Уладзімір Зяленскі разгледзеў электронную петыцыю аб перайменаванні Расіі ў Масковію. Дакумент за некалькі месяцаў набраў неабходныя 25 тысяч подпісаў. На думку аўтара, менавіта Масковія – гістарычная назва Расіі, якая сустракалася на «многіх гістарычных картах» у XVI-XIX стагоддзях, ужо пасля таго, як Пётр I абвясціў дзяржаву Расійскай імперыяй.
Прэзідэнт Украіны апублікаваў адказ на петыцыю, у якім адзначыў, што «паднятае ў петыцыі пытанне патрабуе ўважлівай прапрацоўкі як у плоскасці гісторыка-культурнага кантэксту, так і ўлічваючы магчымыя міжнародна-прававыя наступствы».
Ён даручыў прэм'ер-міністру Дзянісу Шмыгалю «комплексна прапрацаваць» пытанне аб перайменаванні Расіі ў Масковію – «у прыватнасці, з прыцягненнем навуковых устаноў».
Адзначым, што гэтая ініцыятыва – добра зразумелая беларусам. Так у Беларусi на Крапівенскім полі яшчэ на 500-годдзе Аршанскай бітвы гучала: «Масковія ад Арды пераняла ўсё».
Вось урывак прамовы гiсторыка, які гучаў над знакавым для беларусаў полем (8 верасня 1514 года войска ВКЛ і Каралеўства Польскага на чале з Канстанцінам Астрожскім разграміла ў разы большае маскоўскае войска):
«У гісторыі кожнага народа ёсць падзеі, памяць пра якія ніколі не згасае, яна прабіваецца, як трава скрозь брук. Яна вяртаецца, як вяртаюцца птушкі з выраю да родных гнёздаў. Яна знаходзіцца сярод ломкіх старонак старых фаліянтаў. I ў шэрагу такіх падзей у нас, беларусаў, гэта Аршанская бітва.
Тут, на Крапівенскім полі, супрацьстаяла ня толькі войска Літвінскае і войска Маскоўскае. Гэта было сутыкненне двух светаў. Еўрапейскага, часткай якога былі нашыя землі на працягу стагоддзяў, і свету Еўразійскага, дзе ўзмацнілася Маскоўскае княства, вызваленне якога ад татарскага ярма было чыста вонкавым.
Масковія ад арды пераняла і пабудову ўсёй дзярджаўнай структуры, са сляпой падначаленнасцю халопаў гасударавых, і чынгізханаўскую ідэю панавання над ўсім светам.
I не выпадкова, што перамога нашых рыцараў-ліцвінау, атрымала такі шырокі розглас у Еўропе».
Як бачым, прайшлі сотні гадоў, а карціна ўсё тая ж. Паралелі з сучаснасцю вельмі дакладныя, а таму і ініцыятыва максімальна зразумелая.