«Цесля». Чаму гэты спектакль варта паглядзець
Беларускія акцёры ў эміграцыі прадставілі новую тэатральную пастаноўку. «Салідарнасць» пабывала на прэм’еры «Цеслі» і расказвае, чаму гэты спектакль варта паглядзець.
Жыў-быў чалавек, у цэнтры Еўропы, на ўскрайку мястэчка. Ціхі, рахманы, працавіты. Жыў, рабіў сабе ў раённым цэнтры рамёстваў — а можа, у музеі, ці ў бібліятэцы, ці ў паліклініцы або яшчэ нейкай бюджэтнай установе. Потым яго звольнілі, незадоўга да пенсіі. Не тое каб зусім праз палітыку, але праз палітыку — бо дачка «засвяцілася» ў 2020-м у пратэстах, а далей вымушана з’ехала ў Польшчу. А помсціць палітэмігрантам праз родных — справа для ўлады звыклая і зручная.
Гэта і дадзенасць, і сюжэт новай пастаноўкі «Цесля», якую днямі прадставілі ў Вільні. Невялікая гісторыя адной сям’і, у якой, бы ў люстэрку, адбіваецца найноўшая гісторыя цэлай краіны. Нашай краіны.
Літоўскі рэжысёр Андрус Дарэла, беларуска-аўтарка сцэнару Вольга Каралёнак, акцёры, якія ў Беларусі фактычна атрымалі забарону на прафесію: Сяргей Толсцікаў (у галоўнай ролі майстра-цесляра), Віталь Лявонаў, Эмілія Пранскутэ, Аксана Чывялёва. І публіка, якая занадта добра разумее, аб чым гаворка, у чым дылема беларусаў «адны не могуць вярнуцца на радзіму, другія не могуць з’ехаць».

Уласна, увесь спектакль Цесля намагаецца сабрацца ды паехаць да дачкі ў Польшчу, каб жыць разам, дапамагаць гадаваць унука, якога яшчэ ніколі не бачыў.
Але як жа, калі тут — усё жыццё, майстэрня, дом, дзесяцігоддзі працы, магіла жонкі, куды трэба паставіць самы прыгожы крыж? Ну і каму ён там патрэбны, хіба дровы па хатах пілаваць? А тут што — камяні ля цэнтра рамёстваў фарбаваць ды саламяны трактар на выставу народных майстроў выносіць? То як жа?
На сцэне зусім няшмат дэкарацый і ўсяго чатыры акцёры, дый тое адзін з іх кот, які ў важным рашэнні не памочнік, а другая — начальніца-чыноўніца, што нават пасля звальнення ўсмоктваецца ў героя, бы той клешч, пакуль не вып’е ўсе сокі.
І дачка, такая далёкая, што рэальны толькі яе голас у тэлефоне. А ў цэнтры герой са сваімі думкамі, які і баіцца, што нічога тут не зменіцца, і разумее, што мінулага жыцця не захаваць, як бы каму ні карцела «як раней».
І гэтага хапае, каб паўтары гадзіны перажываць разам з Цеслям і за яго, задавацца тымі ж пытаннямі, разумець жартачкі для беларусаў («не трэба як у Эрмітажу, зрабі як на Дажынкі!», «Беларусь 3 — культура!», «каб у цябе на Вялікдзень булкі не падняліся», «ім жа ш яшчэ нараджаць! – Якое нараджаць, ім на пенсію хутка. – А што рабіць, такая дэмаграфічная сітуацыя») і не толькі (чый Крым і ў каго ў сямейных альбомах засталіся карткі «Ялта-88»?) і адчуваць такі самы песімізм наконт агульнай будучыні («лепей ад лепшага? Не, дачушка, далей будзе толькі горай»).


І падпяваць шэптам Dzieciuk’оўскую «Калі над лугам бусел праляцел». Песня гучыць ад пачатку ледзь чутна, шчыпкамі скрыпкі, і паступова пераўтвараецца ў паўнавартасны саўндтрэк, які аднолькава тужліва гучыць для ўсіх — хто «тут» і хто «там»…
А Цесля так і не даехаў у Польшчу. Чаму? Мабыць, вы ўжо ведаеце адказ.
У суседзяў па крэслах ушчэнт мокрыя вочы, камусьці цяжка пракаўтнуць камяк у горле. Пасля фіналу некаторыя прызнаюцца, што не змаглі развітацца з роднымі «там». І ўжо невядома, ці змогуць калісьці. Альбо застануцца адно СМСкі ў тэлефоне, ды фота, на якіх яшчэ ўсе жывыя і ўсё яшчэ, як раней — але як раней не будзе ніколі.
Бо ўсе мы — Цесля, сям’я якога раздзеленая часам і адлегласцю, а сэрца разарванае паміж родным домам, ранейшымі ўспамінамі і новымі абставінамі. І калі вы ўсё яшчэ задаяцеся пытаннем, чаму многія не з’язджаюць з Беларусі — адказ недзе там, паміж аскепкамі сэрца, ліпавым бюстам Леніна з інвентарным нумарам, бацькоўскім вясельным (ён жа пахавальны) гарнітурам і габлюшкай на стале цяслярскай майстэрні.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное