«Беларусы за 500 гадоў прывучыліся да выжывання ў варожых умовах»
Мастак і літаратар Артур Клінаў у межах праекта «Салідарнасці» «Жыццё (не)звычайнага беларуса» распавёў пра партызанскую мадэль паводзінаў беларусаў, парадыз на балоце і пра тое, ці сустракаюцца на ягоным шляху людзі, якія любяць імператара і вераць яму.
— Як у галоўнага рэдактара часопіса «pARTisan» хачу у вас спытаць, што сёння ёсць у беларусах партызанскага?
— Партызан — гэта і унутраны стан, і пэўная мадэль паводзінаў, бо гэты чалавек знаходзіцца на акупаванай тэрыторыі. Яна быццам свая, але ў атачэнні ворагаў.
Перш за ўсё, на гэтай тэрыторыі чалавек мусіць выжыць, самазахавацца. Важная яшчэ здольнасць мімікрыраваць, але не ў сэнсе прыстасавацца, а схавацца ад непрыяцеля, зрабіцца нябачным,. Партызан у прынцыпе чалавек падпольны. Ён мусіць быць незаўважным. Знешні выгляд беларуса-партызана і тое, што ўнутры, — гэта розныя рэчы.
Беларусы стагоддзямі жылі ў такіх умовах. Цяпер, праўда, на сваёй тэрыторыі, але па-ранейшаму ў пэўнай некамфортнай сітуацыі. Сёння фактычна ў нас усе партызаны. Пагалоўна да кожнага можна гэты тэрмін прымяніць.
Калі ты займаешся бізнесам, мусіш знайсці ход, як выжыць, бо варункі для бізнесу не тыя, што ў цывілізаванай Еўропе. Калі ты жывеш на зарплату… Як ты можаш пражыць на гэтую адну зарплату у такім горадзе, як Мінск, які даражэйшы за многія еўрапейскія сталіцы.
Калі ты займаешся мастацтвам — тое самае. Ты мусіш знайсці выхад, каб захаваць сябе, свой культурны код.
— А калі ты чыноўнік, то таксама партызан?
— Так, бо ты ўвесь час ходзіш па мінным полі. Любы няверны крок — і ты кудысьці ўляцеў.
— І калі прэзідэнт?
— Тое ж самае. З усходу — адна небяспека сур'ёзная, з захаду — другая. І ты мусіш жыць у варожай і неспрыяльнай сітуацыі.
— То бок нездарма Лукашэнка паўсюль ворагаў бачыць?
— Ён падпадае пад партызанскія вызначэнні, бо Беларусь апошнія 20 гадоў ні з захадам, ні з усходам — балансуе. То бок партызан — гэта пэўная стратэгія. Стратэгія выжывання.
Беларусы за 500 гадоў так прывучыліся да выжывання ў варожых умовах, што ў прынцыпе гэта ў іх у крыві, і няблага атрымоўваецца.
Калі здарыцца нейкая катастрофа сусветная, усё паўсюль разваліцца і рухне — я упэўнены, што вы прыйдзеце ў дом да любога беларуса, адчыніце халадзільнік — там усё будзе — і каўбаса, і гуркі, і масла. Адкуль гэта возьмецца, незразумела, бо кожны ходзіць сваімі тайнымі партызанскімі тропамі, і як людзі выжываюць — гэта іх асабістая таямніца. Што б ні здарылася, у беларусаў заўсёды ўсё ёсць, як ні дзіўна.
Гэта вельмі моцная формула выжывання. Калі ты ёй валодаеш, то шанцы на самазахаванне ёсць. Для мяне заўсёды было загадкай: з аднаго боку, з эканомікай ня надта добра, склады быцца заваленыя, а з другога, паглядзіце, якія машыны дарагія ездзяць па Мінску і колькі будуецца палацаў у наваколлях! Запытайце любога чыноўніка, які валодае маёмасцю, якую можна ацаніць на мільён а то і больш даляраў. Адкуль гэта ўсё? Так! Беларусы партызанскімі стратэгіямі уладкоўваюць сваё жыццё.
— Усё цягнуць у хату. Ну, проста як хамякі нейкія!
— Я б хутчэй сказаў, як альпійскія гномы. Кожны сваю справу робіць, не вытыркаецца і жыве.
— А вам не надакучыла жыць у гета, у партызанскім лесе?
— Па-першае, не лічу, што я адзін жыву у гета. Ці толькі мастакі жывуць у гета? У прынцыпе гэтая сітуацыя ўласцівая ўсяму беларускаму грамадству Яно падзелена на лакальныя группы. У кожнай ёсць сваё маленькае гета. Вазьміце праграмістаў ці працаўнікоў пэўнага сектара — у іх сваё гета, свая суполка. Мастацкае гета — адно з многіх.
На жаль, камунікацыя паміж гэтымі групамі вельмі слабая. Мы добра ведаем, чым жыве нашае гета — пісьменніцкае, але літаратары могуць не ведаць, што адбываецца ў суседнім, напрыклад, тэатральным.
Увогуле, падзел нашага грамацтва на лакальныя гетта – адна з асаблівасцяў нашай нацыянальнай партызанскай псіхалогіі. Бо партызан — фігура самадастатковая. Партызану выжываць ў адзіночку ці невялікай групай прасцей, чым вялікай масай, бо вялікая колькасць людзей больш даступная для паразы, яна больш заўважная. Невялікія группы для партызнаскай стратэгіі больш плённыя і дынамічныя.
Канечне, мы так ці інакш павінны ісці да больш адкрытага грамадства. Трэба сказаць, што апошнім часам сітуацыя пачала мяняцца ў лепшы бок. Пачатак каммунікацыі паміж лакальнымі групамі — гэта добрая тэндэнцыя. Але ў гэтай краіне ничога хутка не адбываецца. Мала таго, што партызанская, дык яшчэ жывем на балоце. Гэта мэтафізыка балота. На ім усё запаволена. Чпок — і захрас. Зрабіў адзін крок, і той даецца з вялікім намаганнем.
— Вы аднойчы казалі, што калі ёсць рай на зямлі, дык гэта беларускае балота. Хіба ж гэта рай, калі ўсё так запаволена?
— А чаму ўсё павінна быць хутка і кудысьці бегчы? Гэта як паглядзець. Чалавецтва кудысьці спяшаецца, бяжыць, хоча дасягнуць нейкіх поспехаў, зарабіць шмат грошай. Зарабіў, трапіў на Багамы і ляжыш там пад пальмай — адна з папулярных версій выраю. Але гэта толькі адна з версій жыцця.
А можа быць і другая. Калі чалавек не бяжыць за поспехам, а суперажывае само жыццё, можа адчуць асалоду кожнай хвіліны. Вось як раз такая філасофія балота. Не трэба ні інтэрнэту, ні мабілкі. Ты сядзіш і кайфуеш, што ты ёсць, што ты тут і бачыш гэтую своеасаблівую прыгажосць. Хоць для некага, напрыклад, для гішпанцаў, наш вырай можа быць незразумелы.
— Гэтая філасофія вам блізкая? І не патрэбныя ні інтэрнэт, ні тэлефон?
— Калі выязджаю да сябе на маёнтак у вёску Каптаруны, у мяне там няма інтэрнэта. Тэлефон ловіць вельмі слаба. Рэальна я адчуваю асалоду ад гэтага. Проста выйшаў у іншую прастору. А залезеш у Фэйсбук — і толькі расстрайваешся.
— Чаму?
— Таму што ты бачыш, як свет пагружаецца ў нейкую цьмяную бездань. Там вайна, там арабскія тэрарысты. Кругом гонка за нейкай хрэнню. А ў выніку — гнаўся-гнаўся, а потым ўзяў ды памёр. Усё роўна ўсё скончыцца адным. А калі так, дык лепш атрымліваць аслоду ад жыцця, пакуль яно не скончылася, чым бегчы-бегчы, а потым раз і …
Калі мы не можам збудаваць вырай на зямлі… Калі цывілізацыя пайшла па крывой... Збудуй уласны парадыз на сваёй асобнай маленькай тэрыторыі — там ты Дэміург, Тварэц. Многія да гэтага прыходзяць з гадамі.
— Куры, качкі, агарод — што ёсць у вашым парадызе?
— Там трэба для гэтага жыць нон-стоп. Можа, у будучым, калі я туды перабяруся зусім, з'явіцца і гаспадарка.
Прасядзеўшы ў вёсцы тыдзень-два, прыязджаеш у Менск і пасля таго выраю тут усё падаецца такім непатрэбным, бессэнсоўным.
— А вось людзі прыязджаюць у Мінск з вёсак, з маленькіх гарадоў і адчуваюць, што толькі тут ёсць сапраўднае жыццё, рытм.
— Ну, правільна, калі ты хочаш бегчы па заганным шляху цывілізацыі, канечне, трэба ехаць у вялікі горад, а яшчэ лепш не ў Мінск, а ў Нью-Ёрк — чым большы горад, тым хутчэй бег. А хто бегчы не хоча, таму трэба шукаць такое месца, дзе нікога няма.
Чаму я і выбраў Каптаруны? Там край зямлі, нікога няма, апроч звярэй і птушак. Кабаноў было нямерана. Праўда, усіх патруцілі з-за чумы. Можаш сустрэць лася, касулю. Ваўкі прыходзілі. Кажуць, мядзведзь пасяліўся.
— З суседзямі пазнаёміліся?
— Я іх сам і падсяляў да сябе. З аднаго боку ў мяне сусед — выдавец Ігар Логвінаў, з другога —> архітэктар Андрэй Каравянскі. Далей — Алена Танкачова. Эколагаў многа у наваколлях жыве. Яны раней за нас гэтыя мясціны адшукалі.
Прапаную там сяліцца іншым сябрам-калегам. Хачу зрабіць у Каптарунах арт-вёску.
— Вы неяк выказаліся, што ні для кога мы, беларусы, не сэксуальныя: няма у нас ні нафты, ні газу. Якое значэнне для сэксуальнасці мае наяўнасць прыродных рэсурсаў?
— Калі я казаў пра сэксуальнасць, я не меў на ўвазе беларускіх дзяўчат. Тут як раз усё ў парадку. Няма канкурэнцыі ў нас.
Я разважаў пра Беларусь як пра цэнтр прыцягнення ўвагі. На што рэагуе свет? На кроў, на грошы, на нафту. У нас гэтага няма. Вось каб у нас адкрылі нейкае фенаменальнае радовішча, Беларусь адразу усім стала б цікавая.
— Людзі, якія былі прататыпамі герояў ваша рамана «Шклатара», як адрэагавалі на кнігу?
— Я думаў, што рэакцыя будзе больш вострай.
— Не выключалі, што паб'юць?
— Так. Але нервовай рэакцыі я не адчуў. З большага прататыпы пазітыўна адрэагавалі. Яны атрымаліся абаяльнымі, таму няма на што крыўдзіцца. Канаваленка прачытаў адным з першых і напісаў, што тонкі і разумны толькі галоўны герой, а ўсе астатнія — масоўка, і канешне, Канаваленка — бабнік і п'яніца, але ў цэлым раман класны, віншую.
Я, праўда, паспрачаўся б з Канаваленкам: галоўны герой таксама не ў «белым паліто».
Валошына запытаўся, ён сказаў, што ўсё нармальна.
— Вам не крыўдна было атрымаць другое месца прэміі Гедройца, а не першае?
— У мяне былі вялікія сумневы, што дадуць прэмію ўвогуле, бо «Шклатара» не на кожны густ. Ведаю, што раман атрымаўся брутальны. Але я ім з большага задаволены. Парадаваўся, што многім сябрам журы кніжка спадабалася.
Вядома, 10 тысяч еўра было б прыемна атрымаць. Будоўля ў Каптарунах не завершаная. Ёсць куды ўкласці грошы.
— У інтэрв'ю «Салідарнасці» амаль дзесяць год таму вы гаварылі пра тое, што Беларусь вядомая брэндамі — Чарнобыль і Лукашэнка. Што змянілася за гэты час?
— Чарнобыль усё больш адыходзіць у забыццё. Брэнд Лукашэнкі ўспрымаецца не так востра, як гэта было раней. Перад вачыма «дыктатуры» непараўнальна больш небяспечныя і страшныя.
З новых культурных брэндаў, вядомых на захадзе, я назваў бы Свабодны тэатр.
Гульня «Танчыкі» — пазітыўны беларускі брэнд. Наша сіліконавая даліна робіць фенаменальныя крокі. Хай бы развівалася і надалей.
Мог бы і Горад Сонца стрэліць. (Горад Сонца) — праект Артура Клінава, мэта якога ператварыць Мінск у адзін з найбуйнешых у Еўропе турыстычных і культурніцкіх цэнтраў – «С»).
— А чаму не стрэліў? Як чыноўнікі ўспрынялі ваш праект?
— Як і павінна ўспрымацца ў балоце. Чпокнула — і цішыня.
На гэтым брэндзе можна пабудаваць цэлую турыстычную індустрыю. Гэта рэальна вялікія грошы. Абароты можна супаставіць з асобнымі галінамі беларускай прамысловасці. Мільярды даляраў! Але, на жаль, унікальны ансамбль патроху разбураюць, будуючы ў цэнтры горада агрэсіўныя аб'екты.
— У 2010-м вы на замову «Беларусьфільма» напісалі сцэнар містычнага трылера «Шляхціц Завальня». Фільм быў гатовы да запуску, але потым яго раптам замарозілі. Які далейшы лёс гэтага кіно?
— Рана ці позна, думаю, будзе, але ў бліжэйшай перспектыве — не.
На паліцу яго паклалі, бо занадта палітызаваны. Каму спадабаецца, што беларус забіў расійскага імператара Александра?
Ды і грошай на кіно ў дзяржавы зараз няма. Але я спакойны, бо добры сцэнар рана ці позна будзе рэалізаваны. Могуць гадоў праз 20 успомніць і паставіць.
— Перш, чым задаць гэтае пытанне, прывяду урывак з «Шклатары». «Імператараў не перавыбіраюць, а самі яны не сыходзяць. Але і ў рэвалюцыю я ўжо не верыў. Я занадта доўга жыў ёю і ўсё чакаў, вось яшчэ крыху – і нашы прыйдуць. Але гады міналі, а нашы не прыходзілі. І не маглі прыйсці, таму што нашых прыводзіць народ. А народ любіў свайго імператара і верыў яму…».
Спадар Артур, калі вы апошні раз сустракалі людзей, якія любяць імператара і вераць яму?
— Раней мы бачылі сітуацыю ў Беларусі ў чорна-белых фарбах. Чалавек, які любіць ці не любіць імператара, — персанаж з той эпохі. Зараз рэальнасць нашмат больш складаня і шматколерная. Таго класічнага вобраза ўжо не засталося. Многія з тых, хто раней яго не любіў, цудоўна разумеюць, што зараз любая рэзкая змена ўлады, напэўна, справакуе нашага ўсходняга суседа на тое, каб тут разыграць, падобны да украінскага сцэнарый. Цяпер той момант, калі трэба каб захаваўся статус-кво. Любы рэзкі штуршок убок можа быць вельмі небяспечны.
Калі на парозе вайна, патрэбна кансалідацыя нацыянальных эліт розных лагераў і палітычных афарбовак. Калі прыходзіць вайна, трэба бараніць сваё. Абароніш — тыды можна і разбягацца.
***
«Салідарнасць» працягвае праект «Жыццё (не)звычайнага беларуса». Чакаем вашых прапаноў і запрашэнняў у госці на кухонныя пасядзелкі на [email protected]
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное