Дракахруст: Адключэнне YouTube ў навагоднюю ноч магло быць тэхнічнай рэпетыцыяй перад выбарамі
Рэжым дэманструе гатоўнасць «даць рашучы бой і спыніць правакацыі».
Што стаіць за блакіроўкай навагодняга звароту Святланы Ціханоўскай? Страх канкурэнцыі ці помста за хакерскую атаку на агенцтва БЕЛТА? Ці гаворка пра трэніроўку перад хуткімі выбарчымі кампаніямі?
На гэтыя пытанні Филину адказаў палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст.
— Я мяркую, што тут магло быць і тое, і тое. Галоўная матывацыя — яны перарэагавалі. Бо, сапраўды, мы і ў мінулым годзе бачылі гэтую накачку: «Выбары, выбары. Апошні бой».
Цяжка патлумачыць, чаму яны менавіта так настроеныя. Але, тым не менш, ёсць у іх такі настрой закрыць усе шчыліны.
Чаго яны перасцерагаліся ў выступе Ціханоўскай? Што яна закліча людзей ісці на штурм Драздоў ці Палаца Незалежнасці? Мне складана зразумець. Але думаю, гэта магло быць адным з матываў. Як казаў хтосьці з экспертаў, камусьці ва ўладзе магла прыйсці ў галаву ідэя, што называецца, разбіць усе люстэркі.
Не выключаю, што дадатковым матывам была пэўная дэманстрацыя: «Мы так можам». Ізноў жа, калі казаць пра гэтае перарэагаванне.
Маўляў, а калі штосьці здарыцца ў гадзіну «Ч», у лютым, у дзень галасавання, нейкія масавыя забурэнні, то мы адключым YouTube. Як, напрыклад, у жніўні 2020-га адключалі ўвогуле ўвесь інтэрнэт.
Акрамя таго, я думаю, яны сочаць за падзеямі ў Расіі. А там у прынцыпе абмяркоўваюцца планы замяніць YouTube. Нядаўна пра гэта пісалі выданні «Медуза» і The Bell. Ідэя палягае ў тым, каб на базе ВКонтакте стварыць «забойцу YouTube» — моцны, папулярны відэахостынг, які адцягне на сябе аўдыторыю. А ўжо пасля проста прыхлопнуць канкурэнта.
У Расіі такія планы ёсць. Вось і Лукашэнка дэманструе: мы таксама гатовыя гэта зрабіць. Магчыма, гэта была такая тэхнічная рэпетыцыя, якая мусіла высветліць, якія наступствы такі крок будзе мець.
А яны могуць быць. У Пакістане ў 2008-м спрабавалі адключыць YouTube і ў выніку вырубілі па ўсім свеце. Тым не менш, у Мінску паспрабавалі, паэксперыментавалі.
Эксперты, праўда, да расійскіх планаў ставяцца даволі скептычна. Тым больш, што ў крамлёўскіх прапагандыстаў — Салаўёва, Кісялёва, Сіманян ды іншых — праглядаў на YouTube куды больш, чым на Rutube і ВКонтакте.
Тым не менш, я думаю, што гэта такая рэпетыцыя, дэманстрацыя таго, што ў лютым гэтага года ўлады гатовыя да ўсяго, да любых выклікаў. Гатовыя даць рашучы бой і спыніць правакацыі.
Каму даць бой, якія правакацыі, цяжка зразумець. Але такія настроі, паўтаруся, там ёсць. І яны ўвесь час накручваюцца з самага верху.
Читайте еще
Избранное