Филин

Сяргей Васілеўскі

Фрыдман: Зяленскі звяртаецца да Расіі з пазіцыі лідара моцнай дзяржавы

Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман патлумачыў Филину, навошта Кіеў робіць невыканальныя прапановы Маскве.

Аляксандр Фрыдман

— Уладзімір Зяленскі прапанаваў Крамлю пачаць выводзіць свае войскі з тэрыторыі Украіны на Раство. Маўляў, гэта пакажа, наколькі Расія насамрэч гатовая адмовіцца ад агрэсіі. На вашу думку, наколькі рэалістычная гэтая прапанова? Ці ёсць хоць нейкія відавочныя прыкметы таго, што ў Маскве прыслухаюцца да слоў Зяленскага? Ці гэта дэманстрацыя Кіевам сваёй моцы?

— Безумоўна, гэтай заявай Зяленскі паказвае моц і якасна іншае ўяўленне пра Украіну і яе ролю. Ролю моцнай краіны, якая дэманструе дасягненні, у тым ліку і ваенныя. І менавіта таму з пазіцыі моцнага Украіна можа рабіць такія заявы.

Я думаю, што, робячы гэтую заяву, ён выдатна разумее, што з гэтага нічога не будзе, Масква на гэты крок не пойдзе. Пра што ўжо і сказаў прэс-сакратар Крамля Пяскоў. Але ў любым выпадку, як бы не павяла сябе ў дадзенай сітуацыі Расія, Украіна застаецца ў выйгрышным становішчы.

З аднаго боку, яна дэманструе наяўнасць волі да мірных пагадненняў, да дыялогу, на які можна ісці, калі Масква зробіць пэўны крок насустрач. З другога боку, гэта вельмі пасуе каляднаму часу, калі асабліва на Захадзе адбываецца пераацэнка падзей года, калі ёсць прага да міру і спакою, да сканчэння вайны.

Гэта вельмі пасуе святочнаму настрою і таму будзе вельмі добра ўспрынятае ў заходніх краінах. Такі крок дае адны толькі плюсы. Іншая справа, паўтаруся, што Зяленскі добра разумее, што з боку Масквы нічога не будзе. Ён і не разлічвае на гэта.

Зрэшты не толькі ўкраінскі прэзідэнт кажа пра тое, што Расія павінна вывесці войскі. Пра гэта кажуць заходнія лідары, той жа Шольц паўтарае і будзе гэта паўтараць. Хоць і ён выдатна разумее, што ад Крамля не варта чакаць сустрэчных крокаў. Мала хто на Захадзе разлічвае на тое, што Расія пойдзе на мірнае вырашэнне канфлікту.

— Зяленскі агучыў сваю прапанову падчас перамоў з лідарамі G7. У супольнай заяве па выніках сустрэчы прагучала абяцанне прыцягнуць Уладзіміра Пуціна і ўсіх вінаватых у распальванні вайны да адказнасці. А таксама аказваць Украіне ўсебаковую дапамогу столькі, колькі спатрэбіцца. Наколькі важная гэтая заява?

— Гэта надзвычай важная заява. Вайна цягнецца ўжо столькі месяцаў. Становішча насамрэч складанае: вайна прывяла да пагаршэння эканамічнай сітуацыі, у тым ліку і ў заходніх краінах. І, тым не менш, заходнія лідары яшчэ раз падкрэсліваюць, што ніякіх кампрамісаў не будзе. Што той, хто пачаў гэтую вайну, павінен быць пакараны. Як і тыя, хто удзельнічаў у ваенных злачынствах. Што Украіна павінна быць адбудаваная за кошт Расіі. І, канечне, што дапамога ёй будзе працягвацца.

Гэта вельмі прынцыповыя сігналы Маскве пра тое, што пазіцыя Захаду не змяняецца, больш за тое — яна робіцца больш жорсткай. І калі мы возьмем гэтую дэкларацыю, калі ўсё напісанае ў ёй будзе выканана, то гэта будзе азначаць, што адзіная мэта Захаду — капітуляцыя Расіі і прыцягненне вінаватых да адказнасці.

Зрэшты, трэба глядзець, як яно будзе далей. На Захадзе так бывае, калі заявы застаюцца адно заявамі. Прынамсі, з гэтай вынікае, што заходнія ўрады не гатовыя да нейкіх «дагаварнякоў», як кажуць у Расіі.  

— Украінскі прэзідэнт у каторы раз заявіў заходнім лідарам пра неабходнасць паставак высокадакладнай зброі, дальнабойнай артылерыі. Сёння спрыяльны момант для таго, каб гэтыя чаканні ўкраінскіх вайскоўцаў пачалі ажыццяўляцца?

— Досыць цяжка ацэньваць гэты аспект. З заходняга боку ідуць даволі супярэчлівыя сігналы. Ёсць, напрыклад, гісторыя з нямецкімі танкамі. Злучаныя Штаты нібыта не супраць, каб гэтыя танкі перадаваліся ўкраінцам, але ў Германіі ідзе асцярожная дыскусія: а якой будзе рэакцыя Масквы на гэта?

Але мне падаецца, чым больш паспяхова дзейнічаюць украінскія вайскоўцы, і чым больш жахліва дзейнічае Расія, маю на ўвазе ваенныя злачынствы, тым большая верагоднасць таго, што Украіна пачне атрымліваць больш якаснай заходняй зброі.

Прынцыповае рашэнне наконт авіяцыі ці танкаў яшчэ не прынятае. Але ўжо відавочна, што Украіна прасунулася ў гэтым накірунку.

Сёння дыскусія вядзецца ў іншай танальнасці. Некалькі месяцаў таму ў такіх выпадках гаварылася пра тое, што пастаўкі такой зброі непазбежна прывядуць да вайны паміж Расіяй і НАТА. Сёння гэтыя аргументы таксама выказваюцца, але больш стрымана.

Дыскусія для ўкраінскага боку стала больш станоўчай і спрыяльнай. І цяпер на самай справе можна сабе ўявіць, што бліжэйшым часам Украіна атрымае і больш сур’ёзную зброю.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.4(51)