Гурневіч: «Штосьці, магчыма, Марзалюку раней удавалася, але цяпер выразна бачнае фіяска»
Журналіст Дзмітрый Гурневіч – пра «экзамен» для дэпутата.
– Па працоўных абавязках паглядзеў размову Азаронка і Марзалюка. Забаўна было слухаць як Азаронак асуджаў сілавікоў, якія хапаюць на вуліцах людзей і кідаюць у аўтобус. Але ёсць нюанс, – піша Гурневіч. – Ён казаў пра ўкраінскую мабілізацыю і асуджаў украінскую уладу.
З Марзалюком трошкі складаней. Ведаю, што мне зараз панапісваюць пра адбельванне. Пішыце, гэта ўздыме допіс вышэй.
Марзалюк там асуджаў нянавісць, заклікі да забойстваў апанентаў (а гэты момант Азаронак пачаў глядзець у манітор), аўтарытарызм, казаў, што «беларус беларусу беларус», называў украінскую культуру вялікай, заклікаў шанаваць беларушчыну, часткова нават пагадзіўся з цытатай Зянона Пазьняка, якую яму падсунуў Азаронак (пра тое, што беларусы ціхія, спакойныя, памяркоўныя, але калі ўжо раззлуюцца, то будуць рэзаць галовы м@cкалям).
Магілёвец Марзалюк напэўна ж ведае, што з акупантамі з Масковіі ў XVII ст. зрабілі жыхары яго гораду. Апісанне заслугоўвае значка +18.
Зразумела, усё гэта ён казаў з пазіцый прыхільніка Лукашэнкі. Асуджаў ён нянавісць «збеглых», аўтарытарызм у ЕС, а ўкраінскую культуру хваліў як частку «трыадзінага народу».
Але ўважлівы глядач убачыць больш. Трагізм асобы, які ведае беларускую гісторыю, любіць Беларусь і трагізм асобы, якая думае (-ала), што зробіць шмат карыснага для сваёй краіны, перайшоўшы ў лагер гэтай улады. Штосьці, магчыма, удавалася, але цяпер выразна бачнае фіяска.
У яго там неаднаразова гэта праксоквала: так, не ўсё ў нас добра, але навошта пра гэта балбатаць, рабі што можа тут і цяпер.
А ўвогуле мяне ўвесь час не пакідала ўражанне, што Азаронак экзаменаваў Марзалюка. Ён увесь час агучваў свае цемрашальскія і чарнасоценныя фразы, тэстуючы, ці апраўдае Марзалюк давер рэжыму. І падалося, што не апраўдаў.
Нават сваёй абсалютна агіднай фразай пра рэпрэсаваных, якія маўляў такія смелыя ў інтэрнэтах, а чаму ж яны губляюць гэтую смеласць у кабінетах ГУБАЗіКу, Марзалюк не адпрацаваў сабе алібі.
Для гэтай сістэмы ён занадта лагодны. А пры гэтым задобра ведае беларускую гісторыю (каб не разумець відавочных рэчаў), кажа шмат фразаў пра еўрапейскасць беларусаў, дапускае згоду. Бачна, што ільвіная доля яго слоў шчырыя.
Калі Азаронак заклікае расстрэльваць, Марзалюк пачынае яго супакойваць, што ня варта так. А гэта, як кажа Лукашэнка, «разброд и шатание».
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное