Ціханоўская: Трэба памятаць пра тых, хто цяпер у палоне, на фронце, у беларускіх турмах, і падтрымліваць іх і іх сем’і
Лідарка беларускіх дэмсіл — пра 1000 дзён палону беларускіх добраахвотнікаў.
— 26 чэрвеня 2022 года беларусы палка Каліноўскага трапілі ў пастку пад Лісічанскам. Іх камандзір, Іван «Брэст» Марчук, загінуў. Некалькі байцоў зніклі без вестак, а двое трапілі ў расійскі палон, — піша Святлана Ціханоўская.
— 1000 дзён — гэта бясконца доўгі час у няволі. Менавіта столькі нашыя добраахвотнікі, Ян Дзюрбейка і Сяргей Дзёгцеў, застаюцца ў расійскім палоне. Ні сябры, ні сем’і не ведаюць, у якіх умовах трымаюць беларусаў.
Ці атрымліваюць яны ежу і ваду. Ці маюць магчымасць спаць без страху за жыццё. Ці ведаюць яны, што пра іх памятаюць, чакаюць… Адзінае, што вядома, гэта тэрмін, да якога Яна Дзюрбейку прысудзіў суд самаабвешчанай ДНР — 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
У навінах пасля абмену палоннымі мы бачым, у якім стане вяртаюцца ўкраінскія вайскоўцы пасля жудасных умоваў у няволі. Гэтыя кадры цяжка глядзець і немагчыма забыць. Страшна нават уявіць, праз што праходзяць нашыя хлопцы, і які след — фізічны, псіхалагічны, эмацыйны — гэтыя катаванні пакідаюць на іх жыццях.
Мы сістэматычна падымаем пытанні ўключэння беларускіх добраахвотнікаў у спісы на абмены праз Міністэрства замежных справаў Украіны і Вярхоўную раду, і я вельмі спадзяюся, што хутка яны атрымаюць шанец на вяртанне.
Калі ласка, падтрымлівайце нашых добраахвотнікаў. Так, тры гады вайны і жахаў нават самага стойкага чалавека спустошаць эмацыйна. Часам вельмі хочацца адгарадзіцца ад гэтага болю: дыстанцыявацца, адпісацца ад стужак навінаў, выключыць прамыя ўключэнні з Украіны на «Ютубе». Не ведаць пра тое, як бамбяць Адэсу, як ляцяць ракеты на шпіталь у Сумах, як гінуць мірныя людзі ў Крывым Рогу пасля атак балістыкай.
Але гэтая вайна — побач. Гэтая вайна — тут і цяпер. І як бы балюча ні было ўсведамляць яе жах, трэба глядзець праўдзе ў вочы. Трэба намагацца не згубіць спачування і салідарнасці. Трэба памятаць пра тых, хто цяпер у палоне, на фронце, у беларускіх турмах — і падтрымліваць іх і іх сем’і, нават маленькімі дзеяннямі. Бо маўчанне і абыякавасць — гэта тое, чаго хоча і на што спадзяецца вораг. А нашая сіла — у еднасці.
Читайте еще
Избранное