Общество

«Калі Беларусь раптам яшчэ раз атрымае літаратурнага Нобэля, гэта зноў будзе расейскамоўны пісьменьнік»

20 кастрычніка ў Бэрліне — першая прэзэнтацыя новай кнігі Альгерда Бахарэвіча «Папяровы голем». Радыё Свабода пагаварыла з аўтарам пра недавер да папулярных твораў і мару беларускага пісьменьніка атрымаць Нобэлеўскую прэмію.

— Ваша кніга рыхтавалася да друку яшчэ да нядаўняга абвяшчэньня рашэньня Нобэлеўскага камітэту пра новага ляўрэата (у сёлетнім выпадку ляўрэаткі) галоўнай літаратурнай прэміі. І вы, натуральна, не пасьпелі адрэфлексаваць на рашэньне пра набэлянтку, пра творы якой ужо чаго толькі не накамэнтавалі. А ваш камэнтар якім ёсьць?

— Я не чытаў ніводнага твора новай нобэлеўскай ляўрэаткі. Але не магу паўтарыць сьледам за ўсімі гэтымі шматлікімі камэнтатарамі: што гэта наагул за пісьменьніца такая, ніколі пра яе ня чуў.

Нядаўна ва ўкраінскім фэйсбуку пажартавалі: маўляў, трэба скласьці пэтыцыю ў Стакгольм: давайце Нобэля толькі тым, каго мы чыталі.

Пра існаваньне Хан Ган я ведаю, бачыў водгукі на яе знакаміты раман. Але, відаць, спрацавала мая даўняя нелюбоў да большасьці — я з падазрэньнем стаўлюся да папулярных твораў. Калі кніга папулярная, значыць, яна дастаткова сярэдняя, каб спадабацца большасьці.

— У дзень абвяшчэньня літаратурнага Нобэля-2024 мы папрасілі знаўцаў і перакладчыкаў сусьветных шэдэўраў Яна Максімюка і Сяргея Шупу расказаць пра іх спадзяваньні і расчараваньні ад рашэньняў у Стакгольме. Абодва яны казалі і пра беларускі аспэкт, у прыватнасьці пра тое, што беларускі кандыдат яшчэ расьце, бо даюць Нобэля творцам ня першай і нават не другой маладосьці. Між іхных словаў выразна чулася, хоць і не агучвалася ваша імя. Ці самі вы марыце пра такі трыюмф?

— Беларускамоўнай літаратуры да нобэлеўскай прэміі — як да Месяца. На Захадзе ад беларускай літаратуры наагул чакаюць толькі пацьверджаньня ўласных страхаў і стэрэатыпаў. А калі гэта яшчэ і літаратура па-беларуску... Разумееце, беларускую кнігу, якой бы яна ні была, геніяльнай або бяздарнай, хутчэй за ўсё тут ня стануць чытаць — проста таму, што яна беларуская.

Такое да нас стаўленьне — як да дзяцей, якім яшчэ рана нешта гаварыць даросламу сьвету, або як да нацыяналістаў. Кажу гэта як беларускамоўны аўтар, кнігі якога выходзяць на іншых мовах і рэцэнзуюцца ў нямецкіх і амэрыканскіх выданьнях.

Калі ты пішаш па-беларуску, на большае спадзявацца не выпадае. Калі беларускі пісьменьнік раптам зноў атрымае Нобэля, гэта зноў будзе расейскамоўны пісьменьнік.

Як бы дзіўна гэта сёньня ні гучала, мова мае вялікае значэньне.

Беларускамоўнай літаратуры не хапае перакладаў, найперш перакладаў на ангельскую. Беларусі не хапае свайго вобразу ў вялікім сьвеце. У гэтым сьвеце беларускамоўнага аўтара можа чакаць толькі адзін варыянт літаратурнай кар’еры — зь невядомага зрабіцца малавядомым. Я бачу, што сёе-тое — вельмі павольна — зьмяняецца ў лепшы бок... Але час Беларусі яшчэ не прыйшоў.

Наогул, я думаю, што чалавецтва трохі звар’яцела праз усе гэтыя ўзнагароды, мы надаём ім занадта шмат значэньня, мы занадта сур’ёзна да іх ставімся, хоць яны даўно ператварыліся ў частку масавай культуры, у такія сабе паліткарэктныя конкурсы прыгажосьці.

Гэта сытуацыя, дзе літаратура наогул адступае на задні плян. У літоўцаў, напрыклад, былі вялікія пісьменьнікі і грандыёзныя раманы, пра якія на Захадзе наагул ніхто ня ведае. І ведаць ня хоча. Правілы нам дыктуе вялікі англасаксонскі сьвет. Калі яму заманецца, ён можа зірнуць на Ўсход ці на Поўдзень.

На хвілінку — і гэтай хвілінкі хопіць, каб у далёкай непрыкметнай літаратурнай правінцыі здарылася нацыянальнае сьвята.

Ведаеце, ніхто з тых пісьменьнікаў, якіх я лічу сваімі настаўнікамі, якія паўплывалі на маю асобу і на мяне як аўтара, пісьменьнікаў, якіх я люблю і перачытваю, так і не атрымаў Нобэлеўскую прэмію.

Ні Кафка, ні Джойс, ні Набокаў, ні Гамбровіч, ні Гэрбэрт Уэлз, ні Астрыд Ліндгрэн, ні Рабэрта Баляньнё, ні Алесь Разанаў яе не атрымалі. Гэтае назіраньне супакойвае і не дае цешыць сябе ілюзіямі. Пісьменьнік мусіць пісаць добрыя кнігі, а ня думаць аб прэміях. Гэта закон. Але часам нам бывае не да законаў, праўда?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3(2)