«Дэманстраваць што «мы — беларусы» можна праз іранічныя і правакатыўныя штучкі»

Каму «ўклалі» ў руку галаву Пуціна, за што раззлаваўся Levi's і прапанову да дыялогу пра «супер-Беларусь», «Салідарнасці»  распавёў адзін са стваральнікаў праекту беларускага адзення @Znivien_2020 Уладзімір Маляўка.

Уладзімір (злева) і сузаснавальнік брэнда Паша. Фота прадастаўленыя суразмоўцам «Салідарнасці»

— Уладзімір, ваш праект @Znivien_2020, як напісана ў вашым інстаграме — для тых «хто любіць свой край», а ўнікальныя прынты дастаўляюць па ўсім свеце. Адкуль часцей замаўляюць?

— З Польшчы, больш за ўсё з Варшавы. Цікава, што ў Літве таксама шмат беларусаў, але замоў адтуль менш, чым з Нямеччыны ці нават ЗША.

Яшчэ было назіранне, што ў Скандынавію і Канаду-Штаты часта замаўляюць адразу шмат рэчаў, і аўдыторыя там старэйшая. Дыяспара жыве там па 10-20 гадоў, і ім хочацца паказаць, што яны беларусы.

«Калі мы забаронены ў Беларусі — так няхай мы там будзем. Гэта ж такі партызанскі рух!»

— Калі ваш інстаграм у красавіку 2024-га прызналі «экстрэмісцкім», вы пісалі: «З аднаго боку, гэта прызнанне, хаця хутчэй за ўсё яны пакрыўдзіліся на нашу падборку з Амазон». Ці паўплываў новы статус на продаж?

— На продаж ці іншым негатыўным для нас чынам гэта ніяк не паўплывала. Нікому няма да гэтага справы, асабліва за мяжой. На дадзены момант мы не прадаем і не дастаўляем нашу вопратку ў Беларусь. Пакуль. Але ж мо калісьці пачнем.

Я бачу ў гэтым таксама і нейкі пратэст. Бо калі мы там забаронены — дык няхай мы там будзем. Гэта ж такі партызанскі рух!

Наш брэнд і нарадзіўся з партызанскага руху. Бо спачатку былі проста пратэстныя малюнкі ды праекты, якія ў выніку перарадзіліся ў @znivien_2020. Таму ў нас і зараз, у эміграцыі, ёсць вялікае жаданне быць супраць цяперашняй улады. І калі мы можам гэта паказаць знутры Беларусі — то супер!

Але ж гэта рызыка для тых, хто застаўся ў краіне...

— Гэта выбар кожнага. Мы толькі кажам, што можам зрабіць дастаўку ў Беларусь, але нікога не прымушаем замаўляць. Мы прапаноўваем: «Хочаш? Добра, але ўсё залежыць ад цябе, ад мытні і ад пошты».

«Мы зрабілі падобны слоган, але ён не за, а супраць Трампа»

— У вас ёсць папулярная цішотка з надпісам, аналагічным «Make America great again». Які сэнс укладалі?

— Гэты прынт насамрэч прапанова да дыялога: «Давайце падыскутуем — што для вас супер? І што для вас супер-Беларусь?» Для кагосьці гэта часы ВКЛ, для іншых 90-я, а для некаторых наогул 2020-ы, бо чалавек пабачыў і адчуў, што мы — беларусы, нас шмат, і мы шмат чаго можам.

Гэта фраза стала мемам і нашым самым папулярным прынтам у замовах. Але ніякага дачынення да Трампа і яго лозунга тут няма, бо бачу ў ім нейкую імперскасць. І нам шчыра не падабаецца ён і яго ідэі.

— Бачу яшчэ пост у інстаграме, за які вас напэўна таксама чыхвосцяць: «Што набыць за 97 еўра замест пашпарта новай Беларусі?» І спасылкі на ваша адзенне. То бок вы такія правакатары!

— Канешне (смяецца)! Нам нават прапанаваў зрабіць такую цішотку вядомы апазіцыянер (не буду казаць хто).

Мы заўсёды былі пратэстным і іранічным брэндам, бо адразу рэагуем на розныя рэчы. І правакуем таксама. І шмат каму кажам: «У цябе ужо ёсць цішотка з Пагоняй, з бел-чырвона-белым сцягам. Так павінна быць і наша цішотка!»

Мы хочам паказваць, што мы беларусы, не толькі праз відавочныя рэчы. Бо шмат беларусаў у Польшчы і Літве, і мы ўсе розныя. Настолькі, што вельмі складана сказаць штосьці агульнае.

Не ўсе беларусы падтрымліваюць Ціханоўскую, не ўсе падтрымліваюць Лукашэнку. І наш брэнд пра пошукі таго, хто мы такія — беларусы? Якія сымбалі нам падабаюцца і як можна дэманстраваць што «мы — беларусы» праз нейкія іранічныя і правакатыўныя штучкі.  

«Людзі замаўляюць менавіта родныя мясціны: дзе нарадзіліся, дзе правялі дзяцінства»

— Вы робіце цішоткі, худзі ды постэры «Мой Родны Кут» з мапамі беларускіх гарадоў і вёсак. На якія мясціны (пасля Менску зразумела) большы попыт?

— Мы працуем па замовах і робім мапы любых куткоў Беларусі. У топе Менск, Гародня, Гомель і Брэст. Але ж замаўлялі і Міханавічы, і Баранавічы, і Кішчыну Слабаду, і вёскі Лука і Анкуда.

Калі мы жылі ў Беларусі, быў такі менскацэнтрычны стыль. А зараз прынт «Мой родны кут» паказаў, што за мяжой не ўсе з Менску. Шмат хто з невялічкіх гарадоў ці маленечкай вёскі. І людзі замаўляюць менавіта родныя мясціны: дзе нарадзіліся, дзе правялі дзяцінства.

Ды і нашага праекту не было, калі мы жылі ў Менску. Але ўсё што адбывалася ў Беларусі, што назапасілася —ператварылася ў гэты праект. Бо ў Беларусі не было патрэбы, было ўсё іншае, нават праца.

Але, апынуўшыся за мяжой, я зразумеў, што ёсць жаданне ствараць нешта для беларусаў. Па-першае для сябе. І каб заставацца на сувязі з творчай Беларуссю.

І я таксама б зараз не замовіў сабе Менск, а хутчэй нейкую вёску ці месца, дзе збіраліся з сябрамі. 

Цішоткі «Родны кут» ёсць у двух адміністрацыях: адна – ў адміністрацыі прэзідэнта ЗША, другая – ў адміністрацыі Ціханоўскай. У Трампа працуе дзяўчына з беларускімі каранямі – Элізабет Піпко. Мы даслалі ёй нашу цішотку.

— Як яна адрэагавала?

— Хацелася б каб яна ў адказ даслала сваё фота ў нашай цішотцы, але мо ў яе больш важныя справы. Мо зараз на паседжанні з Трампам абмяркоўваюць, як будуць захапляць гэты свет. А тут мы са сваёй цішоткай. Канешне, трэба ўсё кінуць бяжаць фоткацца (смяецца).

«Нават седзячы ў Польшчы, ва ўмоўнай бяспецы, я ўсё роўна супраць. Бо я беларус»

  А што за гісторыя з блакіроўкай вашага акаунта з-за levis?

— Летам 2022-га многія стаміліся ад вайны, сталі менш рэагаваць на навіны, і мяне гэта закранула. Узяў лагатыпы Adidas, Nike, levi’s і напісаў назвы ўкраінскіх гарадоў у іх стылі.

Праект завірусіўся, шмат хто рэпосціў. І я вырашыў зрабіць такія ж прынты для @Znivien_2020. Звязаліся нават з вядомым нямецкім стылістам Фрэнкам Пітэрам Вільде. Ён у ліфце свайго дома робіць ліфталукі ў падтрымку Украіны. І ён сфоткаўся ў нашай цішотцы.

Мы таксама зрабілі фотаздымкі цішоткі з надпісам Львів, але ў выглядзе лагатыпа levi’s. Прачынаемся раніцай, а наш інстарам выдалены з-за скаргі. Потым ужо даведаліся, што скарга прыйшла з мэйла levi’s.

Было складана аднаўляць усё наноў, бо ў нас тады было каля 3 тысяч падпісчыкаў. Але мы як тая птушка Фенікс — зрабілі ўсё і яшчэ лепей!

— Але інстаграм выдаліў і яшчэ адзін з вашых прынтоў на антываенную тэматыку. Ён быў пра Пуціна?

— Так, і гэты прынт мне вельмі падабаўся, бо здаваўся вельмі крэатыўным. Памятаеце галоўны манумент у Кіеве «Батьківщина-Мати», у якой у руках меч і шчыт? Я пакінуў у адной руцэ меч, а ў другую дадаў галаву Пуціна. І падпісалі па ангельску: «Забей свайго мясцовага пуціна».

Потым зрабілі такой жа прынт са статуёй з Валгаграда. Яны ж самі такое там робяць! А інстаграм гэта выдаліў. 

Час ад часу нам пішуць, што мы павінны выбачацца за тую ці іншую ініцыятыву. Беларусы ўсё успрымаюць блізка да сэрца, бо вельмі часта балюча. І насамрэч гэта добра. 

Прачытала нядаўна фразу, што «мы павінны рабіць добрае са злога, бо больш яго няма з чаго рабіць»...

— Калі б не было гэтага злога, то мы б нічога не зрабілі. Увесь наш праект нарадзіўся на жаданні зрабіць нешта супраць. Раней мы пісалі «пратэстны брэнд», ці «брэнд, які супраць».

Наша адзенне для вольных людзей. Заўсёды хацелі паказаць, што людзі, якія абіраюць наш брэнд, у іх ёсць жаданне супраціву. Нават седзячы дома, але калі яны супраць — гэта супер.

Сваім мерчам хочам падтрымліваць людзей у агульным жаданні быць супраць. Бо нават седзячы ў Польшчы, ва ўмоўнай бяспецы, я ўсё роўна супраць. Бо я беларус.

— Якая самая вялікая сёння цяжкасць?

— Калі мы з маім калегай і сузаснавальнікам брэнду Пашай абмяркоўваем планы і бачым колькі іх. Разумеем, што трэба зараз гэтым усім заняцца, а часу няма.

У 2025-м хочам надрукаваць і прадаць яшчэ больш нашых цішотак ды худзі. Таму што ідзе рост з кожным годам: у 2021-м зрабілі 14 штук, а ў 2024-м — 704.

Хоць хтосьці і кажа, што тэма Беларусі ўжо знікла. Але мы можам дэманстраваць, што гэта не так. Было нават некалькі замежнікаў, якія набывалі наш мерч. Таму мы будзем працаваць пакуль адчуваем, што камусьці патрэбны.

Так, з аднаго боку гэта бізнэс, але мы разглядаем нашу справу і як сацыяльны праект. У нас былі калабарацыі з арганізацыяй «Гэта окей». Калі гэтыя рэчы прадаліся, мы пералічылі пэўную частку грошаў на падтрымку ЛГБТК+ людзей.

Ёсць і культурны падтэкст нашай справы. Бо нехта мо лічыць, што культура — гэта толькі пра высокія матэрыі. Але ж культура Беларусі — гэта і Макс Корж, і брэнд @znivien_2020, і нават мат на беларускай мове. Культура гэта не толькі пафаснае, гэта таксама і андэграўнд.  

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(6)