Филин

Сяргей Васілеўскі

Гісторык: «Не думаю, што Армія Краёва канкрэтна чымсьці насаліла беларускаму рэжыму»

Аляксандр Пашкевіч падзяліўся з Филином сваім меркаваннем пра прычыны знішчэння помніка польскім жаўнерам у Мікулішках.

Пахаванне польскіх жаўнераў у Мікулішках Гродзенскай вобласці, да знішчэння

— Чым польскія жаўнеры Арміі Краёвай так насалілі сённяшняй беларускай уладзе? Ці ёсць у вас думкі на гэты конт?

— Я не думаю, што Армія Краёва канкрэтна чымсьці насаліла беларускаму рэжыму. Мяркую, гэта ўсё ўкладаецца ў агульную тэндэнцыю кідання выкліку заходняму свету. У прыватнасці, Польшчы, якая стаіць на адным з першых рубяжоў у непрыманні сённяшняга рэжыму ў Беларусі.

Мы ж ведаем, што прымаліся законы пра адказнасць за адмаўленне генацыду, іншыя дакументы, у якіх польскія фармаванні фактычна прыраўноўваліся да намецка-фашысцкіх і нацысцкіх фармаванняў часоў Другой сусветнай вайны. І дзеянне закону ахоплівае таксама пасляваенны перыяд — да 1951 года, акурат датуль дзейнічала Армія Краёва.

Адпаведна, нагнятаецца антыпольская кампанія. Улічваючы, якую пазіцыю польскія ўлады займаюць да беларускага рэжыму, гэта выглядае лагічным крокам. Цяпер жа ўлады выходзяць на новы ўзровень — не проста рытарычнае прыняцце закону, які павінен неяк стрымліваць ушанаванне польскіх жаўнераў, а прымітыўнае знішчэнне польскіх пахаванняў.

Гэта, канечне, не ўкладаецца ні ў якія гуманістычныя, чалавечыя канцэпцыі. Гэта сведчыць пра тое, што рэжым Лукашэнкі перайшоў амаль усе чырвоныя лініі. Прынамсі, мала якія засталося перайсці.

Ці слушна ставіць на адну дошку нацыстаў і жаўнераў АК?

— Натуральна, усе гэтыя параўнанні, як кажуць, нацягванне савы на глобус. Бо гэта была абсалютна не нацысцкая арганізацыя, не фашысцкага тыпу. Гэта была збройная арганізацыя польскага вызвольнага руху. Польшча была акупаваная нацыстамі, а пад акупацыяй звычайна ўзнікаюць розныя формы супраціву.

Аляксандр Пашкевіч

Іншая справа, што ў Беларусі стаўленне да гэтай арганізацыі можа быць неадназначнае. Яна змагалася за Польшчу ў тых межах, натуральна, у якіх тая была да Другой сусветнай вайны. А гэтыя межы ўключалі амаль палову Беларусі: сучасную Гродзенскую вобласць, Брэсцкую, заходнія часткі Віцебскай і Мінскай абласцей.

Натуральна, гэтыя людзі змагаліся не за незалежную Беларусь, не за Беларусь, якая была ў тых межах, яны змагаліся за Польшчу, за захванне рыжскай мяжы, якая ў Беларусі лічыцца крыўднай і несправядлівай.

У гэтым плане мы не можам уключаць у свой нацыянальны пантэон, услаўляць іх як герояў, якія змагаліся за Беларусь. Але і рабіць з іх ворагаў, нейкіх злачынцаў няма сэнсу.

Яны дзейнічалі ў гістарычнай сітуацыі, якая тады была, змагаліся за сваю справу.

Хоць і яны рабілі не зусім добрыя рэчы. Напрыклад, мы ведаем, як на Беласточчыне ставяцца да Рамуальда «Бурага» Райса, чыім атрадам былі знішчаныя беларускія вёскі. Вядома, што мы ніяк гэтага не можам ухваляць. Ушанаванне людзей, на чыім сумленні ваенныя злачынствы, з нашага боку, натуральна, можа мець пярэчанні.

Але дэманізаваць саму арганізацыю, выстаўляць яе злачыннай, няма ніякіх падставаў. Тым больш, здзеквацца з магілаў, рабіць расправу над мёртвымі, зусім не па-чалавечы, не па-хрысціянску. 

— Гэта штосьці новае ў нашай гісторыі? У часы СССР на могілках можна было сустрэць помнікі немцам, палеглым у Першую сусветную. А цяпер вось такая вайна з магіламі. Ці было ўжо такое раней?

— Напэўна, такое было і раней. Тое, што некаторыя пахаванні захаваліся, перажылі савецкую ўладу, можа азначаць, што з імі не было сістэмнай працы, каб вынішчаць усё пад корань.

Але вядома, што не ўсе захаваліся, многія былі знішчаныя. Мы ведаем, што савецкая ўлада любіла будавацца на касцях. Бывалі выпадкі, калі не тое, што нямецкія магілы, але і нашыя дэмантаваліся, і на іх месцы нешта новае будавалі, а помнікі ішлі на бардзюры ці штосьці іншае.

У гэтым плане савецкая ўлада таксама не вызначалася асаблівай далікатнасцю. Месцы пахавання ворагаў сістэмна не нішчыліся, але і не ахоўваліся. Нешта падобнае было і за ўсе гады кіравання Лукашэнкі. Калі палякі і ставілі свае помнікі, то дзяржава ім не дапамагала, але цярпела. Нейкіх інцыдэнтаў тут было не так і шмат.

Можна згадаць, напрыклад, гісторыю 2013-га, калі ў Шчучынскім раёне быў усталяваны сімвалічны крыж у памяць апошняга камандзіра Арміі Краёвай Анатоля Радзівоніка.

Цяпер мы бачым у пэўным сэнсе новую стадыю. Але ізноў жа, ёсць пытанне, наколькі гэта ўсё будзе ісці сістэмна. Вядома, што гэта не адзінкавы выпадак, ёсць пералік вёсак, у якіх з польскімі пахаваннямі таксама штосьці адбывалася.

Гэта ў пэўную тэндэнцыю вырасла, але пытанне — ці гэта ўжо ўстаноўка знішчыць, каб слядоў не засталося, ці кропкавыя сігналы з мэтай паказаць, маўляў, будзеце рыпацца, то мы можам і так.

— Што яшчэ можа муляць вока сённяшнім ідэолагам-палітрукам?

— Зрабіць могуць многае, я тут не бачу ніякіх стрымак. Што заўгодна. Галоўнае тут, у які бок пойдзе тэндэнцыя далейшага развіцця і што тут будзе прызнанае варожым. Я не бяруся нават  прадказаць, куды будзе кінута вока.

Магчыма, нейкія мудрыя галовы падкажуць і пачнецца кампанія і супраць беларускіх помнікаў. Няма, на жаль, ніякіх тармазоў. Пра гэтую ўладу нельга сказаць, што для яе ў гэтым плане існуе нешта немагчымае. Чакаць можна ўсяго, чаго толькі заўгодна.