«Беларусы думаюць: Расія такая жахлівая, што мы павінны яе палюбіць, каб у нас не было Марыўпаля»

Доктар сацыялогіі Андрэй Вардамацкі — пра прычыны росту прарасійскіх настрояў у беларускім грамадстве.

— Да росту прарасійскіх настрояў беларусаў у Беларусі прывялі два фактары — сістэмнае ўздзеянне медыя і палітыка некаторых краінаў Захаду, якія абмяжоўваюць правы беларусаў гэтак жа, як і правы расіян, — зрабіў выснову Андрэй Вардамацкі на Радыё Свабода. — Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі з Украінай істотна ўзмацнілася ўздзеянне расійскіх медыя на грамадскую думку ў Беларусі.

Іх мэсыдж быў такі, гэта не вайна — гэта абмежаваная ваенная аперацыя, якая вядзецца толькі супраць «кепскіх хлопцаў», а не супраць украінскага народу. Такая «софт-вайнушка». Аналагічным быў наратыў і беларускіх дзяржаўных медыя.

І другі чыннік — абмежаванні, якія некаторыя заходнія краіны ўводзілі адносна беларусаў, сінхранізуючы гэтыя меры з мерамі адносна грамадзянаў Расіі. І гэта таксама прывяло да росту прарасійскіх настрояў у Беларусі.

У той жа час, кажа Вардамацкі, абгрунтаванне саюза з Расіяй, з пункту гледжання беларусаў, мае рацыянальны сэнс.

— Што тычыцца ідэнтычнасці ўспрымання Расіі і вайны, то ў масавай свядомасці гэтыя рэчы не вельмі звязаныя. Тут можна правесці пэўную аналогію з Грузіяй.

Там зараз адзін з чыннікаў прарасійскіх настрояў — гэта наратыў, што калі Грузія зараз не будзе збліжацца з Расіяй, то ў іх здарыцца Марыўпаль.

Так і беларусы: Расія такая жахлівая, што мы павінны яе палюбіць, каб перажыць усё гэта, каб у нас не было Марыўпаля. Такі матыў існуе.

Але пры гэтым калі казаць пра стаўленне беларусаў да Расіі, варта адзначыць, што растварэння Беларусі ў Расіі, юрыдычнага ўваходжання Беларусі ў склад РФ хочуць толькі 4%. І гэтая лічба не мяняецца шмат гадоў, — падкрэсліў сацыёлаг.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.5(21)