Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: Кампаніі дыскрэдытацыі Лукашэнкі за тое, што ён не ўступае ў вайну, пакуль не бачна

Каго на дадзены момант больш за ўсё павінен баяцца беларускі рэжым. Гэтую ды іншыя тэмы Филин абмеркаваў з палітычным аглядальнікам Юрыем Дракахрустам.

Юрый Дракахруст

— Пасля атакі на стратэгічныя аэрадромы ў Расіі ў прэсе з’явіліся паведамленні пра тое, што ЗША больш не будуць выступаць супраць такіх акцый. Эксперты загаварылі пра новы этап вайны, на якім больш няма старых бар’ераў. Мы памятаем, што ў Беларусі знаходзяцца расійскія вайскоўцы, што робіць гіпатэтычна верагоднымі ўдары па нашай тэрыторыі.

Таксама гучыць тэма магчымай рэальнай акупацыі Беларусі, што стане кампенсацыяй Пуціну за паразу ва Украіне. Ёсць перасцярогі і пра тое, што ўвядзенне смяротнага пакарання за здраду радзіме можа сведчыць пра падрыхтоўку ўладаў да грамадзянскай вайны.

На вашу думку, каго на дадзены момант больш за ўсё павінен баяцца Лукашэнка і ягонае атачэнне?

— Названыя вамі фактары, а менавіта — увядзенне расстрэлу для чыноўнікаў і вайскоўцаў за здраду радзіме, а таксама зверка мабілізацыйных дакументаў, якая закранула па ўсёй краіне дзясяткі, калі не сотні тысяч чалавек, а яшчэ той факт, што выдаткі на абарону ў бюджэце наступнага года выраслі на беспрэцэдэнтныя 40%, такога раней не было — усё гэта сведчыць пра падрыхтоўку да вайны.

Але да вайны неабавязкова непазбежнай. Гэта падрыхтоўка на той выпадак, калі ўсё ж давядзецца ў яе ўступіць. На мой погляд, насуперак свайму жаданню. Думаю, Лукашэнка не хоча ў яе ўступаць. І ў той ступені, у якой ад яго гэта залежыць, а я думаю, што ў пэўнай ступені гэта ад яго залежыць, ён гэтага не хоча.

Але абставіны могуць скласціся так, што ён будзе вымушаны. І разлік тут на тое, каб не патрапіць пад вядомую прымаўку — «Як на паляванне ісці — дык сабак карміць». Паводле прымаўкі так рабіць не трэба, сабак карміць трэба загадзя. Не будзе палявання, то і не будзе. Значыць, сабакі будуць сытыя, усяго толькі.

Я думаю, што і з досведу расійскай вайсковай кампаніі, і даволі хаатычнай мабілізацыі ў Расіі зроблена выснова: калі нам гэта давядзецца рабіць, то мы зробім гэта больш пісьменна, больш арганізавана, больш дакладна і з меншымі выдаткамі.

Што тычыцца грамадзянскай вайны, тут цяжка сказаць. Падобныя меры абмяркоўваюцца і ў Расіі. Той жа былы прэзідэнт Дзмітрый Мядзведзеў піша, што за дыверсіі і такога кшталту дзеянні трэба вярнуць расстрэлы.

Гэта хутчэй пра тое, што калі будзе вайна, то нехта падчас яе будзе дзейнічаць на карысць Украіны, у тым ліку і з боку чыноўнікаў і вайскоўцаў. Я думаю, што тут хутчэй кароткі разлік на канкрэтныя сітуацыі. Якія і ў Расіі ўзнікаюць, у краіне, якая ўдзельнічае сваёй арміяй у паўнамаштабнай вайне.

Мне здаецца, што ўсё ж гэта падрыхтоўка да гэтага, а не да грамадзянскай вайны. Бо грамадзянская вайна будзе ці не будзе, да яе складана падрыхтавацца.

Калі казаць пра магчымыя абстрэлы з Украіны, то мне падаецца, што ў Кіева вельмі жорсткая палітычная ўстаноўка: нам не трэба яшчэ адзін фронт. Тут можна спрачацца, казаць пра тое, што гэты другі фронт можа аказацца пасткай для Расіі, што паўнавартаснае ўступленне Беларусі ў вайну будзе хутчэй на шкоду, чым на карысць Крамлю.

І тым не менш, украінцы для сябе ўзважваюць усе няпэўнасці. І яны для іх гавораць адно: трэба рабіць усё, каб Беларусь не ўступіла ў вайну. Я думаю, што ў гэтым рэчышчы варта разглядаць вельмі халодныя кантакты, калі яны і ёсць, Кіева з беларускай апазіцыяй, з офісам Ціханоўскай.

Тыя ж дачыненні з палком Каліноўскага — гэта па сутнасці кантакты з украінскім ваенным злучэннем. Дарэчы, таксама паказальна, што падалі ў Вярхоўную Раду законапраект аб прызнанні Беларусі акупаванай, але мы бачым, што ніякага рашэння пакуль няма. Што таксама паказальна.

І амбасадар украінскі застаецца ў Мінску. Усё гэта наводзіць на думку, што да таго часу, пакуль беларуская армія не перакрочыла мяжу з Украінай, беларускую тэрыторыю абстрэльваць не будуць. Ні ваенныя аб’екты расійскіх сілаў, ні ваенныя аб’екты беларускага войска, ні што іншае.

Пры гэтым украінцы колькі заўгодна могуць абстрэльваць Расію.

Як кажуць эксперты, беларускую Зябраўку, што пад Гомелем, можна абстрэльваць нават гарматамі, яны даб’юць. Гэта не аэрадром у Энгельсе за сотні кіламетраў. Пры жаданні даўно ўжо можна было абстраляць.

Не, гэта ім не трэба, бо ёсць палітычная ўстаноўка. Так, украінцы гатовыя атакаваць расійскія аб’екты там, дзе палічаць патрэбным. Прыгадаем праграмны артыкул галоўнакамандуючага УСУ Валерыя Залужнага, дзе ён гэта прамым тэкстам і сказаў. Але Беларусі як аб’екта гэтых удараў там не фігуравала.

Што тычыць планаў на пасля вайны. Усякія думкі, канечне, могуць узнікаць. Можна прыгадаць, як у лютым гэтага года Зянон Пазняк выказаў меркаванне пра тое, што расейцы нагналі столькі войскаў для таго, каб насамрэч захапіць Беларусь. Маўляў, не патрэбная ім тая Украіна, нічога з ёй яны не збіраюцца рабіць, што гэта толькі прыкрыццё, а Беларусь можна лёгка захапіць.

Летась была амерыканская аналітка, у якой выказваліся такія ж меркаванні. Пра тое, што расійская мэта — гэта Беларусь, выказваўся і расійскі ваенны аналітык Павел Лузін.

Аказалася, што ніякая не Беларусь, мэта — усё ж Украіна, гэта галоўны прыз. А наша краіна і так пад кантролем.

Тым больш, мы не можам ацаніць, якой будзе параза Расіі, калі яна здарыцца. Калі яна будзе, як у выпадку Нямеччыны ў 1945-м, то гэта адзін сцэнар. Пры якім проста знікне суб’ект, які можа прымаць рашэнні пра акупацыю каго б там ні было. Дзяржава Нямеччына ў 1945-м проста знікла на некалькі гадоў з мапы свету.

А калі параза будзе, умоўна кажучы, як пасля руска-японскай вайны, ці савецка-афганскай? У Афганістане СССР прайграў, і яго проста адагналі з таго месца, на якое ён паквапіўся. Пры гэтым ён не згубіў ні міліметра сваёй зямлі і не плаціў рэпарацыі. Проста атрымалі па пысе і пайшлі дадому.

Але ў гэтых сітуацыях — і ў Расіі Мікалая ІІ, і ў СССР пры Гарбачове — не было да чагосьці іншага. Магчыма, гэта такая прыгожая абстрактная схема: раз не атрымалася з Украінай, то давайце захопім Беларусь. Але дзяржаўная логіка так не працуе. Калі ты ўжо прайграў, то ў цябе могуць адбыцца такія палітычныя перамены, што табе ўвогуле будзе не да таго. Як пры Гарбачове пачалася перабудова, а пры Мікалаі ІІ успыхнула рэвалюцыя. Пасля тых войнаў ні царская Расія, ні Савецкі Саюз нікога не захоплівалі. Калі ты прайграў, то табе не таго, хоць бы сілы аднавіць. Я думаю, што ў гэтым выпадку ім таксама будзе не да анэксій.

Іншая справа, што гэта можа адбыцца, што называецца, у працэсе. Калі вайна будзе працягвацца, калі Беларусь у яе ўцягнуць так ці інакш.

Калі гэта будзе мець самыя розныя ўнутраныя наступствы — хай сабе не грамадзянская вайна, але масавыя пратэсты, масавае дызертырства — калі краіна пачне гарэць знутры. То тады ў расейцаў можа ўзнікнуць патрэба, спакуса акупацыі.

Не такой метафарычнай, як гэта выглядае зараз, а самай натуральнай — як захоп Херсонскай вобласці. То бок, завозяцца гіганцкія кантынгенты, дзясяткі тысяч. І не мабілізаваных, што сядзяць на палігонах, а тых, хто кантралюе ў тым ліку і цывільную адміністрацыю, хто ажыццяўляе поўнае кіраўніцтва краінай.

Але гэта магчыма пры пэўных умовах і абставінах, калі вельмі кепска будзе ўнутры краіны. Варыянт «мы прайгралі вайну, давайце пачнем новую» не выглядае рэалістычным.

Калі ўзяць Беларусь, то тут яшчэ і слабая матывацыя для расійскага грамадства. У выпадку з Херсонам не было такога імпэту, як з анэксаваным Крымам. А ў адносінах да Беларусі — дзеля чаго, навошта?

Калі разважаць з пункту гледжання паспалітага расейца: ды мы і так усё там кантралюем, там харошыя людзі, Алякандр Рыгоравіч такі цудоўны. Захапіць дзеля кайфу, што гэта руская зямля? Дык яны яе не ўспрымаюць такой. Гэта ніякая не кампенсацыя і не мэта.

— Лукашэнка досыць эмацыйна адрэагаваў на словы Меркель пра тое, што пагадненні 2015-га, так званы Мінск-2, сталі спосабам падмануць Крэмль і даць Украіне магчымасць падрыхтавацца да будучай вайны. Што яго так раззлавала?

— Гэтыя словы яго не тое што, каб раззлавалі. Тое, як ён гэта інтэрпрэтаваў, гэтая заява дала яму дадатковы аргумент для апраўдання расійскай агрэсіі. Маўляў, раз той бок падманваў, раз такім чынам Украіне давалі магчымасць падрыхтавацца да вайны, значыць Расія ўсё правільна зрабіла.

Маўляў, Захад рыхтаваў Кіеў да вайны, а Расія нанесла прэвентыўны ўдар. Захад ніколі не хацеў усур’ёз ніякага міру, Украіну нацкоўвалі на Расію, правакавалі і далі ёй падрыхтавацца да агрэсіўнай вайны. Усё гэта ўкладаецца ў ягоны звыклы дыскурс.

Я маю ўласную інтэрпрэтацыю словаў Меркель. Так, гэтыя перамовы, мірны працэс сталі для Украіны часам для стабілізацыі становішча, часам для падрыхтоўкі. Але для мяне не факт, што такім план быў ад самага пачатку.

Так, першая мэта тады была ў тым, каб проста не абрынуўся ўкраінскі фронт. Яны распрацавалі пэўны калідор, які даваў магчымасць мірнага пагаднення. Гэта не спрацавала. Але гэта не азначае, што яны з самага пачатку хацелі проста абдурыць Пуціна.

Для мяне гэта невідавочна. Гэта асаблівасць мовы, калі вы кажаце ў мінулым часе, што нешта прыйшло вось да такога выніка, не азначае, што такі вынік планаваўся ад пачатку і нічога іншага не планавалася. 

— Эксперты амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны сцвярджаюць, што Расія з дапамогай інфармацыйных кампаній спрабуе змусіць Лукашэнку адправіць беларускае войска на вайну.

Пра што ідзе гаворка, што гэта за інфакампаніі? Ці не з гэтай оперы нядаўныя злівы пра замах?

— Цяжка сказаць, пра якія канкрэтна кампаніі гаворка. Цалкам магчыма, што і гэтыя злівы былі разлічаныя на тое, што Лукашэнка можа прыйсці да пэўных высноваў: калі ён не паслухаецца то яго могуць проста прыбраць. Бо ў яго даволі своеасаблівая свядомасць, канспіралагічная. Магчыма, ён менавіта так гэта прачытвае.

Можна пабачыць, як у афіцыйных медыя, а таксама з вуснаў некаторых праўладных экспертаў гучаць думкі пра тое, што калі абрынецца расійскі рэжым, то і беларускі абрынецца.

І таму, каб уратаваць беларускі рэжым, мы павінны стаць плячо да пляча з нашымі рускімі братамі і ўзняць свой меч.

Такія рэчы выказваюцца не наўпрост, акуратна, але яны гучаць. І гучаць у афіцыйным дыскурсе. Такое нібыта дазволена.

А вось з боку расійскіх прапагандыстаў я пакуль не бачу выказванняў пра тое, што мы тут, маўляў, змагаемся за агульную справу, а вы ў кустах хаваецеся. Можа яно недзе і гучыць, але гэта не мэйнстрым.

Можа такая інфармацыйная кампанія і пачнецца, магчыма, у ISW ведаюць, што яна рыхтуецца, але прынамсі пакуль такой кампаніі, як гэта расейцы ўмеюць, не бачна. У расійскай прапагандзе ёсць такая опцыя, калі прапагандысты крышачку апярэджваюць Крэмль, запускаюць пробны шар, кідаюць нейкую ідэю, каб праверыць, як яна спрацуе, пойдзе.  

А бывае, калі проста бачна, што ёсць устаноўка. Калі ў тэмніку вялікімі літарамі напісана, што яны павінны гаварыць. І тады гэтая зададзеная тэма разлятаецца ва ўсе бакі. Адносна Беларусі, каб у тэмніку было напісана «Мачыць Лукашэнку за тое, што ён не ўступае ў вайну», гэтага пакуль не бачна. Прынамсі, пакуль. 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.1(10)