Ціханоўская агучыла пяць практычных крокаў, «якія ўжо сёння могуць зрабіць Паўночныя краіны, каб дапамагчы беларусам»
Стала вядома, што зроблена ўжо зараз.
Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у 76-й сесіі Паўночнай Рады, якая праходзіць у Рэйк’явіку. Асноўнымі тэмамі пасяджэнняў на форуме сталі бяспека і стабільнасць у рэгіёне. А таксама міжнароднае супрацоўніцтва ў сферах аховы навакольнага асяроддзя і культуры.
Як паведамляе прэс-служба лідаркі беларускіх дэмакратычных сілаў, падчас выступу Ціханоўская агучыла пяць практычных крокаў, якія ўжо сёння могуць зрабіць Паўночныя краіны, каб дапамагчы беларусам:
1. Далучыць дэмакратычную Беларусь да Паўночнай і Паўночна-Балтыйскай супольнасцяў, фармалізаваць адносіны: «Запрашайце нашых прадстаўнікоў у якасці назіральнікаў на сесіі і далучайце да ўдзелу ў міжнародных праектах. Прапануйце моладзі стажыроўкі. Дапамагайце ў распрацоўцы рэформаў. Далучайцеся да групаў за дэмакратычную Беларусь».
2. Дапамагаць у працэдурах вызвалення палітвязняў, падтрымліваць рэпрэсаваных: «Падтрымайце высілкі па вызваленні палітвязняў і дапамозе рэпрэсаваным. Кожны парламентар можа ўзяць шэфства над адным з такіх беларусаў. Мы павінны пастаянна падымаць гэтую тэму ў ААН і АБСЕ».
3. Пашырыць магчымасці для мабільнасці беларусаў, клапаціцца пра грамадзянскую супольнасць, незалежныя медыя: «Беларусам патрэбна больш стыпендыяў, візаў, праграмаў абмену і навучання. Дапамажыце легалізавацца тым, хто ратуецца ад рэпрэсіяў, студэнтам – вучыцца, а сумленным бізнесам – працаваць у вашых краінах. Трэба павялічваць дапамогу грамадзянскай супольнасці і ўмацоўваць культурнае супрацоўніцтва нашых краінаў».
4. Прыцягнуць вінаватых у рэпрэсіях да адказнасці: «Падтрымайце зварот Літвы ў Міжнародны крымінальны суд супраць Лукашэнкі. Працягвайце ціск на рэжым, каб прыцягнуць вінаватых у рэпрэсіях да адказнасці».
5. Прызнаць «выбары» 2025 нелегітымнымі: «У 2025 дыктатар Лукашэнка зноў аб’явіць сябе «прэзідэнтам». Дэмакратычны свет павінен прызнаць так званыя выбары фарсам. Неабходна ліквідаваць злачынны рэжым і патрабаваць сапраўдных, свабодных і справядлівых выбараў, якіх заслугоўвае беларускі народ».
Тым часам, перамовы Святланы Ціханоўскай з міністрамі замежных справаў краінаў Паўночнай Рады прынеслі першыя вынікі.
Так, днём раней стала вядома, што Данія выдаткуе ў 2024 годзе 5 мільёнаў дацкіх кронаў (каля 700 000 еўра) для «Міжнароднага гуманітарнага фонду» дапамогі беларускім палітвязням.
Таксама дацкі міністр замежных справаў Ларс Расмусен паведаміў пра ўрэгуляванне прававога статусу беларусаў Даніі: прынятая пастанова, якая дазволіць ім заставацца з пратэрмінаванымі пашпартамі і атрымліваць пашпарты замежніка, калі яны не могуць вярнуцца ў Беларусь.
Акрамя таго, Ісландыя працягне падтрымліваць Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, незалежныя медыя і грамадзянскую супольнасць. Данія – Міжнародную платформу збору доказаў злачынстваў рэжыму. А Швецыя – грамадзянскую супольнасць, культурніцкія ініцыятывы і стыпендыяльныя праграмы для беларусаў.
***
Паўночная Рада была заснаваная ў 1952 годзе. Яна аб’ядноўвае Данію, Фінляндыю, Ісландыю, Нарвегію, Швецыю, а таксама Грэнландыю, Фарэрскія і Аландскія астравы.
Галоўная задача – садзейнічанне палітычнаму, эканамічнаму і культурнаму супрацоўніцтву паміж паўночнымі краінамі і іх парламентамі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное