Каго памiлаваў Лукашэнка. Названыя ўсе імёны (дапоўнена)

Раней стала вядома, што ў спiсе 13 чалавек.

Праваабаронцам паступаюць звесткі аб тым, што памілавалі палітзняволеных Віктара Каліноўскага з Брэста, Валерыя Лозу з Светлагорску, Максіма Шаўлінскага з Оршы, паведамляе Вясна.

Вядома, што Віктара Каліноўскага ўжо вызвалілі.

Берасцеец, асуджаны да 2,5 гадоў «хіміі», адбываў пакаранне ў шклоўскай папраўчай ўстанове адкрытага тыпу №49. Яго асудзілі па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу за надпісы на некалькіх прыпынках і гандлёвым кіёску ў Брэсце.

Валерый Лоза ляжаў у шпіталі з атытам вуха, але сёння да яго прыехалі з адміністрацыі ваўкавыскай «хіміі» і прапанавалі збірацца і ехаць з імі ў пракуратуру, каб аформіць патрэбныя дакументы для вызвалення.

Жыхара Светлагорска абвінавачвалі ў абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім сваіх абавязкаў (арт. 369 Крымінальнага кодэкса). Суд прызначыў Валерыю Лозу 2,5 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову. Пакаранне палітвязень адбываў у Ваўкавыску.

Максім Шаўлінскі — трэці вядомы памілаваны палітвязень. Палітзняволены з Оршы быў асуджаны да 2 гадоў «хіміі» за каментар у закрытым тэлеграм-чаце. Яго абвінавацілі ў паклёпе на супрацоўніка міліцыі па артыкуле 188 Крымінальнага кодэксу (паклёп). Сваё пакаранне ён адбываў у Мазыры. Сёння яго таксама павінны вызваліць.

Праз гадзiну сталi вядомыя прозвішчы яшчэ пецярых памілаваных.

Палітвязні Ігар Быкоўскіх з Мінску, Яўген Пашалюк з Камянца і Яўген Каральчук з Століна адбывалі пакаранне ў ПУАТ №46, а Сяргей Рудзінскі ў ваўкавыскай ПУАТ №29. Усе яны былі асуджаныя па дыфамацыйных артыкулах: здзек з дзяржаўных сімвалаў, абраза прадстаўніка ўлады і абраза суддзі. Яўгена Каральчука асудзілі да 1 года «хіміі», Ігара Быкоўскіх — да 1,5 гадоў, Яўгена Пашалюка — да 2 гадоў, Сяргея Рудзінскага — да 1,5 гадоў. Сёння яны павінны выйсці на волю.

Палітвязня Вадзіма Сычака з Бярозы, асуджанага да 1 года «хіміі» за разбітае шкло ў аўтобусе 10 жніўня ў Бярозе (арт. 339 Крымінальнага кодэксу), пераводзяць на «хатнюю хімію».

Яшчэ сярод памілаваных — палітзняволеная медсястра з Віцебска Юлія Кашаверава, якую асудзілі да 1,5 года калоніі. Яе абвінавацілі па ч.1 арт. 339 КК (злоснае хуліганства) за тое, што яна падчас мірнай акцыі пратэсту 4 кастрычніка мінулага году сарвала маску і галаўны ўбор з супрацоўніка МУС і ўдарыла нагой па міліцэйскім бусе. На судзе яна не адмаўляла, што пасля таго, як ёй не далі аказаць дапамогу пацярпеламу, не стрымалася і нанесла тры ўдары па задніх дзвярах міліцэйскага мікрааўтобуса. Пракурор прасіў пакараць яе шасцю гадамі калоніі, але ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска 23 лютага яе асудзілі да 1,5 года калоніі.

За кратамі медсястра знаходзілася амаль 11 месяцаў. Юлія адбывала пакаранне ў жаночай гомельскай калоніі №4.

Таксама памілавалі палітзняволенага Аляксандра Баброва — былога супрацоўніка Беларускага металургічнага завода ў Жлобіне, актывіста забастоўкі. 17 жніўня на знак пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту супраць мірных пратэстоўцаў яны разам з іншымі працаўнікамі перакрылі дарогу для тэхналагічнага транспарту на заводзе.

Была ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 1 арт. 342 КК РБ «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Першага лютага суд пакараў Баброва 2,5 гадамі калоніі агульнага рэжыму. У зняволенні палітвязень знаходзіўся амаль 8,5 месяцаў, большасць з якіх сядзеў у папраўчай калоніі №13. Яго маці паведамілі, што сёння Баброва вызвыляць з калоніі.

Па словах сваякоў, таксама сёння быў памілаваны Аляксей Коршун — жыхар Оршы, затрыманы 31 сакавіка. Вядома, што яго асудзілі да 2,5 гадоў калоніі агульнага рэжыму за каментары ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте» па артыкуле 130 Крымінальнага кодэксу (Распальванне сацыяльнай варожасці).

На волю выйшаў памілаваны Яўген Рапін, які падчас «Маршу вызвалення палітвязняў» 4 кастрычніка ударыў па камеры відэаназірання на Акрэсціна. Яго асудзілі да 3 гадоў «хіміі» па арт. 342 Крымінальнага кодэксу. У Рапіна трое непаўналетніх дзяцей.

Трынаццаты вядомы памілаваны палітвязень – Яўген Говар, былы супрацоўнік Беларускага металургічнага завода ў Жлобіне. Яго судзілі разам Аляксандрам Бабровым, якога таксама сёння памілавалі, па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

17 жніўня на знак пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту супраць мірных пратэстоўцаў Говар разам з іншымі працаўнікамі БМЗ перакрыў дарогу для тэхналагічнага транспарту на тэрыторыі завода. Першага лютага суд абвясціў прысуд Яўгену Говару: два з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

***

21-гадовы палітвязень Зміцер Гопта, які пакутуе на псіхічнае захворванне, не патрапіў у спіс з 13 чалавек. Пра гэта Reform.by паведаміла мама хлопца Вольга Гопта: «Па апошніх звестках, Дзімка не трапіў у гэты спіс, але ідзе першым на падпісанне на пачатак лістапада».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2(44)