Чаму Ефрасіння Полацкая — наш агульны гонар і сімвал беларушчыны
7 фактаў пра адну з самых вядомых беларусак у гісторыі. «Салiдарнасць» — да дня памяці феміністкі, мецэнаткі, апякункі і нябеснай заступніцы беларускай зямлі.
Апякунка і нябесная заступніца беларускай зямлі. Першая беларуская мецэнатка, першая на ўсходнеславянских землях жанчына, кананізаваная царквой, — і, па вялікім рахунку, жанчына нумар адзін для нашай нацыянальнай ідэі.
5 чэрвеня штогод адзначаецца дзень памяці святой Ефрасінні Полацкай.
Сёлета, дарэчы, можна таксама ўмоўна адзначаць 920-ую гадавіну з дня нараджэння святой (паводле гістарычных даследаванняў, яна нарадзілася не пазней за 1104 год).
Паводле гісторыка і пісьменніка Уладзіміра Арлова — як па ўзроўні адукаванасці, так і па зробленым дзеля асветы свайго народу, «Усяславава ўнучка ў той эпосе не мела роўных сабе і ў славянскім свеце, і на ўсім еўрапейскім кантыненце».
А вось яшчэ 7 фактаў (насамрэч, вядома, значна больш), чаму Ефрасіння — наш агульны гонар і сімвал беларушчыны.
Беларуская феміністка
І паспрабуйце аспрэчыць, што не.
У 12 год знайсці ў сабе столькі рашучасці і ўнутранай моцы, каб адмовіцца ад зладжанага бацькамі шлюбу і збегчы ў манастыр, употай прыняць пострыг, збудаваць першы на нашых землях жаночы манастыр — гэта і сёння ў многіх патрыярхальных краінах было б аплявухай заведзенаму ладу.
А Ефрасіння, у міру Прадслава, нагадаем, жыла ў 1100-ых гадах, у Высокім Сярэднявеччы. Ды яшчэ сясцёр — родную Гардзіславу і стрыечную Звеніславу, якая ахвяравала манастыру свой багаты пасаг, — і пляменніц за сабой павяла.
Зрэшты, у даследчыкаў гісторыі і літаратараў ёсць мноства іншых версій, чаму Прадслава стала Ефрасінняй і прысвяціла сябе богу і роднаму краю.
Паводле Арлова, гэта быў бунт супраць нуднага лёсу ўдзельнай княгіні. Вольга Іпатава і некаторыя іншыя аўтары тлумачаць такі крок няшчасным каханнем. Сярод іншых варыянтаў — прага дзяўчыны да ведаў, угаворы падтрымаць царкву княжацкім імем ды іншае.
Але ж за даўніной год дзе праўда? Застаецца хіба ў тысячны раз вывучаць помнік старажытнабеларускай літаратуры, напісанае невядомым манахам «Жыціе Еўфрасінні Полацкай», якое ёсць галоўнай крыніцай біяграфічных звестак пра Ефрасінню, ды вырашаць — верыць у цуды ці знаходзіць прагматычныя тлумачэнні.
Першы жаночы
Паводле «Жыція…», ува сне да маладой манахіні тройчы прыходзіў анёл, які сцвярджаў, што места яе — недалёка ад Полацка, у вёсцы Сялец, дзе апроч драўлянай Спасавай царквы трэба збудаваць мураваны храм. А паралельна той жа анёл «апрацоўваў» мясцовага епіскапа, каб не чыніў перашкод Ефрасінні, а спрыяў ёй.
Так яно ці гэта царкоўны міф паверх тагачасных палітычных разборак князёў, аднак каля 1128-1133 года Ефрасіння заснавала ў Сяльцы жаночы манастыр — першы на беларускіх землях, а на сёння дык найстаражытнейшы ў краіне архітэктурны комплекс.
А пры ім — яшчэ адзін, мужчынскі, каб пры нападзе было каму абараніць абедзве абіцелі. І майстэрні па перапісванні кніг, скрыпторыі. Праца перапісчыка была цяжкой фізічна і вымагала творчых талентаў, але й цанілася высока — таму дзякуючы манастыр, дзякуючы скрыпторыям, а таксама іканапіснай майстэрні, мог сябе забяспечваць.
Але што да зямных дабротаў (перапісаныя ўласнаруч кнігі былая князёўна прадавала, а грошы загадвала раздаваць тым, хто ў нястачы), калі Ефрасіння падарыла беларусам багацце духоўнае. У адкрытых ёю школах дзеці вывучалі не толькі чытанне, пісьмо, «цыфіры» ды царкоўныя спевы, але яшчэ грэцкую і лацінскую мову, асновы медыцыны і прыродазнаўчых навук, гісторыю і рыторыку.
Партрэт са многімі «але»
Праз час Ефрасіння выканала яшчэ адну місію — на яе сродкі вельмі хутка, усяго за 30 тыдняў, быў узведзены каменны Спаса-Праабражэнскі храм. Ён захаваўся праз вякі і войны да сёння — а галоўнае, унутры захаваліся ўнікальныя фрэскі 12 стагоддзя. На адной з іх мастакі, меркавана, намалявалі саму Ефрасінню.
Па сведчаннях сучаснікаў, князёўна была вельмі прыгожай жанчынай. Але ж партрэтаў асветніцы амаль не захавалася — толькі гравюра 16 стагоддзя, скапіяваная з больш даўняга арыгіналу, які да нашага часу не дайшоў.
А вось шматлікія іконы з выявамі святой Ефрасінні наўрад ці могуць даць добрае ўяўленне пра сапраўднае яе аблічча, бо пісаныя па канонах.
Не пешка ў палітыцы
Ефрасіння Полацкая была не проста ігуменняй, але і ўплывовай фігурай у палітыцы — яе аўтарытэт выходзіў далёка за межы манастыра і нават княства.
Да яе меркавання прыслухоўваліся князі і веча, а ейнае слова магло стаць вырашальным у судовых спрэчках паміж князямі. Наогул, мяркуюць некаторыя даследчыкі, Ефрасіння Полацкая стала для палачан сімвалам барацьбы за незалежнасць княства. І, магчыма, менавіта яна паўплывала на падзеі 1132 года, калі палачане скінулі ўладу прышлага кіеўскага князя, а вярнулі на княства роднага брата Ефрасінні — Васільку.
А пячатка Ефрасінні, знойдзеная падчас раскопак на гарадзішчы ў Ноўгарадзе, пацвярджае палітычную вагу беларускі і яе ўплыў на жыццё княства.
Страчаная святыня
Адна з самых загадкавых рэчаў, звязаных з імем Ефрасінні — напрастольны крыж, які мусіў упрыгожваць заснаваны ёю храм. Стварыў яго майстар-ювелір Лазар Бокша.
Шасціканцовы, выраблены з кіпарысавага дрэва, абабіты залатымі і срэбранымі пласцінамі, упрыгожаны каштоўнымі камянямі і 20 абразкамі з лікамі святых, крыж утрымліваў пяць фрагментаў найкаштоўнейшых хрысціянскіх рэліквій. На бакавых жа тарцах крыжа быў надпіс-праклён, каб крыж не выносілі з манастыра ніколі, інакш «…няхай спасцігне яго доля Юды, які прадаў Хрыста».
Падчас Лівонскай вайны крыж трапіў было ў рукі ваяроў Івана Грознага, але той паверыў у праклён — і вярнуў рарытэт палачанам. А вось за савецкім часам нацыянальную каштоўнасць прысабечылі бальшавікі — крыж захоўваўся то ў дзяржаўным музею ў Мінску, то ў Магілёве, пакуль у 1941 годзе падчас эвакуацыі не знік бясследна.
Пошукі яго дагэтуль плёну не далі — хоць, паводле прафесара Адама Мальдзіса, зніклую святыню трэба шукаць у Расіі, а не па «заходніх слядах». Паводле легенды, вяртанне Крыжа Ефрасінні Полацкай стане пачаткам сапраўднага адраджэння Беларусі.
У 1993-м Крыж Ефрасінні Полацкай быў адноўлены — максімальна набліжаную да арыгінальнай святыні копію стварыў брэсцкі ювелір Мікалай Кузьміч. Яшчэ праз 10 год майстар пачаў узнаўляць абабітую срэбрам раку — усыпальніцу для захавання мошчаў, таксама страчаную ў 20 стагоддзі.
Ефрасіння-натхняльніца
Пасля 60-і год ігумення выправілася ў паломніцтва ў Святую Зямлю — імаверна, не толькі з хрысціянскай, але і з дыпламатычнай місіяй, бо сустракалася ў Іерусаліме з вельмі ўплывовымі асобамі: імператарам Мануілам Комнінам, каралём Амальрыкам І, патрыярхам Лукой.
На жаль, цяжкая дарога падарвала яе сілы — пасля доўгай хваробы ў маі 1167-га Ефрасіння памерла ў Іерусаліме і была пахаваная ў манастыры святога Феадосія.
Пазней парэшткі ігуменні хутка перавезлі ў Кіеў, дзе яны заходзіліся шмат вякоў. У 1910-м мошчы з вялізнай пашанай былі перавезеныя па Дняпры ў Полацк.
За савецкім часам раку ўскрылі, мошчы вывучала адмысловая камісія, потым іх адправілі на атэістычную выставу ў Маскву — і толькі ў 1943-м іх вярнулі на радзіму канчаткова.
Усяго трыццаць год таму, у 1984-м, праваслаўная царква прылічыла Ефрасінню да Сабора Беларускіх Святых і прызнала святой апякункай Беларусі. Пры гэтым вернікі пачалі ўшаноўваць заступніцу значна раней, пра што сведчаць царкоўныя спевы 17-18 стагоддзяў. Дарэчы, Ефрасіння Полацкая прызнаная як праваслаўнай, так і каталіцкай царквой.
Натуральна, праз час вакол узнікла мноства легенд — прыкладам, пра цудадзейную сілу мошчаў Ефрасінні, якія дарылі вылячэнне безнадзейна хворым.
Ад Полацка да Таронта
«Была яна памочніца пакрыўджаным, зажураным суцяшэннем, распранутым адзенне, хворым наведанне, ці, проста кажучы, — для ўсіх была ўсім», — пісаў невядомы аўтар біяграфічнага «Жыція…».
Жыццё і вобраз Ефрасінні натхнілі не толькі беларускіх гісторыкаў, але і многіх творцаў — пра яе пісалі Кірыла Тураўскі, Алесь Звонак, Вацлаў Ластоўскі, Рыгор Барадулін і Алесь Разанаў, Алег Лойка, Вольга Іпатава, Сяргей Тарасаў, Леанід Дранько-Майсюк, Таіса Бондар і многія іншыя.
Імем Ефрасінні Полацкай названыя вуліцы ў Полацку, Мінску, Пружанах, Слоніме. У Верхнядзвінску, Віцебску, Драгічыне і Вільнюсе, Лондане і Таронта ёсць храмы, названыя ў гонар святой. Таксама ў Полацку і Мінску ўсталяваныя помнікі ёй.
У 2004 годзе Беларуская праваслаўная царква заснавала Ордэн прападобнай Ефрасінні Полацкай у выглядзе крыжа-квадрыфолія — яго ўручаюць за місіянерскую, духоўна-асветніцкую дзейнасць, дабрачынную дапамогу, працу па аднаўленні царкоўных рамёстваў, спеваў, кнігавыдання.
Таксама ў Беларускім экзархаце РПЦ ёсць Ордэн Крыжа прападобнай Ефрасінні Полацкай.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное