў дзяржрэестр выдаўцоў, выробнікаў і распаўсюджвальнікаў друкаваных выданняў.
Але, як гавораць у культурніцкай супольнасці, гэта якраз той выпадак, калі ўсім усё зразумела. «Лімарыус» заснаваў Аляксандр Фядута, які ўжо больш як год знаходзіцца ў СІЗА КДБ па абвінавачанні ў спробе захопу ўлады, а «Кнігазбор» сярод мноства нелаяльных аўтараў выпускае кнігі Рыгора Барадуліна і Віктара Марціновіча.
Летась улады ўжо распачыналі справы супраць недзяржаўных кнігароў: выдавецтваў «Кнігазбор» і «Янушкевіч», студыі «Адліга» і інтэрнет-крамы Knihi.by. ДФР арыштаваў амаль на шэсць месяцаў іхныя рахункі, кіраўнікоў выдавецтваў выклікалі на допыты, канфіскоўвалі тэхніку і кнігі.
Выданні таксама правяраліся спецыяльна навучанымі экспертамі на «прыкметы экстрэмізму» — нават пераклад сусветна вядомай серыі пра Гары Потэра. Пазней прэтэнзіі да выдаўцоў былі знятыя — але асадак, зразумела, застаўся.
Сёлета ўжо было вымушана прыпыніць на 3 месяцы працу выдавецтва «Галіяфы» (спецыялізавалася на беларускамоўнай і прыкладной літаратуры) і «Медысонт» (выдадзеную ў ім кнігу інтэрв’ю «Беларуская нацыянальная ід*я» летась камісія па супрацьдзеянні экстрэмізму прызнала «прапагандай экстрэмісцкай дзейнасці»). А выдавецтва «Янушкевіч» прымусова і імкліва выселілі з офісу.
Выглядае на тое, што да незалежных выдавецтваў ва ўладаў моцная ідыясінкразія, і вельмі хутка актуальнай беларускамоўнай літаратуры ў краіне можа застацца на тры дні.
Якая будучыня для кнігавыдавецкай галіны бачыцца ў цяперашніх умовах, і як будуць выходзіць беларускамоўныя кнігі — перакладная літаратуры, мастацкая і нон-фікшн, дзіцячая, гістарычная? Знайсці адказ на гэтыя пытанні Філін паспрабаваў разам з выдаўцамі і пісьменнікамі.
Выжывуць (не)толькі лаяльныя
— Мяркую, значная частка кніг на беларускай мове пяройдзе на друкаванне ў дзяржаўныя выдавецтвы, кшталту «Звязда», «Мастацкая літаратура», «Адукацыя і выхаванне», — гаворыць адзін з вопытных гульцоў кніжнага рынку Беларусі, з якім мы гутарым на ўмовах ананімнасці.
Таксама, на думку суразмоўцы, зоймуць вялікую нішу выдавецтвы, звязаныя вялікімі грашыма з Расіяй — напрыклад, «Харвест» і яшчэ некаторыя. Улады нават могуць захаваць і колькі недзяржаўных выдавецтваў, якія займаюцца беларускамоўнай літаратурай — калі яны будуць больш «паслухмянымі» за іншых і перажывуць цяперашнія «зачысткі».
Чаму наогул пачалося гэтае цкаванне і ці ёсць тут асабістыя крыўды ці фінансавыя інтарэсы? Суразмоўца «Філіна» гаворыць, што найхутчэй гэта працяг агульнай тэндэнцыі на запалохванне:
— Напрыклад, Андрэй Янушкевіч не ўлазіў у палітыку нават блізка, займаўся выключна кніжнай справай, але ўвесь час паказваў, як усё класна атрымліваецца і што выдавецтва нічога не баіцца. Магчыма, за гэта і пакаралі, каб паказаць: баяцца трэба.
Альбо ўзяць «Галіяфаў» — Змiтра Вішнёва падлавілі ў той час, калі ён фізічна не ў Беларусі і не адрэагуе на папярэджанне Мінінфармацыі. «Янушкевічу» маглі прыпісаць супрацоўніцтва з «экстрэмісцкімі каналамі» за выпуск разам з Сяргеем Будкіным кніжкі «(Не)расстраляныя» — нездарма Азаронак увесь час згадваў, што, маўляў, друкавалі яе ў Літве.
Пры жаданні, тлумачць суразмоўца, знайсці падставу, каб прымяніць карныя меры, улады могуць лёгка зрабіць: у любой бізнэс-справе, і выдавецкая не выключэнне, некаторыя нарматыўныя акты супярэчаць адно адному, і калі трэба знайсці парушэнні, іх знойдуць.
У Беларусі ХХІ стагоддзя пэўнасці няма: можна быць лаўрэатам нобелеўскай прэміі па літаратуры і ганаровым госцем міжнароднага кніжнага кірмашу, дзе стаяць шматгадзінныя чэргі па аўтограф, а праз нейкі час цябе выкінуць нават са школьных падручнікаў. А можна быць экс-міністрам інфармацыі і спакойна пісаць краязнаўчыя і дзіцячыя беларускамоўныя кніжкі…
Якія аўтары і тэмы першымі трапляюць пад удар?
— Усе. Але па розных прычынах, — гаворыць эксперт кніжнай галіны. — Каб выдаваць мастацкія кнігі, патрэбная будзе вельмі вялікая цэнзура. Ёй у выдавецтвах і так займаліся, але цяпер трэнд пашырыцца. А нават калі кніжка ідэальна чыстая, ніводнае выдавецтва не насмеліцца выдаць Севярынца, альбо Скурко — любога аўтара, хто хоць ускосна звязаны з пратэсным рухам.
Згадайце, кніга Максіма Знака таксама плануецца ў друк выдавецтвам «Время» не ў Беларусі, а ў РФ.
Перакладную літаратуру, гаворыць суразмоўца, чакае іншая складанасць — займацца знешнеэканамічнай дзейнасцю, аплатай правоў і г.д. у цяперашніх умовах «будуць толькі самагубцы».
Ці могуць беларусы вярнуцца да самвыдату, які цяжэй спыніць, чым буйныя выдавецтвы? Хіба што гаворка ідзе пра ратапрынт і «дарэвалюцыйныя» спосабы, як у 90-ыя, мяркуе эксперт, бо дзейнасць больш-менш буйных друкарнаяў адсочваецца. Значна вышэй верагоднасць масавага зыходу аўтараў і выдаўцоў у інтэрнет.
Але ёсць і прамень надзеі — некаторыя рускія выдавецтвы, што атрымалі ліцэнзіі ў Беларусі. Іхняе кіраўніцтва размаўляе па-руску і прапануе спажыўцам «ідэалагічна правільныя» кнігі і тавары, але і беларускай справай таксама зацікаўленае.
Ці можна цяпер пісаць па-беларуску і быць па-за палітыкай? Так, можна. Адны аўтары, зазначаюць выдаўцы, «ловяць хайп» на мове, але палітыкай не займаюцца, другія самаізаляваліся і досыць паспяхова выпускаюць, напрыклад, дзіцячыя кнігі.
Выйсце — ёсць
— Даволі цяжка каментаваць апошнія навіны беларускага кнігавыдання. Дзяліцца болем не хочацца, каб не даваць нагоды для радасці дрэнным людзям, дзяліцца беспадстаўным аптымізмам не хочацца тым больш, каб не хлусіць людзям добрым, — гаворыць пісьменніца і настазніца Ганна Севярынец. — Я не магу — і не хачу — разважаць зараз пра перспектывы кнігавыдання ў Беларусі, бо тыя, якія ёсць, нельга апублічваць, а тыя, якіх няма, ужо абмеркавалі.
Ганна Севярынец пералічвае, што, на яе думку, варта паспець здабыць і пачытаць, пакуль гэта яшчэ магчыма: грунтоўная мемуарная серыя «Лімарыуса» і яго ж «Галасы Айчыны», бліскучыя пераклады сусветнай класікі ад Янушкевіча, выдатныя тэксты папярэднікаў і сучаснікаў у выкананні «Кнігазбора».
— Беларускія выдаўцы вартыя самай пільнай увагі не ад карных ворганаў, а ад чытачоў. Давайце скарыстаем гэтыя цёмныя часы дзеля таго, каб самім ня ўмёрці. Беларуская ж выдавецкая справа не памрэ, як не памёрла за пяцьсот надзвычай драматычных гадоў. Ведаеце, калі б мы болей чыталі па-беларуску, мы б зусім іншым жыццём цяпер жылі б. Дык давайце менавіта мы, кожны з нас, не дасць памерці беларускай кнізе — проста маючы яе для чытання.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное