Стварэнне «кабінетаў» і абвяшчэнне «вызвольных рухаў» за мяжою часта ўяўляе сабой падмену рэальнай дзейнасці.
Дынько: «Стварэнне «кабінетаў» і абвяшчэнне «вызвольных рухаў» за мяжою часта ўяўляе сабой падмену рэальнай дзейнасці»
Галоўны рэдактар часопіса «Наша гісторыя», медыяменеджар Андрэй Дынько — пра «урад у выгнанні», які прапанавалі стварыць ўдзельнікаў вільнюскай канферэнцыі.
— Азараў, Пракоп’еў і Латушка лічаць, што Канферэнцыя новай Беларусі павінна стварыць «урад у выгнанні», «кабінет», на чале якога з’явіўся б прэм’ер. На маю думку, гэта не толькі бессэнсоўна, але і шкодна, — лічыць Андрэй Дынько.
Няма нічога такога, што Азараў, Латушка, Пракоп’еў ці любы іншы чалавек не маглі б рабіць, не маючы статуса «міністраў», «прэм’ераў» ці «камісараў». І, у сваю чаргу, няма нічога такога, што любы Латушка ці Сахашчык змогуць рабіць, маючы новыя тытулы, а чаго не робяць цяпер. Хто толькі хоча і можа рабіць — той і цяпер робіць. У гэтым сэнсе стварэнне «ўрада» бессэнсоўнае.
Зянон Пазняк ужо і ўрад стварыў, магчыма, ужо і не адзін — не памятаю, і «вызвольны рух». Усё на паперы. Так і Нацыянальнае антыкрызіснае ўпраўленне Паўла Латушкі — гэта ж таксама быў прататып урада, і што?
Затое калі мы прыгледземся да «агентаў расколу» (яны ж нярэдка і «агенты рэжыму»), то яны акурат у кожным з гэтым упраўленняў і ўрадаў прыціраюцца, бо ведаюць, дзе дзяльба партфеляў, там і сваркі, там і магчымасць пасеяць варажнечу.
Акрамя іншага, стварэнне «кабінета» за мяжою, у які не могуць увайсці людзі ўнутры Беларусі, павялічвае дыстанцыю між людзьмі ў выгнанні і людзьмі ў Беларусі — а толькі ўнутры краіны могуць ці не могуць адбыцца перамены. Няма прыкладаў у нашым рэгіёне — ні ў Польшчы, ні ў Румыніі, ні ва Украіне, ні ў Балтыі, каб урад у выгнанні адыграў у падзеях істотную ролю.
Калі ўспомніць польскую «Салідарнасць», свежы і моцны прыклад нацыянальнага вызвольнага руху ў падобных умовах, яна не толькі кабінетаў не стварала, яна ўвогуле да апошняга не ставіла пытання пра змену сістэмы, разумеючы, што гэта нерэалістычна і толькі дасць падставы для большых рэпрэсій. «Салідарнасць» выступала за змены ў рамках сістэмы, за «паляпшэнне сацыялізму». Апошняе то немагчыма ў беларускім выпадку, але я пра тое, наколькі важны ў палітыцы рэалізм.
Яднае нас з сітуацыяй «Салідарнасці» тое, што перамены ў Беларусі магчымыя толькі ў выпадку або аслаблення Расіі, або пераасэнсавання Расіяй сваіх нацыянальных інтарэсаў, прычым у выпадку аслаблення змена сістэмы ў Беларусі стане магчымая толькі пры кансенсусе ўлады і грамадства. Для гэтага трэба выспяванне ў тым ліку лукашэнкаўскіх эліт — як бы непапулярна гэта ні гучала.
Беларусь вельмі залежыць ад міжнароднага становішча. І як там называюцца нашы каардынацыйныя органы, урадамі ці не, не мае значэння. На геапалітыку мы мала можам уплываць.
За ігнараванне гэтага наш народ можа дорага заплаціць.
Але калі міжнародная сітуацыя створыць для беларусаў шанец — мы гэта ўсе адчуем.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное