Дракахруст: За словамі Лукашэнкі пра «экскурсію ў Жэшуў» можа хавацца сапраўдны план рэйду «вагнераўцаў»
Палітычны аглядальнік — пра тое, навошта Масква і Мінск разыгралі «польскую» карту.
На днях на пасяджэнні расійскай Рады бяспекі Уладзімір Пуцін заявіў пра намеры Польшчы нібыта захапіць частку тэрыторыі Украіны, а таксама пра яе мары пра беларускія землі.
Потым у Санкт-Пецярбург тэрмінова прыляцеў Аляксандр Лукашэнка, які ў чарговы раз прывёз з сабой мапы — на гэты раз перадыслакацыі да межаў Беларусі дзвюх брыгад польскага войска.
Такі ланцужок падзей нагадаў апошнія дні перад уварваннем Расіі ва Украіну.
Пра тое, што можа стаяць за новай ініцыятывай Крамля і пра свежыя гістарычныя паралелі Филин паразмаўляў з палітычным аглядальнікам Юрыем Дракахрустам.
— На думку некаторых расійскіх экспертаў, такі ланцужок падзей можа азначаць пачатак складанай гульні Крамля па дасягненні прыпынення вайны на час выбараў у Расіі.
Нейтралізавалі Гіркіна, які мог гэтаму паспрабаваць перашкодзіць, падвысілі стаўкі на заходнім кірунку — маўляў, не будзе міру — мы нападзем на Польшчу. Наколькі рэалістычнай выглядае сёння такая версія?
— Такая версія цалкам імаверная. Адзінае, што неабавязковым выглядае тое, што нейтралізація Гіркіна была зробленая ў рамкам выканання менавіта гэтага плана, а не нейкага іншага.
Нейтралізацыя Гіркіна магла быць звязаная з унутрырасійскімі працэсамі. Быў у іх гэты недамяцеж, цяпер па розных прычынах з мяцежнікамі сурова разбірацца не атрымліваецца. Таму разбіраюцца з іншымі патэнцыйнымі мяцежнікамі.
Мяцежнае рэха доўгае. Таму трэба хоць на кімсьці паказаць, што ўлада жорсткая, дужая, што яна можа і ўдарыць. Але тут можна і такую аналогію прыгадаць.
Пры Пятры, на якога той жа Пуцін арыентуецца, калі здарыўся мяцеж палка стральцоў, то імператар уласнаручна сек мяцежныя галовы, і не адну. Ну, а Пуцін сустракаецца з Прыгожыным і ягонымі байцамі ў Крамлі. І ягоны «кухар» яшчэ штосьці яму пярэчыць.
Прыгожына па розных прычынах уціхамірыць не ўдаецца, таму давялося ўзяцца за Гіркіна. Я не думаю, што гэтыя гісторыі звязаныя. Але план такі можа быць.
І я бы так сказаў, што гэты план можа быць больш просты, без такой артыкуляванай мэты. Зразумела, што Украіна ў значнай ступені трымаецца, наступае, змагаецца за кошт заходняй дапамогі. І натуральная задача для Крамля — гэтую дапамогу зменшыць.
І на палітычным узроўні, і на грамадскім. Каб заходняе грамадства спалохалася: а ці не прывядзе гэта да чарговай сусветнай вайны, да канфлікту з НАТА?
Так ці іначай расейцы займаюцца гэтым ці не з самага пачатку вайны. А зараз, магчыма, мы бачым абвастрэнне ў гэтым накірунку — вось гэтай камбінацыяй паўздзейнічаць на Польшчу і астатнюю Еўропу.
У пятніцу міністр абароны Нямеччыны Барыс Пісторыус заявіў, што ў выпадку чаго мы станем на абарону Польшчы. З аднаго боку, гэта знак салідарнасці і дэманстрацыя гатоўнасці выканаць свае саюзніцкія абавязкі.
А з другога боку, на кагосьці гэтыя пуцінскія пагрозы могуць аказаць якасна іншае ўздзеянне. Маўляў, куды коціцца гэты свет? З гэтым трэба нешта рабіць. Хтосьці можа зрабіць з гэтага выснову, што трэба дапамогу Украіне скарачаць, не надта з ёй напружвацца.
Гэта цалкам легітымная мэта ў межах крамлёўскіх падыходаў, у тым, як гэта бачыць Пуцін.
А ўжо ці атрымаецца ў выніку з перамовамі? Я не бачу тут такой жорсткай звязкі паміж абвінавачваннямі Польшчы і перамовамі. Але звязка паміж гэтымі закідамі і гіпатэтычнай дэмаралізацыяй Захаду ёсць. Гэта мэта і яе трэба рэалізаваць.
І тут яшчэ гэтыя паралелі з перадваеннымі падзеямі. Тады Пуцін казаў, што Ленін «прыдумаў» Украіну. Цяпер ён кажа, што Сталін «падарыў» Польшчы частку тэрыторый. Па ідэі «падарунак» як падарылі, так можна і забраць за кепскія паводзіны.
І гэтае амаль тэкстуальнае паўтарэнне Лукашэнкам мема «я вам пакажу, адкуль рыхтаваўся напад». Я думаю, што яны свядома малпавалі самі сябе.
Але чаму я лічу, што гаворка наўрад ці ідзе пра сцэнар лютага 2022 года? Прынамсі, пакуль. Тады, як мы памятаем, на мяжы Расіі з Украінай стаяла агромністая вайсковая групоўка, больш за 150 тысяч вайскоўцаў.
Па-другое, у Беларусі тады праходзілі вучэнні «Саюзная рашучасць». І там таксама былі дзясяткі тысяч людзей фактычна напагатове. І тады гэта ўсё рушыла на Украіну і трансфармавалася ў напад.
Я не вайсковы эксперт, але наколькі я разумею, нейкага вайсковага кулака ў Беларусі, дзясяткаў узброеных і гатовых ваяваць вайскоўцаў няма.
А гэта азначае, што мы маем справу з пэўнай камбінацыяй: альбо прымусіць такім чынам Украіну да перамоў рукамі заходніх партнёраў, альбо дэмаралізаваць Захад і зменшыць яго дапамогу Кіеву.
Тым больш што поспехі сёлетняга контрнаступу не такія пераможныя пакуль, як гэта было летась падчас вызвалення Ізюма і Херсона, калі ЗСУ за дзень прасоўваліся на дзясяткі кіламетраў. Гэта адзін фактар, а другі — гэта ціск і шантаж Пуціна з Лукашэнкам на Польшчу.
— На сустрэчы з Пуціным Лукашэнка заявіў літаральна наступнае: «Нас сталі напружваць вагнераўцы». Гаворка пра тое, што яны нібыта рвуцца на «экскурсію» ў Польшчу.
Калі вывесці за дужкі элемент гульні з расійскім кіраўніком, спробу яму падыграць, ці ёсць у гэтым слове «напружваць» доля праўды?
— Мне гэтая заява падалася шматслойнай. У пэўным сэнсе так: трымаць на сваёй тэрыторыі тысячы чалавек, якія ўмеюць ваяваць, якія яму не падпарадкоўваюцца, якія падпарадкоўваюцца моцным людзям са сваімі амбіцыямі, тоіць у сабе пэўную небяспеку.
Дарэчы, ён на гэтую небяспеку і раней намякаў. На прэс-канферэнцыі для замежных СМІ яму задалі пытанне пра верагоднасць паўстання наймітаў супраць беларускай улады. І ён тады не выключыў такой магчымасці. Ён сказаў, што «сёння не бачыць такой магчымасці». Але ў прынцыпе не выключыў, што такая рызыка ёсць.
Тут чыста фармальныя факты: «вагнераўцы» яму не падпарадкоўваюцца, іх шмат, іхні баявы досвед, не выключаю, лепшы, чым у сіл спецыяльных аперацый Беларусі. І той факт, што іх можа панесці ў невядомы кірунку, што яны здольныя на нечаканыя ўчынкі, яго, безумоўна, не радуе. Гэта адзін са слаёў.
З іншага боку, гэтую сітуацыю ён можа трактаваць так: я зрабіў паслугу Пуціну, зрабіў паслугу Прыгожыну. Гэта зараз расійская прапаганда можа казаць пра недамяцеж і цырк, а 24 чэрвеня так гэта ўсё не выглядала.
І тут ці Пуцін Лукашэнку прапанаваў такі варыянт, ці ён сам выступіў з ідэяй надаць беларускую юрысдыкцыю «Вагнеру», у любым выпадку ў вачах расійскіх эліт і грамадства Лукашэнка набраў балаў.
І ў гэтым сэнсе паказальная гісторыя звароту жыхароў расійскай глыбінкі да Лукашэнкі з просьбай вырашыць нейкую камунальную праблему. Маўляў, нас нашыя чыноўнікі не слухаюць, а ты перадай бацюхну-цару нашу просьбу.
Я не чуў, каб да Лукашэнкі раней так звярталіся. Зразумела, што гэта пакуль адзінкавы выпадак і не трэба тут абагульняць. Але раней такіх выпадкаў не было, а зараз ёсць.
Гэта можа быць яшчэ адным слоем і адначасова пасланнем Захаду: «Яшчэ два месяцы таму я і думаць не думаў ні пра які «Вагнер». А ён жа і праўда не прасіў для сябе «вагнераўцаў» ні ў траўні, ні ў пачатку чэрвеня.
Гэта канкрэтная сітуацыя, ён аказаўся часткай угоды пра перамяшчэнне наймітаў у Беларусь. Але нейкага шчасця ад гэтага ў яго няма.
І сваім расповедам ён гэта паказаў. Што ён не хацеў іх мець у сябе, так склалася: «Я выканаў сваю частку ўгоды, яны ўжо тут. І яны ўжо пачынаюць свае самастойныя пажаданні выказваць, а я іх стрымліваю».
І яшчэ адзін слой, пра які вы згадалі, гэта, безумоўна, вядомая гульня з Пуціным. Вось ёсць «добры следчы» Лукашэнка, які тлумачыць заходнікам, што вось яны гатовыя маршам пайсці, але я іх трымаю ў цэнтры краіны.
А з другога боку, ён кажа: «вагнераўцы» хочуць пайсці туды. А Пуцін («дрэнны следчы») пры гэтым маўчыць. Таму гэта таксама пасланне: «Вы мне «дзякуй» скажыце».
І тут яшчэ адзін момант перагукаецца з лютым 2022-га. Калі Лукашэнка казаў, што мы, маўляў, гатовыя дапамагчы жыхарам Заходняй Украіны, калі на іх нападзе Польшча, і яны той дапамогі папросяць.
Гэта малпаванне рыторыкі расійскай прапаганды, якая ў самым пачатку вайны казала: «Гэта не ўварванне, мы ратуем народ Данбаса». Гэта, канечне, смешна, называць напад абаронай.
Цікавыя таксама словы пра жаданні «вагнераўцаў». Дакладней, слова — «экскурсія». Маўляў, сходзім на экскурсію ў Жэшуў. То бок, выглядае на размову не пра паўнавартасную, поўнамаштабную вайну, а пра гібрыдную, якой яна была да 2022-га з Украінай.
Па ідэі гэта рэйд. Імгненна зайшлі, посуд пабілі, што называецца, і сышлі са словамі: «Мы іх правучылі». І на гэтай падставе Захаду пачынаць Трэцюю сусветную? Іх жа ўжо няма, набедакурылі і сышлі.
Нападаць на Беларусь, каб іх там вылавіць і пакараць? Для гэтага ёсць палітычныя абмежаванні. Я не думаю, што гэта вельмі імаверны сцэнар, але ён магчымы. І тое, як пра гэта расказаў Лукашэнка, кажа, што такі план можа існаваць.
Ён неабавязкова будзе рэалізаваны. Магчыма, ім проста палохаюць. Часам на вайне бывае як у шахматах — пагроза мацней за выкананне.
І ў гэтым сэнсе, калі гаворка ідзе менавіта пра такі план, не пасуюць развагі многіх экспертаў пра тое, што 5-10 тысяч наймітаў не хопіць, каб захапіць Польшчу, ці Сувалкскі калідор. Так, не хопіць. Але для рэйду з завяршэннем «мы ім паказалі» такой колькасці цалкам дастаткова.
Натуральна, значная частка з іх загіне, але гэта жыццё, гэта іх праца, яны найміты. Але будзе эфектна. І гэта цалкам магчыма.
«Филин» на понятном языке поясняет сложные вещи. Подписывайтесь на наш телеграм-канал оперативной аналитики и публицистики.