Дзяйкала: «Трэба разумець, што заўтра Лукашэнка не паедзе ў Гаагу»

Кандыдатка юрыдычных навук Кацярына Дзяйкала — пра перадачу матэрыялаў па Беларусі ў Міжнародны крымінальны суд.

— Зварот да Міжнароднага крымінальнага суда — гэта палітычны шаг, на які дзяржава ніколі б не пайшла, калі б у яе не было ніякіх падстаў, —адзначае юрыстка-міжнародніца Кацярына Дзяйкала на Радыё Свабода.

Нагадаем, напярэдадні Літва скарысталася сваім правам у рамках Рымскага статута і звярнулася ў МКС, каб расследаваць злачынствы супраць чалавечнасці, учыненыя рэжымам у Беларусі.

Юрыстка падкрэсліла, што Літва мела ўсе правы для звароту ў МКС, таму што пераслед людзей у Беларусі мае прамыя наступствы для краіны-суседкі, дзе беларусы вымушаны хавацца.

— І гэты вымушаны пераезд апанентаў рэжыму, людзей, якія нязгодныя з палітыкай Лукашэнкі, з’яўляецца масавым, сістэмным. То-бок гэта палітыка дзяржавы.

Трэба разумець, што заўтра Лукашэнка не паедзе ў Гаагу, і паслязаўтра таксама. Але тое, што Літва звярнулася ў МКС — вельмі важны факт і прэцэдэнт у прынцыпе, калі дзяржава рэалізуе такое сваё права.

Тым больш, што на гэты раз пра Беларусь узгадалі нават не ў кантэксце ўкраінскай сітуацыі. Бо нам вельмі важна гаварыць пра тое, што рэжым зрабіў і працягвае рабіць у дачыненні да беларусаў, — кажа Дзяйкала.

Яны папярэджвае, што перадача дакументаў у суд не азначае пачатку крымінальнай справы.

— Трэба разумець, справа не будзе ўзбуджана аўтаматычна. Спачатку матэрыялы будуць разглядаць і прымаць рашэнне, ці ёсць дастаткова падстаў для пачатку справы.

МКС мае свае стандарты доказу. Так, Літва ўсё абгрунтавала, але ж суд можа прыняць гэтыя доказы ці не прыняць. Калі ён іх прымае, пачнецца наступная стадыя.

Тады пачнецца расследаванне сітуацыі і таксама могуць распачацца расследаванні канкрэтных злачынстваў, у выніку чаго могуць з’явіцца абвінавачванні супраць канкрэтных асобаў, — патлумачыла юрыстка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(2)