Филин

Сяргей Васілеўскі

Фрыдман: «Па дыпламатычных каналах будзе даведзена, што Ізраілю такія рэчы не падабаюцца»

Як ізральскі бок можа адрэагаваць на затрыманне свайго грамадзяніна ў Беларусі – Филин абмеркаваў апошнія падзеі з палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.

Аляксандр Фрыдман

— Сілавікі затрымалі грамадзяніна Ізраіля за абразлівыя каментары на адрас Лукашэнкі і сакратара Рады бяспекі, напісаныя ў 2020-м. На відэа ён просіць даць яму ізноў грамадзянства Беларусі. Выглядае на тое, што грамадзянства гэтага чалавека стала вядомае ўжо пасля затрымання, што гэта выпадковасць. І ўсё ж яго знялі на відэа, у якім факт ізраільскага пашпарта асабліва падкрэсліваўся. Ці можа гэтая гісторыя мець дыпламатычныя наступствы?

— Па-шчырасці, я не думаю, што ў іх была нейкая спланаваная акцыя. Тут мог супасці шэраг момантаў, у тым ліку і банальны антысемітызм, які, канечне ж, прысутнічае ў гэтых колах.

Я думаю, калі б гэта быў грамадзянін Германіі, Літвы ці іншай заходняй краіны, яны б зрабілі тое самае. А такой спецыфікі, што мы гэта робім таму, што гэта грамадзянін Ізраіля, я тут не бачу.

Што тычыцца рэакцыі Ізраіля, то яна, хутчэй за ўсё, будзе стрыманая на дадзены момант. Па дыпламатычных каналах будзе даведзена, што Ізраілю такія рэчы не падабаюцца. Але пакуль гэта не той выпадак, з-за якога ізраільскі бок будзе рабіць нейкія сур’ёзныя крокі.

Пытанне ў тым, што будзе далей. Ці яго арыштуюць на суткі, ці будзе крымінальная справа. Калі апошняе, то будзе больш складана. Ізраільцянам давядзецца гэтага чалавека выцягваць.

Звычайна Ізраіль робіць гэта непублічна. Тут не будзе гучных заяў, усё робіцца рупліва, вядзецца дыпламатычная праца, каб вызваліць чалавека і вярнуць.

У Ізраіля ў гэтым плане ёсць досвед. І тут важна тое, што рэжым Лукашэнкі не зацікаўлены ў абвастрэнні сітуацыі. Канечне, тое, што яны ўжо зрабілі, можа спадабацца тым жа іранцам. Гэта магчымы плюс у адносінах з Іранам.

Але я не думаю, што тут будзе нейкае радыкальнае абвастрэнне. Бо зацікаўленасці ў лукашэнкаўцаў у гэтым вялікай няма. У прынцыпе, адносіны афіцыйнага Мінска з Ізраілем нармальныя. Гэта рэдкі выпадак такіх адносін з дэмакратычнай краінай. І я не думаю, што Лукашэнка будзе нейкім чынам абвастраць.

Хоць, канечне, тое, што ў іх ёсць грамадзянін Ізраіля ў закладніках, азначае для іх магчымасць нешта ад ізраільскага боку патрабаваць.

— То бок, тут можа быць той выпадак, калі сілавікі сваімі дзеяннямі ў нечым нават шкодзяць інтарэсам уладаў?

— Так, яны не думаюць пра міжнародную палітыку. Акрамя таго, яны ведаюць, што ім такое дазволена. Што яны могуць такое рабіць з грамадзянамі іншых краін.

Тут жа пытанне ў іншым: а калі б гэта быў грамадзянін Расіі, напрыклад? Ці грамадзянін Ірана? Ці зрабілі б яны такое? Хутчэй за ўсё, не. А з грамадзянамі заходніх краін — калі ласка.

— Міністр унутраных спраў Беларусі сустрэўся з паслом Турцыі. Іван Кубракоў заявіў, што «сустрэча надасць новы імпульс адносінам паміж ведамствамі дзвюх краін». І прапанаваў больш актыўна працаваць над пагадненнем аб супрацы ў сферы барацьбы са злачыннасцю.

Турцыя і дагэтуль была адной з краін, у якую беларускім актывістам і незалежным журналістам было рызыкоўна ездзіць. Ці стварае гэтае супрацоўніцтва дадатковую пагрозу?

— Так, мне падаецца, што стварае. Я б не казаў пра пагрозу, але рызыкі тут пэўныя ёсць. Першы момант — гэта краіна недэмакратычная, другі — яна супрацоўнічае з дыктатарскімі рэжымамі, з тым жа Лукашэнкам.

Я б не сказаў усё ж, што ездзіць у Турцыю — гэта вялікая рызыка і небяспека. Тут справа хутчэй з катэгорыі як пашанцуе. Гэта датычыць фактычна ўсіх краін, якія не належаць да заходняга свету.

Калі беларусы, якія маюць праблемы з уладамі ў Беларусі, вандруюць па свеце, яны павінны ўлічваць гэты момант. Што можна патрапіць у краіну, дзе ўсё падаецца надзейным, дзе не павінна быць цяжкасцяў, а ў рэальнасці можна займець вялізныя праблемы. Гаворка пра тую ж Арменію, Тайланд ці Турцыю.

Таму гэтыя прыклады трэба ўлічваць і ўспрымаць сур’ёзна. Мы ж бачылі, што адбылося з гуртом «Бі-2» у Тайландзе, ці з беларускім рэжысёрам Андрэем Гнётам у Сербіі.

— Выглядае, што шанцы выйграць у гэтай сумнеўнай латарэі могуць вырасці?

— Менавіта. З аднаго боку, Турцыя не надта зацікаўленая ў гэтым. Бо калі стане вядома, што яны кагосьці затрымліваюць і перадаюць, то гэта можа негатыўна адбіцца на турыстычнай індустрыі. Бо зменшыцца колькасць людзей, якія будуць сюды ездзіць.

І ўсё ж, нягледзячы на гэта, выключаць такое развіццё падзей нельга. Гэта магчыма.