Ціханоўская: «Калі будуць перамовы, мы павінны патрабаваць вываду расійскіх войскаў і ўзбраення не толькі з Украіны, але і з Беларусі»
Лідарка дэмсілаў — пра ядзерную зброю РФ і акно магчымасцяў для беларусаў.
Святлана Ціханоўская паразмаўляла з украінскім каналам «Еспресо». Прэс-служба лідаркі дэмакткрчыных сілаў прыводзіць вытрымку з гутаркі — пра кантакт з украінскімі ўладамі, пагрозу расійскай вайсковай прысутнасці ў Беларусі і магчымыя сцэнары развіцця падзеяў пасля Лукашэнкі.
Пра супрацоўніцтва з Кіевам
— Мы камунікуем з прадстаўнікамі МЗС Украіны, Офіса прэзідэнта і іншых ключавых структураў. У Вярхоўнай Радзе ёсць група сяброў дэмакратычнай Беларусі.
Украінскае пытанне ёсць у кожным маім выступе і сустрэчы. Мы разумеем, што ўлада можа быць асцярожнай у кантактах з беларускімі структурамі з-за рэжыму Лукашэнкі. Але мы будзем падтрымліваць Украіну пры любых умовах і застанемся адкрытымі да кантактаў, калі ў украінскай улады будзе жаданне.
Пра ядзерную зброю ў Беларусі
— Пацвярджэнняў таго, што зброя сапраўды знаходзіцца ў Беларусі, пакуль няма, але інфраструктура створаная. І «Арэшнік», і ядзерная зброя — прылады інфармацыйна-псіхалагічнай вайны. Іх мэта — стварыць ціск на заходнія краіны, адцягнуць рэсурсы ад Украіны і прымусіць саюзнікаў вытрачаць больш на ўласную абарону. Для Пуціна гэта таксама магчымасць мець большы кантроль над Беларуссю.
Расійская прысутнасць з’яўляецца пагрозай для беларусаў і для ўсяго рэгіёну. Таму калі будуць перамовы, мы павінны патрабаваць вываду расійскіх войскаў і ўзбраення не толькі з Украіны, але і з Беларусі.
Пра акно магчымасцяў для беларусаў
— Калі заўтра Лукашэнкі не стане — пачнецца змаганне за ўладу. Чыноўнікі паспрабуюць дамовіцца паміж сабой, і частка будзе зацікаўленая не толькі ў захаванні пасадаў, але і ў беларускай незалежнасці. Я і дэмакратычныя сілы зробім усё магчымае, каб скарыстацца акном магчымасцяў для дэмакратычнай змены ўлады.
Так, Крэмль будзе зацікаўлены ў захопе кантролю над Беларуссю, каб і надалей мець магчымасць пагражаць, у прыватнасці, Украіне з поўначы. Таму ў інтарэсах і Беларусі, і Украіны — каб свет не дазволіў Расіі навязваць беларускаму народу сваю волю.
Читайте еще
Избранное