Дракахруст: Наўрад ці Лукашэнку хочацца абвастраць сітуацыю няпэўнасці і высвятляць, на каго Пекін будзе ціснуць мацней
Палітычны аглядальнік — пра тэмы, якія насамрэч хвалююць улады ў стасунках з суседзямі, абмен палітвязняў і дымавую завесу вакол вагнераўцаў.
Некалькі дзён таму Лукашэнка заявіў, што адносіны з Еўрасаюзам губляць нельга, «з палякамі трэба размаўляць» і наладжваць стасункі — прэм’ер-міністру РБ нібыта даручана выйсці на кантакт з польскімі ўладамі.
Калі ўлічваць, што апошнія некалькі месяцаў Мінск следам за Масквой толькі нарошчваў негатыўныя закіды ў бок Польшчы, то змена рыторыкі ад «танкаў НАТА, якія ляскаюць гусеніцамі на заходняй мяжы» да «суседзяў, якіх не выбіраюць, яны ад Бога» выглядае досыць дзіўна. Чакана, Польшча адрэагавала на міралюбнасць правіцеля стрымана: міністр замежных спраў Павел Яблонскі даў зразумець, што для наладжвання стасункаў патрэбныя не словы, а справы.
Чым можа быць выкліканая змена рыторыкі Лукашэнкі, ці рэалістычная ў гэтых варунках ініцыятыва абмену наймітаў на палітзняволеных, і на колькі яшчэ затрымаецца ў Беларусі ПВК Вагнера, Филин абмеркаваў з аглядальнікам Юрыем Дракахрустам.
— У Польшчы даволі холадна адрэагавалі на заявы Лукашэнкі, — але гэта не значыць, што іх не пачулі, — гаворыць аналітык.
— Прычына паслання Лукашэнкі, я думаю, палягае ў тым, што асабліва апошнія крокі, якімі прыгразіла Варшава (а менавіта, спыненне грузавога транзіту праз мяжу, што адаб’ецца на грузах не толькі ў Беларусь і Расею, але закранае інтарэсы многіх іншых краін, у тым ліку Кітая), — гэта вялікія страты для беларускага бюджэту. Для польскага таксама, але палякі далі зразумець, што гатовыя да гэтых захадаў.
Лукашэнку ж, здаецца, гэта сітуацыя вельмі не падабаецца. Як не падабаецца эскалацыя, якую ён сам часткова і запусціў, калі прыняў вагнераўцаў і агучыў заяву пра тое, што яны збіраюцца «на экскурсію» ў Жэшуў і Варшаву.
На мой погляд, ён не зусім дакладна разлічыў гэтыя свае заявы: так, мэта была напалохаць, аднак была і другая частка — «я ж іх стрымліваю», маўляў, будзьце ўдзячныя; і гэта ён колькі разоў паўтарыў. Але з другой часткі палякі нічога не пачулі, у адрозненне ад пагроз.
Рэч у тым, што Лукашэнка не зусім усведамляе: яго зараз не ўспрымаюць як самастойнага гульца. І таму заяву пра вагнераўцаў зразумелі як дэкларацыю Пуціна — мы можам на вас напасці.
Ну, а палякі чым адказалі: зладзілі дзве вайскавыя аперацыі, нагналі да мяжы 4000 чалавек, і гэта толькі памежнікаў, а вайскоўцаў яшчэ больш. Лукашэнка чакаў іншай рэакцыі, што з ім будуць аб нечым дамаўляцца, — але не. Вось таму і прагучалі цяпер заявы такога кшталту: не падумайце, што гэта я хачу напасці, зусім не, давайце размаўляць.
Не факт, зазначае Юры Дракахруст, што ў Польшчы ўспрымуць гэты сігнал, як таго чакае правіцель — але ж невядома, якія размовы ідуць за кадрам.
Напрыклад, намеснік міністра ўнутраных спраў Польшчы Мацей Вонсік, папярэджваючы пра імавернае закрыццё чыгуначнага злучэння, наўпрост сказаў, што гэта закранае ў тым ліку кітайскі гандаль, і КНР можа паўплываць на Лукашэнку. Зрэшты, зброя гэта двусечная — выказаць прэтэнзіі і незадавальненне Кітай можа і Польшчы.
Па шчырасці, кепска ўяўляю сабе, як Кітай папракае Лукашэнку, што ў таго сядзіць, скажам, Анджэй Пачобут. У іх саміх столькі палітвязняў, што не кітайцам яго папракаць. Але ж сітуацыя няпэўнасці ёсць, і наўрад ці Лукашэнку хочацца яе далей абвастраць і высвятляць, на каго Пекін будзе ціснуць мацней.
Акрамя таго, нагадвае аналітык, у Польшчы праз некалькі месяцаў адбудуцца парламенцкія выбары, і некаторыя эксперты лічаць, што новы віток міграцыйнага крызісу, гульні з вагнераўцамі, заявы Лукашэнкі — спробы ўплываць на польскую палітычную сітуацыю, якая ўжо сёння вельмі вострая, а супрацьстаянне розных сілаў надзвычай сур’ёзнае.
Таму нельга выключаць, што цяпер Лукашэнка спрабуе проста панізіць градус напружанасці, спадзеючыся, што Польшча не пойдзе на закрыццё таварнага транзіту. А пасля выбараў і рэферэндуму (на які, дарэчы, сярод іншых вынесена пытанне сцяны на мяжу з Беларуссю — захаваць ці знесці) — глядзіш, і пра «замірэнне» беларускія ўлады зноў загавораць.
— Зянон Пазняк напісаў адкрыты ліст Лукашэнку і Зяленскаму, прапануе абмяняць ваеннапалонных беларусаў-наймітаў на канкрэтных палітвязняў. На ваш погляд, наколькі ў цяперашніх варунках гэта рэальна?
— Пазняк разлічвае на тое, што яго пазіцыю ўмацуе нават само вылучэнне прапановы — незалежна ад таго, ці будзе яна прынятая. Але што да практычнай рэалізацыі, гэта ў нечым падобнае на спрэчкі, ці варта таргавацца палітвязнямі ў абмен на паслабленне санкцый, ці не варта.
І ў тым, і ў другім выпадку, мяркуе аналітык, беларуская апазіцыя не мае ўплыву на лёс палітвязняў, — бо «актывамі», якімі можна абмяняцца, валодаюць зусім іншыя бакі, адпаведна, беларуская ўлада — Захад і беларуская ўлада — украінская ўлада. Да таго ж ёсць пытанне, ці трэба гэта самому Лукашэнку.
Навошта гэта яму, мне, напрыклад, невідавочна. Бо такая схема прыраўновае палітвязняў да ваеннапалонных, і калі ён пагодзіцца на абмен, то, хай ускосна, гэта прызнае. А ён так не лічыць: ён перакананы, што людзі, якіх рэжым пасадзіў, учынілі злачынствы. Так навошта яму падвышаць іх статус?
І, з іншага боку, чаму ўкраінцы павінны разглядаць беларускіх палітвязняў як абменны фонд? У іх, здаецца, паўгады ляжыць у Вярхоўнай Радзе праект аб прызнанні Беларусі акупаванай тэрыторыяй — і нічога, зрухаў няма. Так што ў абодвух бакоў няма інтарэсу да абмену беларускіх палітвязняў.
— Апошнімі днямі распаўсюджваюцца звесткі са спасылкай на брытанскую разведку, што беларускія ўлады фінансуюць альбо могуць пачаць фінансаваць вагнераўцаў з дзяржбюджэту, бо Масква адмовілася падтрымліваць ПВК. На вашу думку, ці гэта блізка да праўды?
— Калі б зараз была сітуацыя, умоўна, як у жніўні 2020 года, і на вуліцах сотні тысяч людзей — можна было б думаць, што Лукашэнку патрэбная вайсковая сіла. Але нікога на вуліцах няма — таму навошта яму фінансаваць «Вагнер»?
Недзе ў расійскай крыніцы чытаў, што заробак вагнераўцаў у Піцеры ўвесну складаў 240 тысяч расійскіх рублёў, то бок, 3 тысячы долараў. Калі іх цяпер у Беларусі 5000 чалавек, памнажаем — трэба $15 мільёнаў. Адкуль?
І таксама — за што? Каб яны «зрабілі экскурсію ў Жэшуў»? Альбо ён будзе фінансаваць вагнераўцаў, каб тыя пайшлі зноў ва Украіну? На мой погляд, гэта абсурд. Нават дзіўна, што брытанская разведка такія версіі піша.
Інфармацыя адносна далейшых планаў ПВК вельмі рознаскіраваная, зазначае аналітык. Адны крыніцы пішуць пра завоз цяжкой тэхнікі, другія — пра недахват фінансавання, трэція — пра перакідванне, магчыма, у Афрыку, чацвёртыя — пра тое, што іх вяртаюць у Расію.
Юрый Дркахруст схіляецца да таго, што вагнераўцаў з Беларусі могуць прыбраць, паколькі рызыка паўторнага мяцежа нізкая, а трымаць тысячы наймітаў у РБ проста для таго, каб трымаць у напружанні Польшчу, Украіну і краіны Балтыі, выходзіць дорага.
— Таму магчыма, што Беларусь для іх будзе, кажучы марскім тэрмінам, портам прыпіскі — фармальна яны будуць тут, а насамрэч гойсаць туды-сюды, хутчэй, у Афрыку, дзе яны вырашаюць важныя для Расеі пытанні, — мяркуе аналітык. — Калі толькі няма канкрэтнага плану гібрыдных аперацый, інфармацыйна-псіхалагічных спецаперацый — паслаць польскаму выбаршчыку сігнал, маўляў, ваша ўлада не можа вас абараніць. Хоць калі такія дыверсіі адбудуцца, яны будуць хутчэй на руку цяперашняй уладзе, магчыма, там ніхто гэтага і не робіць, а чэшуць рэпу, куды б падзець вагнераўцаў.
Што да расповедаў беларускіх уладаў пра сумесныя вучэнні Мінабароны і інструктаж ад вагнераўцаў, гэта, на думку аналітыка, «адмазка», каб стварыць імітацыю дзейнасці — чымсьці заняць саміх наймітаў, а разам з тым паказаць беларусам-«ябацькам», што ПВК Вагнера тут не проста так:
— Інакш у мазгах дысцыплінаваных беларусаў, памешаных на парадку, не ўкладваецца, дзеля чаго завезлі гэтую хеўру, бунтаўшчыкоў, якія выступілі супраць уласнага рэжыму. Таму прыдумалі: а вось яны нас вучаць, яны класныя салдаты, — і такім чынам вагнераўцы таксама становяцца часткай парадку, дапамагаюць захоўваць сістэму.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное