Филин

Юлія Кот

«Цяпер у Беларусі сацыяльныя службы, часам нават недзяржаўныя, ператвараюцца ў карныя органы»

Гендарная даследчыца, сацыялагіня Алена Агарэлышава — пра тое, што кантроль не роўны клопату, а зацісканне гаек прыводзіць да жахлівых наступстваў.

Забойства ў Оршы чатырох дзяцей ва ўзросце ад 1 да 8 год, па падазрэнні ў якім затрыманая іх маці, выклікала вялікі рэзананс. Блізкія да сілавікоў тэлеграм-каналы распаўсюдзілі інфармацыю, што сям’я была ў сацыяльна небяспечным становішчы і жанчына задушыла чатырох з шасці ўласных дзяцей, каб не аддаваць іх у органы апекі.

Паводле слоў знаёмых, сям’я жыла бедна, дзеці былі ад розных бацькоў, але маці не піла (у адрозненне ад мужа, якога накіравалі ў ЛПП) і выхоўвала іх як магла. Цяпер да расследавання справы падключылася ажно Генпракуратура. А прапагандысты, не чакаючы суда, па выніках гэтага і іншых рэзанансных выпадкаў з забойствам дзяцей заклікаюць «вынесці на абмеркаванне тэму смяротнага пакарання і для жанчын».

Але справа падаецца нашмат больш глыбокай і, па вялікім рахунку, падсвечвае катастрофу, якая проста цяпер адбываецца ў Беларусі. Бо замест таго, каб дапамагаць сем’ям, якія так ці інакш трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю (а на пачатак 2023 года, паводле афіцыйных звестак, у СОП знаходзіліся каля 19 тысяч дзяцей), адказныя за гэта структуры, ад сілавікоў да школ і сацслужбаў, засяроджаныя на рэпрэсіях. НКА, якія дапамагалі, у прыватнасці, жанчынам у сітуацыі хатняга гвалту, знішчаныя. І таму падобныя трагедыі не прадухіляюцца, а паўтараюцца.

Аб глыбіні бездані, у якой мы ўжо знаходзімся, і магчымасцях палепшыць сітуацыю Филин пагутарыў з сацыялагіняй, гендарнай даследчыцай і ўдзельніцай Фемгрупы Каардынацыйнай рады Аленай Агарэлышавай. (Спойлер: пазітыўных змен, на жаль, чакаць не выпадае).

«Гэта гісторыя не пра дапамогу, а пра запалохванне»

— У англійскай мове ёсць такое спалучэнне «carework» — клопат як галоўны механізм і прынцып таго, як мусяць функцыянаваць сацыяльныя службы. Але ў Беларусі цяпер усё больш і больш сацыяльныя службы, часам нават недзяржаўныя, ператвараюцца ў карныя органы, для якіх галоўнае — падпарадкоўвацца і выконваць загад, — адзначае Алена Агарэлышава.

Алена Агарэлышава. Фота svaboda.org

А з другога боку, іх праца — гэта гісторыя не пра дапамогу, а пра запалохванне людзей, каб тыя выконвалі пэўныя патрабаванні.

Як мне падаецца, гэта можа быць эфектыўным у вельмі маленькай колькасці выпадкаў. Асабліва калі мы гаворым пра адукацыю і сацыяльную сферу.

Такая практыка «выхавання насельніцтва праз пагрозы пакарання» існавала і раней, дадае сацыялагіня, але пасля 2020 года яна ўсё больш набірае абароты. Які «плён» дае імкненне рэжыму вярнуць і ўзмацніць кантроль ва ўсіх сферах, выразна бачна нават па афіцыйных гендарных звестках Белстата, некаторыя з якіх сарамліва канчаюцца ў 2019-2020-м.

Cкрыншоты gender.belstat.gov.by

— Калі і далей замест рэальнай дапамогі неўладкаваныя сем’і, сацыяльныя службы, педагогаў і медыкаў, якія «не дагледзелі», будуць проста караць — ці можна меркаваць, што сітуацыя пагоршыцца?

— Як бы мне ні хацелася адваротнага, пакуль не бачна ніякіх перадумоў для паляпшэння. Была б радая памыліцца, але відавочна: эканамічны стан людзей робіцца ўсё горшым, негатыўны ўплыў санкцый і вайны, у якой саўдзельнічае рэжым, працягваецца. А значыць, людзі будуць станавіцца ўсё бяднейшымі, асабліва тыя, хто і раней быў у групе рызыкі.

Нават тыя катэгорыі насельніцтва, хто быў у больш-менш стабільным стане, у тым ліку псіхалагічным, адчуваюць гэты негатыў — эканамічны, палітычны, і адчуваюць пастаянны стрэс. Для ўразлівых груп сітуацыя пагаршаецца значна.

«Мы бачым толькі вяршыню айсберга»

Даследчыца звяртае ўвагу, што на сілавы рэсурс  — армію, унутраныя войскі, міліцыю, «патрыятычныя» клубы і класы — дзяржава вылучае ўсё больш сродкаў, між тым як сацыяльная сфера фінансуецца па рэшткавым прынцыпе, скарачаецца колькасць сацработнікаў і іх заробак.

Больш за тое, расказвае Алена Агарэлышава: у Беларусі ў сацыяльныя службы часта ідуць жанчыны сталага веку, проста каб «дапрацаваць» да пенсійнага ўзросту. Для большасці супрацоўнікаў і супрацоўніц сацыяльнай сферы гэтая праца — не пра эмпатыю, не пра пакліканне сэрца, але ад бязвыхаднасці і ад таго, што няма варыянтаў іншай працы.

— Гэта так сабе званочак пра сферу, — канстатуе даследчыца. — А эфектыўнасць яе вымяраецца хіба паказчыкамі, якія даводзяць профільныя дзяржструктуры: кантраляваць, каб выконваліся пэўныя працэдуры, і справаздачыцца ў час.

Натуральна, вельмі складана наладжваць кантакт з уразлівымі сацыяльнымі групамі, калі твая галоўная мэта — не дапамагаць ім, не апекавацца, а менавіта кантраляваць і застрашваць… І мы ж бачым толькі вяршыню айсберга — а там унізе, мне падаецца, усё яшчэ больш жахліва.

Алена Агарэлышава прыгадвае паказальны выпадак. Яшчэ жывучы ў Беларусі, яна супрацоўнічала з сацыяльнымі цэнтрамі: для супрацоўнікаў ладзілі адукацыйныя трэнінгі, дзе распавядалі пра сямейны гвалт і як сябе паводзіць з ахвярамі і агрэсарамі, разбіралі стэрэатыпы, чаму жанчына не можа «проста ўзяць і сысці», і г.д.

Падавалася б, справа карысная і патрэбная, і ў сацыяльных цэнтрах узрадуюцца супрацоўніцтву. Але ж не. Наадварот, актывісты і валанцёры сутыкнуліся з супрацівам саміх работнікаў. Куфэрак адчыняўся проста: працоўную нагрузку з тых ніхто не здымаў, а трэнінгі і курсы сталі дадатковай, неаплочваемай… Не дзіва, што стомленыя, нярэдка ўжо з выгараннем жанчыны-супрацоўніцы былі, мякка кажучы, не радыя.

— А гэта было яшчэ ў 2019-м, калі значную частку сацыяльнай працы дапамагалі рабіць НКА, — звяртае ўвагу суразмоўца. — Цяпер, мяркую, сітуацыю будуць вырашаць усё большым ціскам: давайце правядзем нараду, насварымся на сацыяльныя службы за тое, што «не дагледзелі», і па ланцужку зверху ўніз усім навесім дадатковыя рэчы, якія яны мусяць кантраляваць.

Гэта мы яшчэ не чапаем палітыку — бо адной з «навешаных» задач стаў палітычны, па сутнасці, кантроль, каб хадзіць і запалохваць сем’і, якія так ці інакш былі заўважаныя ў пратэстах. Вядомыя кейсы, калі з сям’і забіралі дзяцей менавіта праз палітычную актыўнасць бацькоў — хаця рэсурсы маглі быць скарыстаныя з карысцю, для тых сем’яў, якім гэта сапраўды патрэбна.

«Рэпрэсіўная Беларусь у нашых галовах»

— Калі іншых механізмаў, акрамя рэпрэсіўных, не прадугледжана — ці можна ў гэтых варунках нешта зрабіць для ўразлівых груп, у прыватнасці для прадухілення хатняга гвалту?

— Хутчэй, трэба змяняць усю вертыкаль. Мне падаецца, што зараз усё трымаецца на супрацоўніках/цах, якія нават не тое што добра, а хаця б на крышачку нармальна робяць сваю працу. Таму ўзровень сацыяльнага пекла пакуль не падае ў бездань.

Але, на вялікі жаль, не бачна, каб хтосьці ачомаўся і падумаў, што павелічэнне жорсткасці не даё плёну, а толькі вядзе да таго, што людзі не вытрымліваюць— ні сацработнікі, ні ўразлівыя групы, аб якіх мы мусім клапаціцца. Бо кантроль — не роўна клопат.

— У Брэсцкай вобласці ўлады плануюць адкрыць гарачую лінію для пацярпелых ад  хатняга гвалту (раней існавала агульнанацыянальная, але ў 2021 годзе яе зачынілі — Ф). Гэта крок да лепшага ці кропля ў моры?

— Лепш штосьці, чым нічога — прынамсі я сыходжу з гэтага. Калі гэта лінія дапаможа хоць камусьці ў сітуацыі хатняга гвалту — ужо добра.

Хоць на добры толк, так, трэба перапісваць усю праграму і алгарытмы працы сацыяльных службаў. Бо лічбы сведчаць, як па розных паказчыках (колькасць пазбаўленых бацькоўскіх правоў, колькасць ахвяр хатняга гвалту, сем’яў у СНП, колькасць дзяцей у прытулках і г.д.) з 2010-2011 года сітуацыя паляпшалася, а з 2019-2020 зноў бачыцца рост негатыўных праяў — дзе павольны, а дзе і на 30, і на 50 адсоткаў.

Тэндэнцыя такая, што далей будзе, на мой погляд, яшчэ горш. Бо ўсё, што засталося недзяржаўнага — патэнцыйна небяспечнае, «тэрарыстычнае», як бы чаго не выйшла, таму з недзяржаўнымі спецыялістамі, якія засталіся ў краіне, многія баяцца супрацоўнічаць. І хоць фонды ЮНІСЕФ усё яшчэ працуюць у Беларусі, але і іх дзейнасць нашмат больш абмежаваная, цэнзураваная, да іх большы недавер, хаця гэта тыя ж самыя людзі, з якімі дзяржструктуры працавалі ў 2019-м.

Ці можа паўплываць на сітуацыю смяротнае пакаранне, якое ў Беларусі дагэтуль прымяняецца і якое прапаганда заклікае «абмеркаваць і для жанчын»? Алена Агарэлышва звяртае ўвагу на важныя акалічнасці, якія сядзяць у нашай свядомасці і часам успрымаюцца як нешта натуральнае:

— Глядзіце: калі мы праводзім апытанні, хто мусіць апекавацца домам, сям’ёй, большасць апытаных адказваюць, што гэта першасная задача жанчыны. І калі ў аршанскай трагедыі ўсё ж высветліцца і будзе даказана, што забойца — маці, на яе выплеснецца большае сацыяльнае абурэнне, чым на забойцаў-мужчын. Дзіўна, але так: сацыяльныя чаканні да жанчын, да маці больш высокія, чым да мужчын — хоць абое яны бацькі. Гэта першы момант.

І другі — стаўленне значнай часткі грамадства да смяротнага пакарання. Для мяне вялікі боль, што нават пад публікацыямі гэтай навіны ў незалежных медыя досыць многа агрэсіўных каментароў, аўтары якіх патрабуюць смяротнага пакарання для гэтай жанчыны. А гэта ж пішуць у «экстрэмісцкіх» медыя, хутчэй за ўсё, людзі, якія не жывуць у Беларусі, у рэпрэсіўным атачэнні, а знаходзяцца ў дэмакратычных краінах! І яны мысляць у фармаце смяротнага пакарання для чалавека — нават для таго, хто, верагодна, забіла сваіх дзяцей.

Гэта рэпрэсіўная Беларусь у нашых галовах, і гэта вельмі сумна. Людзі не ўсведамляюць, што становяцца часткай машыны гвалту. Нагадвае сярэднявечны натоўп, які прыйшоў на пакаранне і патрабуе, каб злачынцу не толькі павесілі, але і чацвяртавалі, бо ягонае злачынства па жорсткасці суадносна з такой мерай.

Але што мы тады за грамадства, калі смяротнае пакаранне — галоўны вынік, да якога можна прыйсці ў гэтай гісторыі? І хіба такая мера верне дзяцей, альбо дапаможа іншым жанчынам?

Ці можам мы прымусіць іншых мацярок і бацькаў быць лепшымі бацькамі для сваіх дзяцей? Альбо варта выбрацца з калектыўнага дурману і зыходзіць з іншага: што акурат закручванне гаек прыводзіць да такіх жудасных вынікаў, і яшчэ большае закручванне прывядзе толькі да новых жахлівых трагедый?