Общество
Таццяна Гусева

«Калі я выйшла замуж, бацька папярэдзіў: «Глядзі, каб Сібір`ю гэта не скончылася»

Любімая жанчына кіраўніка праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага Наталля распавяла «Салідарнасці» пра тое, чаму не прыходзіла на суд над мужам, якім было іх першае спатканне на Валадарцы, і які Алесь у коле родных людзей.

Мы сустрэліся за Наталляй у кавярні і, гартаючы сямейны альбом, пачалі з самага цікавага - гісторыі іх знаёмства.

– З Алесем я пазнаёмілася на вяселлі майго стрыечнага брата, – распавяла Наталля. – На той час брат вучыўся на гістарычным факультэце Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. На сваё вяселле запрасіў рок-гурт «Баскі». У гэтым гурце Алесь быў гітарыстам.

У нас, можа быць, нічога і не адбылося б. Так, прыемнае знаёмства, але атрымалася, што потым нас адправілі адпрацоўваць практыку ў лагяры, якія знаходзіліся побач – праз плот. Там быў час бегаць на спатканні бескантрольна, без вока бацькоўскага.

– Як я разумею, гэта не было каханне з першага позірку. Чым Алесь вас пакарыў?

– Мне спадабалася, што ён такі вельмі галантны, выкшталцоны кавалер. Нахабства ў меру – таму што без яго хлопцу немагчыма заляцацца – і ў той жа час далікатны. Усе ў яго было добра ўзважана. Вельмі цікавы апавядальнік, добра спяваў. Мяне адразу падкупіла тое, што Алесь высакародны чалавек.

Я праніклася тым, што рабіў Алесь, чым ён жыў, бо ён заўсёды быў на баку справядлівасці, праўды. І таксама я разумела, чым гэта можа абярнуцца ў тыя часы.

– А як бацькі ставіліся да вашых адносінаў?

– Бацька мой быў партыйным работнікам. Ён чытаў тыя паперы, якія распаўсюджваліся ім па партыйнай лініі – і на «Тутэйшых», і на «Талаку»… Таму бацька не надта хацеў, каб мы з Алесем працягвалі адносіны. А маці Алесь спадабаўся.

…Бацька не адразу даведаўся, што я выйшла замуж. Думала, пры зручным моманце яму скажу, таму што вяселле ўсё роўна не збіраліся ладзіць. На той момант я вучылася ў Гомельскім ўніверсітэце. Узяла тры вольныя дні ў дэканаце. Памятаю, прыйшла да дэкана. Той спытаўся: «А хто ваш абранец?». – «Малодшы навуковы супрацоўнік». – «Што ж вы за МНСа замуж выходзіце?», – пакпіў з мяне дэкан.

Калі бацька пастфактум даведаўся пра маё замужжа, ён мяне папярэдзіў: «Глядзі, каб Сібір'ю гэта ўсё не скончылася!».

Вяселле адбылося ў Мінску 17 красавіка. Былі толькі мы з Алесем і сведкі. Распісаліся, ўсклалі кветкі да помніка Багдановічу, а потым пайшлі ў рэстаран «На ростанях». Пасля я паехала вучыцца, а ён застаўся ў Менску.

– А як жа мядовы месяц?

– Ніякага сумеснага жыцця не было, пакуль я не скончыла ўніверсітэт. Алесь прыязджаў да мяне ў інтэрнат. Так паасобку мы пражылі больш за год. А потым мяне размеркавалі ў Калінкавіцкі раён, я там працавала. Пасля ў дэкрэтны пайшла.

– Дзіцёнка планавалі?

– Раскопачны дзіцёнак наш Адам. Мы на раскопках былі ў Столінскім раёне. Я так любіла ездзіць, але болей не давялося. Сын нарадзіўся – нікуды ўжо паедзеш…

Адасю было чатыры месяцы, калі мы з ім пераехалі ў Мінск да Алеся. Свякроў у мяне вельмі добрая, разумная жанчына. Вырасціла клубніцы, прадала, аддала нам усе грошы і сказала здымаць кватэру, няма чаго паасобку жыць.

Потым Алеся абралі дырэктарам музея Максіма Багдановіча. І яму цяжкая місія выпала. Трэба было музей адкрываць, рабіць экспазіцыю. Гэта было яго дзецішча.

– Як чалавек апантаны Алесь заўсёды жыве працай?

– Так. Скажу адразу, мяне гэта абсалютна задавальняла, таму што я разумею, што мужчына павінен працаваць. Гэта ягоная неад'емная ўласцівасць. Я разумела, чым ён займаўся, чаго дамагаўся. Гэта мне было блізка. Я не пакутавала ад таго, што ён заняты працай. Адзінае – вельмі цяжка было дзіця гадаваць. У сталіцы у нас не было сваякоў, якія б маглі дапамагчы, падказаць, што рабіць. Я ніколі не забуду, як Алесь быў у камандзіроўцы, а ў Адама тэмпература падскочыла пад сорак. Ён звычайна вельмі цяжка хварэў, і я колькі дзён не магла нават выйсці што-небудзь купіць. Не ведаю, якім чынам суседка зразумела маё становішча, бо я ні аб чым не прасіла. Хоць, пэўна, трэба ўмець пайсці паскардзіцца, папрасіць. Званок у дзверы. Суседка прынесла цэлы пакет тварагу. Такое не забываецца...

Але калі ўжо Алесь быў дома, ён дапамагаў. Разумеў, што ад заўсёднага знаходжання з дзіцём жанчына стамляецца, і раз на тыдзень адпускаў мяне на цэлы дзень. Памятаю, хадзіла ў кіно, тэатр.

Нягледзячы на занятасць, Алесь заўсёды знаходзіў час на дзіця. Памятаю звычайныя сітуацыі. Ён прыходзіць стомлены, кладзецца, Адась да яго падыходзіць: «Раскажы казку». Алесь пачынае расказваць. Праз нейкі час слухаю, пачатак быў душэўны, зразумелы, потым аднекуль з'явіліся іншыя героі, гарады, лёсы. Плынь свядомасці. (Смяецца). А малы слухае у захапленні. Ну, канечне ж, самы любімы быў тата, таму што мама кожны дзень побач. Ён і першае слова сказаў: «Тата».

Алесь Бяляцкі з маленькім сынам

– Наталля, а Алесь – строгі бацька?

– Не. Ён мяккі ў адносінах да таго, што для яго не прынцыпова. А ва ўсім астатнім бачна, як ён выяўляе сваю пазіцыю. Хоць павучальных нудных гутарак з сынам не праводзіў і папругі не браў. Для Адама тата – гэта усе.

– На маю думку, дзеці выхоўваюцца бацькоўскім прыкладам. Мне нават здаецца, што не мы іх выхоўваем, а яны нас.

– Адназначна. Мяне мой сын выхаваў. Я даведалася, што такое мужчынскі характар толькі праз сына. Таму што Алесь імкнуўся мне дагадзіць, не ісці на пэўныя канфлікты, не выяўляць моцна свае жаданні, патрабаванні, а Адам паказаў, што такое ўпартасць да апошняга. Я сыну вельмі ўдзячная, таму што ён мяне навучыў шмат чаму. І я, шчыра кажучы, зайздрошчу сучаснай моладзі, таму што яны жывуць значна ў цікавейшы час.

Адам Бяляцкі на мітынгу з нагоды Дня волі

– Ці ёсць у вас сямейныя традыцыі?

– Адзіная ў нас была традыцыя на стары Новы год збіраліся з кампаніяй у кавярні і адтанцоўвалі. У нас не прынята застоллі рабіць. Мы нават дні нараджэння не святкавалі ніколі. Не лічылі мы гэта за свята, вартае таго, каб яго адзначаць.

Мы рэдка бачыліся, асабліва апошнім часам, праз занятасць Алеся. У вольную хвілінку ён імкнуўся паехаць на лецішча. Алесь – гарадскі хлопец, у якога прачнулася любоў да зямлі. Ён пасадзіў сад, даглядаў агарод. Нават кветкі вырошчваў! Увосень, дзякуй сябрам і родным, дапамаглі сабраць ураджай з агарода, які ён пасадзіў.

– Вы не бачыліся з Алесем тры месяцы, пакуль ішло следства па ягонай справе. Гэта было самае доўгае ў вашым супольным жыцці расстанне?

– Так. І першае, і пакуль адзінае спатканне я атрымала 28 лістапада. Я нават не памятаю, як мы з ім развіталіся 4 жніўня. Памятаю ператрус. Мне было балюча глядзець на Алеся. Я пазбягала на яго глядзець, адчувала яго прысутнасць і вачэй на яго не паднімала… У студзені, калі ў нас дома праводзілі вобшук, Алеся не было, і мне было прасцей.

– Як адрэагавалі вашыя знаёмыя, сябры на арышт мужа?

– Я не разлічвала ні на што. Але маю адзіноту, гэтую аблогу прарвалі званкі, прапановы дапамогі, падтрымкі, і я пасаромелася нават сябе і сваіх думак, і таго, што я, можа быць, дыстанцыравалася ад людзей раней.

Некаторыя знаёмыя, з якімі год дваццаць не бачылася, знайшлі нумар майго тэлефона і пазванілі.

– Чаму Алесь прасіў вас не прыходзіць на суд?

– Я зразумела, што яму так прасцей. Ён будзе заняты ўласна той працай, якая на той час вельмі важная. Алесь мяне пашкадаваў. Калі мяне выклікалі сведкай, я прабыла каля дзесяці хвілін у судовай зале, але адчула, быццам бы правяла там не адно паседжанне. Абвясцілі перапынак. Я падбегла да яго, каб парай словаў абмяняцца. І тут яны яму даюць загад павярнуцца, рукі назад, каб наручнікі надзець. Ён на мяне паглядзеў, і я зразумела, што трэба адварочвацца і ісці. Яму таксама непрыемна, што я за ўсім гэтым назіраю. І я сыйшла.

…Алесь амаль кожны дзень піша. Спачатку спрабаваў нумараваць лісты, але потым сам заблытаўся. (Усміхаецца). Адзін раз ліст прыйшоў у незаклееным канверце. І я камплексую з таго, што ўсе лісты перачытваюцца. Стараешся пісаць так, каб прапусцілі, каб дайшоў гэты ліст.

Вось пасля прысуду пабачыліся. Дазволілі нам спатканне. Праз шкло гаварылі.

– Алесь расказваў вам пра ўмовы ўтрымання?

– Не. На шкле вісіць інструкцыя, у якой напісана, што расказваць пра ўмовы ўтрымання забаронена. Гаварылі шмат пра што. Разумела, што наша размова праслухваецца, але ўсё роўна была ілюзія таго, што ты сам-насам з мужам.

Пытаўся пра родных. Калі прысуд быў, Алесь не вытрымаў і першае пытанне мне задаў пра бацьку. Я не магла зразумець, пра што ён пытаецца, а ён усё паўтараў: «Як бацька?». Я на судзе сказала, што нармальна, а на спатканні распавяла, што ў бацькі рак чацвёртай ступені. Ён пакуль трымаецца, ходзіць, але тае на вачах.

Алесь прасіў падзякаваць тым, хто яго падтрымліваў. Столькі лістоў ён атрымліваў, што нават не паспеў на ўсе адказаць. Перажывае вельмі за вясноўцаў, бачыў, што шмат хто на судзе са слязьмі былі. Кажа: «Няхай не пераймаюцца. Са мной усё нармальна».

– Вы пражылі з мужам шмат гадоў разам. Як у вас атрымалася захаваць адносіны?

– Сакрэтаў асаблівых няма. Мы думаем аднолькава, ведаем, што ў любой бядзе ці складанай жыццевай сітуацыі можам абаперціся адно на аднаго. Нам камфортна маўчаць. Ён мне даваў дастатковую свабоду, асабліва ні ў чым не абмяжоўваючы. Жартам мы кажам, што ўдзячныя адзін аднаму за цярпенне.

У нашых з ім стасунках я магла як жанчына надумаць розныя праблемы, потым натыкаюся на яго незразумелы позірк. Ён ніколі не крычаў на мае розныя заявы. Я бачыла, што ён проста не разумее, з чаго ўвесь сыр-бор. (Усміхаецца). І я не ведала, чым адказаць на нямое пытанне ў ягоных вачах.

З адной паездкі Алесь прывёз жонцы незвычайны падарунак. Апрануўшы яго, Наталля пажартавала, маўляў, твой ідэал – усходняя жанчына.

– Вы шчаслівая жанчына, што сустрэлі свайго мужчыну.

– Я баялася пра такое гаварыць не таму, што прымхлівая, а таму, што думаеш, невядома, як жыццё павернецца. Ну, ужо цяпер, калі жыццё павярнулася не лепшым бокам, я магу паглядзець на сваё мінулае і сказаць, што сапраўды шчаслівым яно было.

Алесь для мяне заўсёды быў аўтарытэтам. Я ведала, што ён разумны, добры, справядлівы, і ён ніколі не даў падставы ў гэтым сумнявацца. Гэта вельмі важна для жанчыны. Калі ты захапляешся мужчынам, можна ўсё прайсці і дараваць. Ува ўсім ён высакародны. Такіх людзей, як Алесь, адзінкі. Я шчаслівая, што маё жыццё, цікавае і яркае, прайшло з такім чалавекам. …Але не прайшло – працягваецца. Тое, што зараз адбываецца, гэта проста этап.

Алесь Бяляцкі з мамай

Cа старэйшым братам

З дзембельскага альбома