«Калі б моц турэмных муроў залежыла ад колькасці людзей, што жадаюць абняць Алеся на волі, то яны б даўно рухнулі»

Сёння дзень народзінаў у лаўрэата Нобелеўскай прэміі Алеся Бяляцкага. У сёмы раз праваабаронца сустракае яго за кратамі.

25 верасня Алесь Бяляцкі адзначае дзень народзінаў. Лідару праваабарончага цэнтра «Вясна» спаўняецца 62 гады.

Менавіта адстойваючы правы чалавека, Бяляцкі стаў палітзняволеным на сваёй радзіме і лаўрэатам Нобелеўскай прэміі.

З ліпеня 2021 года праваабаронца знаходзіцца за кратамі, дзе сустракае дзень народзінаў ужо ў сёмы раз.

За сваю праваабарончую і грамадскую дзейнасць Бяляцкі быў вязнем сумлення з 2011 па 2014 год. Зараз рэжым Лукашэнкі прысудзіў яму 10 гадоў пазбаўлення волі.

— Калі б моц турэмных муроў залежала ад колькасці людзей, што жадаюць абняць Алеся на волі, то яны б даўно рухнулі, — напісаў Анатоль Лябедзька і пажадаў Алесю Бяляцкаму «толькі адно — свабоды ў вольнай еўрапейскай Беларусі!».

— Рэжым кінуў яго за краты толькі за тое, што Бяляцкі пісаў праўду, фіксаваў рэпрэсіі і дапамагаў тым, каго яны закранулі, — напісала Святлана Ціханоўская. — Дзякуючы яго працы свет ведаў праўду пра стан рэчаў у краіне.

Нават за час нашага асабістага – хоць і вельмі кароткага – знаёмства я адчула яго бязмежную любоў да Беларусі. Любоў, якая, падаецца, натхняла ўсіх, з кім Алесь сустракаўся на сваім шляху. Ён здолеў падтрымаць і мяне, калі гэта было так неабходна. І хоць знаёміцца з Алесем бліжэй мне давялося ўжо праз гісторыі яго калегаў і людзей, якія мелі гонар добра яго ведаць, я ўпэўненая – абавязкова настане момант, калі мы сустрэнемся зноў. 

Бяляцкі стаў другім лаўрэатам Нобелеўскай прэміі з Еўропы, хто атрымаў яе, знаходзячыся за кратамі. Першым быў Карл фон Асецкі ў 1935 годзе, які быў ворагам нацысцкай Германіі.

Зараз інфармацыі пра Алеся Бяляцкага вельмі мала. Яго сябры і паплечнікі ў дзень народзінаў будуць зноў ладзіць акцыі салідарнасці, каб нагадаць, што ў цэнтры Еўропы ў 2024 годзе за свае перакананні і абарону правоў чалавека ў жахлівых умовах калоніі знаходзіцца лаўрэат Нобелеўскай прэміі.

Далучыцца да акцый можна а 14-й у Вільні (Naugarduko, 7) і ў 18 гадзін у Варшаве (Plac Konstytucji, каля будынку Plac Konstytucji, 6).

Калектыў «Салідарнасці» таксама жадае паважанаму спадару Алесю моцы і здароўя, і як мага хутчэй апынуцца на волі ў роднай краіне.