Цыганкоў: Па справе ЕГУ колькасць патэнцыйных ахвяраў можа вылічацца сотнямі і тысячамі людзей

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў на Радыё Рацыя — пра ціск на студэнтаў, выпускнікоў і выкладчыкаў ЕГУ пасля таго, як універсітэт быў прызнаны «экстрэмісцкай арганізацыяй».

— Пасля гэтага пачаліся ператрусы, допыты і звальненні людзей, звязаных з універсітэтам. Паводле праваабаронцаў, ужо вядома больш чым пра 40 такіх выпадкаў, — піша Цыганкоў. — Аднак варта разумець, што ў беларускай рэальнасці іх можа быць значна больш, бо многія баяцца паведамляць пра ціск.

Віталь Цыганкоў

Крымінальная справа ўзбуджаная па артыкулах аб садзейнічанні і фінансаванні «экстрэмісцкай дзейнасці». Асаблівую ўвагу сілавікі надаюць пытанню, хто аплачваў навучанне студэнтаў ЕГУ. Гэта адкрывае магчымасць для пераследу людзей, якія на працягу апошніх дзесяці гадоў аплачвалі навучанне сваіх дзяцей або сваякоў ва ўніверсітэце.

Пад патэнцыйную пагрозу могуць трапіць не толькі самі студэнты, але і іх бацькі, родныя і іншыя асобы, якія ўдзельнічалі ў фінансаванні навучання.

Так што тэарэтычна колькасць патэнцыйных фігурантаў можа вылічацца нават тысячамі, бо, па некаторых ацэнках, за апошнія дзесяць гадоў у ЕГУ вучыліся каля пяці тысяч грамадзян Беларусі.

ЕГУ даўно ўспрымаецца афіцыйным Менскам не проста як абстрактны еўрапейскі ўніверсітэт, а як адзін з цэнтраў незалежнай адукацыі, пэўны сімвал беларускай альтэрнатыўнай інтэлектуальнай і грамадзянскай прасторы, не падкантрольнай дзяржаве.

Пасля падзей 2020 года менскі рэжым паслядоўна імкнецца ліквідаваць або запалохаць любыя асяродкі, дзе могуць захоўвацца незалежныя сувязі паміж людзьмі. Выпускнікі і студэнты ЕГУ – гэта нефармальная сетка актыўных, адукаваных людзей з міжнароднымі кантактамі. З пункту гледжання сілавікоў такая супольнасць можа ўспрымацца як патэнцыйная крыніца нелаяльнасці.

Таксама трэба ўлічваць і замежнапалітычны аспект. ЕГУ знаходзіцца ў Літве і атрымлівае падтрымку заходніх партнёраў. Таму крыміналізацыя супрацоўніцтва з універсітэтам можа разглядацца і як элемент ціску на Вільню, з якой Менск мае напружаныя адносіны і шэраг нявырашаных пытанняў.

Справа ЕГУ дэманструе, што пад увагу дзяржавы могуць трапіць не толькі ўдзельнікі пратэстаў або палітычныя актывісты, але і людзі, якія шмат гадоў таму проста атрымлівалі адукацыю ў незалежнай установе. Такім чынам пашыраюцца межы таго, што ўлады лічаць дапушчальным для пераследу.

На самой справе, гэта кардынальная змена, радыкальнае пашырэнне маштабу і юрыдычнай прасторы для рэпрэсіяў. Цяпер улады ўспрымаюць як пагрозу і «экстрэмізм» тыя супольнасці і арганізацыі, якія раней не разглядаліся як палітычна небяспечныя.

І цяпер караюць ужо не за канкрэтныя дзеянні, і нават не за прыналежнасць да нейкай арганізацыі, а проста за факт атрымання вышэйшай адукацыі за мяжой Беларусі.