Филин

Сяргей Васілеўскі

Фрыдман: Як постсавецкія дыктатары вучацца на памылках і поспехах адзін аднаго

Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман расказаў Филину пра тое, як Аліеў задаў планку для Пуціна і Лукашэнкі.

Аляксандр Фрыдман

— Расійскага палітыка Надзеждзіна параўноўвалі і з Ціханоўскай, і з Бабарыкам. Цяпер, калі яго не зарэгістравалі кандыдатам у прэзідэнты, ці можна сказаць, што Пуцін вывучыў беларускі ўрок 2020-га?

— Так, безумоўна, ён гэты урок вывучыў. Відавочна, што ў Крамлі пільна назіралі за падзеямі ў Беларусі. І зрабілі для сябе адпаведныя высновы.

Па-першае, Барыс Надзеждзін быў цалкам сістэмным кандыдатам. А такіх кандыдатаў на беларускіх выбарах у 2020-м не было. Ні Цапкала, ні Бабарыка, тым больш Ціханоўская. Таму ўсе гэтыя параўнанні з Ціханоўскай асабліва, ці Бабарыкам былі ўмоўнымі.

Мы яшчэ ўсе акалічнасці кампаніі Бабарыкі не ведаем. Калі ў яго былі нейкія сувязі, калі яму хтосьці рэкамендаваў вылучацца, нехта падштурхоўваў яго, то, я думаю, хутчэй за ўсё гэта сыходзіла з Расіі, а не знутры беларускай сістэмы.

Калі казаць пра паралелі з Ціханоўскай, тот такім чынам было вырашана зрабіць у выпадку з Дунцовай, а не Надзеждзіным. Яна, а не ён, нагадвала пра беларускі прыклад. А Дунцову не дапусцілі нават да збора подпісаў.

Што тычыцца Надзеждзіна. Лукашэнка, калі дапускаў Ціханоўскую да выбараў, недаацаніў яе. Ён для сябе вырашыў, што ад яе ніякай пагрозы быць не можа.

Зараз выглядае так, што ў Расіі паглядзелі на сітуацыю з Надзеждзіным, на ягоныя заявы, і хоць яны яго кантралявалі, але спужаліся. Спужаліся таго, што могуць запусціцца такія працэсы, якія ні Надзеждзін, ні яны пракантраляваць не змогуць.

Таму ў Крамлі вырашылі: пагулялі ў гэтую дэмакратыю і хопіць. Бо хто яго ведае, што ў выніку можа быць. Хутчэй за ўсё нічога ў Расіі і блізка б не было, але там вырашылі, што хопіць. Таму яго і знялі.

Але мне падаецца, што Надзеждзін цалкам задаволены вынікам. Ён жа свой палітычны капітал зарабіў. Я б нават не выключаў, што ўся гэтая гісторыя з ім пралічвалася. Што яму маглі сказаць, што ў выпадку чаго яго здымуць. І выглядае, што ён не надта і здзівіўся такому выніку.

— Ільхам Аліеў правёў у Азербайджане датэрміновыя выбары, на якіх набраў больш за 92%. Пра што кажа гэтая гісторыя? Чым яна можа натхніць Лукашэнку, у якога наперадзе ўласныя перавыбары?

— Мне падаецца, што Аліеў выкарыстаў вельмі спрыяльны момант. Ён хацеў атрымаць асалоду ад гэтага трыумфа. Бо вяртанне да межаў 1991-га, спрыяльнае для Азербайджана вырашэнне пытання Карабаха — гэта сапраўды трыумф для Аліева.

Таму ён і пайшоў на гэтыя выбары. Тут і адпаведны вынік. Больш за 92% — гэта ўпершыню для яго, але не для Азербайджана. У свой час ягоны бацька Гейдар Аліеў набраў амаль 99%.

Ну вось цяпер і Ільхам Аліеў вырашыў, што прыйшоў час і для яго атрымаць больш за 90%, але ўсё ж не так блізка да бацькі.

У дадзеным выпадку можна казаць пра ўнутраную канкурэнцыю паміж дыктатарамі на постсавецкай прасторы. У Расіі хутка выбары, яны амаль супалі па часе з Азербайджанам. І вось зараз Аліеў паказаў такі вынік. Значыць, астатнім на гэты вынік трэба арыентавацца, нешта з гэтым рабіць.

Магчыма, гэта зменіць ў выніку лічбу за Пуціна, бо ў Маскве вырашаць, што яны не горшыя за Аліева. І можа там не будзе больш за 90%, але лічба будзе рухацца ў гэтым напрамку.

Тое самае і з Лукашэнкам. Тут жа пытанне не з тым, як праводзяцца выбары. Яны праводзяцца прыблізна аднолькава і ў Расіі, і ў Азербайджане, і ў Беларусі. Тут неважна, як галасуюць, важна, як лічаць.

Так, паўсюль ёсць свае асаблівасці, як тыя ж сістэмныя кандыдаты ў Расіі, ці спойлеры-кандыдаты ў Лукашэнкі. Але для ўсіх іх галоўным, як мне падаецца, з’яўляецца выніковая лічба. Мы ж бачылі, як Лукашэнка спяшаўся павіншаваць азербайджанскага калегу.

Я думаю, што калі ён будзе ў наступным годзе вылучацца, то ён можа ў лічбавым значэнні пайсці ў гэтым накірунку — «атрымаць» больш за 85%, а можа і ўсе 90. Але, паўтаруся, у тым выпадку, калі ён пойдзе на выбары.

— То бок, Аліеў задаў Мінску і Маскве лічбавую планку?

— Так. І калі для Пуціна гэта, магчыма, не так і істотна, то для Лукашэнкі гэта сапраўды важна. Бо ён сябруе з Аліевым, мае цесныя сувязі, арыентуецца на яго. І ў гэтым сэнсе ягоны вынік можа паўплываць на вынік выбараў у Беларусі.

Калі ж у наступным годзе на выбары пойдзе нехта іншы, умоўна кажучы, Качанава або Галоўчанка, то мы ўбачым зусім іншыя лічбы. У такім разе, думаю, не будзе нават і 60%. Бо ў беларускім кантэксце 75% і вышэй — гэта выключна лукашэнкаўскія лічбы.