Дашкевіч: «Нацыянальная мова акупанаванага ці паняволенага Расеяй народу — гэта наша самая надзейная і самая бесьпечная зброя за свабоду»
Пра тое, чаму нельга абвінавачваць беларусаў у тым, што тэрыторыя выкарыстоўваецца для атакі на Ўкраіну.
— Пачну з банальнасьці, якая многім была зразумела даўно, але некаторыя прыходзяць да яе толькі цяпер: па-іншаму Расея ня выпусьціла б з рабства паняволеныя народы, як толькі праз чарговую вайну, якая б адкрыла вочы тым, хто шчэ заставаўся сьляпы, — піша Зміцер Дашкевіч. — Бо калі людзі, якія чыталі кнігі па гісторыі, казалі, што Расея — гэта вайна, іх ніхто не хацеў разумець.
Не разумелі ў 90-ых, не разумелі ў 2008-м пасьля ўварваньня ў Грузію, не разумелі нават у 2014-м пасьля анэксіі Крыму і вайны на Данбасе. Ну, мо зразумеюць цяпер.
Калі зразумеюць, тады стануцца вольнымі ад прарасейскай сьвядомасьці, ад комплексаў малодшых братоў ці сясьцёр — свабоднымі ад маскоўства ў галаве. Трагедыя, што для гэтага разуменьня мусяць ліцца рэкі крыві, але такая ўжо чалавечая існасьць — на гісторыі вучыцца ня хочам.
Заўвага. Шмат хто цяпер ва Ўкраіне і некаторыя беларусы пішуць пра тое, што Беларусь — агрэсар, такі ці ледзь не такі ж, як Расея. Бясспрэчна, што тэрыторыя Беларусі выкарыстоўваецца для атакі на любімы намі брацкі народ Украіны, за што нам прыкра і сорамна. Але ці не разумеюць каментатары, што беларусы самі пад акупацыяй?
Ніхто ж ня кажа: крымска-татарскі народ напаў на Ўкраіну, бо яны самі пад акупацыяй, ці ня так? Ніхто ж ня кажа: Данбас напаў на Ўкраіну, бо данбасаўцы самі пад акупацыяй, ці ня так?
Чаму тыя ж людзі, хто так ня кажа, абвінавачваюць беларусаў? Каго вы абвінавачваеце? Тысячы тых, хто сядзіць без віны па турмах і дзясяткі тысячаў іх родных?
Дзясяткі ці сотні тысяч тых, хто ў выгнаньні? Ці вы абвіначваеце тых, хто застаўся і кожную раніцу чакае, ці арыштуюць?
Калі ў кагосьці не хапае розуму зразумець, у якім тэроры цяпер жыве грамадзтва Беларусі, то ўявіце сабе наступную карціну. Менск, 1943 год, Беларусь пад акупацыяй. Тыя, хто вырваўся ў вольны сьвет, выдаюць улёткі: «Здраднікі, чаму не выходзіце на антываенныя пікеты?!» Ну, хай бы выйшлі на гітлерштрасэ і атрымалі кулю ў лоб і выраклі б сваю сям'ю на катаваньне ў гестапа.
Калі б Беларусь не паўстала супраць акупацыі, калі б мы мірна і спакойна гулялі па нашых праспэктах, то гэта была б праўда. Але Беларусь паўстала, і цяпер беларусы самі пад вайсковым становішчам, самі пад акупацыяй.
І калі ў каго шмат нахненьня і энэргіі, то я пераходжу да прапановы, куды гэтую магутную сілу накіраваць. Бярыце прыклад з лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру і рэдактара «Новай Газеты» Дзмітрыя Муратава, які пасьля афіцыйнага нападу Расеі на Ўкраіну надрукаваў сваё выданьне па-ўкраінску.
Нацыянальная мова акупанаванага ці паняволенага Расеяй народу — гэта наша самая надзейная і самая бесьпечная зброя за свабоду. Карыстайцеся ёю штодня і паўсюль — і ніхто ня прыйдзе вызваляць «рускагаварашчых саацечэствіннікаў».
А найперш бярыце прыклад з Ісуса Хрыста, Які заклікае заўсёды маліцца і абяцае нам: «Калі будзеце мець веру і скажаце гары гэтай: «Будзь узятая і кінутая ў мора!» – станецца так».
І сёньня мы молімся за Ўкраіну і кажам гэтай Бабілонскай гары: «Будзь узятая і кінутая ў мора, каб на табе ўжо ніколі не трымаліся злачынныя рэжымы ўсяго сьвету, каб гэта было тваё апошняе крывавае вывяржэньне». У імя Ісуса Хрыста, амэн!
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное