Ціханоўская: «Не дайце шанцу «рускаму міру» прарасці ў вас»
Лідарка беларускіх дэмсіл — з нагоды трэцяй гадавіны пачатку поўнамаштабнай вайны.

— Абмяркоўваць вайну няпроста. Часам здаецца, што сказаць нешта новае ўжо немагчыма, — звярнулася Святлана Ціханоўская да беларусаў. — З самага дзяцінства нас вучаць, што вайна — гэта трагедыя, і няма нічога, што можа апраўдаць жорсткае кровапраліцце, зруйнаваныя гарады і бясконцыя смерці.
У школах і ўніверсітэтах нам распавядаюць пра каштоўнасць чалавечага жыцця. Як жа атрымалася, што ўжо тры гады працягваецца поўнамаштабная вайна ва Украіне?
Расія пазбягае слова «вайна». Мы не пачуем ад пуцінскага рэжыму пра разбурэнні і смерці. Не даведаемся пра больш за 600 забітых дзяцей і сотні людзей, сталых і маладзёнаў, якія гінуць штодня.
Замест гэтага прапаганда расказвае пра «подзвігі» і «мужнасць». Мы зноў і зноў чуем байкі пра «абароненасць» і «стабільнасць». Але давайце паглядзім праўдзе ў вочы.
Раней мы думалі: «абы не было вайны». Тым не менш, яна ўжо ідзе — і Расія з кожным днём памнажае яе жахі. Мы можам не заўважаць бамбардзіроўкі жылых дамоў, ігнараваць гвалт у Бучы і Ірпені, пазбягаць навінаў, спрабаваць жыць, як звычайна, і абстрагавацца ад рэчаіснасці. Але людзі не перастануць паміраць.
Расія ўпілася каранямі ў нашую краіну і зрабіла саўдзельнікамі гэтай вайны. Але беларусы не жадаюць такога «паплечніка»: ні ў якасці «старэйшага брата», ні ў якасці крэдытора, ні ў якасці палітычнага партнёра.
Мы, беларусы, — самадастатковая нацыя. Мы супраць вайны і імкнёмся выхоўваць дзяцей, якія шануюць мір і волю, а не адгароджваюцца ад іншых калючым дротам.
Таму я звяртаюся да вас з заклікам: не дайце шанцу «рускаму міру» прарасці ў вас. Не верце ніводнаму слову пра «неабходныя страты» і «дэнацыфікацыю». Цяпер, калі на гарызонце віднеецца магчымасць перамоваў, мы ўсе спадзяёмся, што хутка ва Украіне настане мір. Але важна памятаць, хто развязаў гэтую вайну і на кім ляжыць адказнасць за сотні тысяч бессэнсоўных смерцяў.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное