Политика

Карбалевіч: «Лукашэнка сам ня вельмі верыць у той вобраз, які ствараюць дзяржаўныя мэдыя»

Палітычная кампанія пад назвай «прэзыдэнцкія выбары» скончылася. Што чакае Беларусь далей, і наколькі можа зьмяніцца палітыка Лукашэнкі пасьля прадказальнай «перамогі» 26 студзеня 2025 году, аналізуе на Радыё Свабода Валер Карбалевіч.

Валер Карбалевіч

Акрамя ўсіх іншых прычынаў, Аляксандар Лукашэнка ня мог не пайсьці на гэтыя выбары і праз траўму 2020 году. Ягоны сыход азначаў бы прызнаньне паразы, няхай і адцягнутае ў часе.

Невялікая гістарычная аналёгія. Прэзыдэнт Францыі генэрал Шарль дэ Голь — культавая постаць францускай гісторыі — пайшоў у адстаўку ў 1969 годзе. Гэта адбылося праз год пасьля масавых грамадзкіх пратэстаў, якія скаланулі краіну.

Ён зразумеў вычарпанасьць сваёй місіі для францускай нацыі. Не пабаяўся прызнаць паразу, бо ягоныя заслугі і дасягненьні ў гісторыі краіны былі настолькі відавочныя, што нішто не магло іх аспрэчыць. І сваім прыкладам паказаў, што для вялікіх палітычных дзеячоў, як і для вялікіх спартоўцаў, важна своечасова сысьці, пакуль трыбуны не пачалі асьвістваць. Годны сыход, апошняя кропка — важны элемэнт гістарычнага міту. Як казаў Штырліц, запамінаецца апошняе.

І тут вяртаемся да Беларусі. Напярэдадні выбараў дзяржаўныя мэдыя разьдзімалі культ асобы Лукашэнкі, абвясьцілі яго бацькам беларускай дзяржаўнасьці, выбітнай постацьцю беларускай гісторыі. І калі б гэта было сапраўды так, то ніякія пратэсты 2020 году не маглі б азмрочыць гэты вобраз.

Лукашэнка зноў балятаваўся на новы тэрмін, каб даказаць усім, што ён пераможца. Прычым асабліва не хаваў гэтага ў працэсе кампаніі.

Шмат разоў падчас сустрэч з насельніцтвам узгадваў падзеі чатырохгадовай даўнасьці, казаў, што вось, маўляў, шмат хто з тых, хто пратэставаў, адумаўся, пераасэнсаваў свае паводзіны, пакаяўся. Ён упэўніваў у гэтым сам сябе. У дзень выбараў сабраў на прэсавую канфэрэнцыю замежных журналістаў (раней да заканчэньня галасаваньня ніколі так не рабіў), каб прадэманстраваць свой статус пераможцы.

Гэта азначае, што ён, адрозна ад генэрала дэ Голя, сам ня вельмі верыць у сваю гістарычную місію бацькі беларускай дзяржаўнасьці, у той вобраз, які ствараюць дзяржаўныя мэдыя. Бо калі нейкі факт трэба так настойліва даказваць, то ён, прынамсі, невідавочны.

Да таго ж Лукашэнка асабліва не хавае, што ягоная перамога — гвалтоўная. І дасталася вельмі дарагой цаной для краіны. Але ён ня лічыць гэта недахопам. Паводле ягонага ўяўленьня, гвалт — гэта паказьнік сілы, прыкмета моцнага палітыка. Адсюль выцякае ягонае пакланеньне дыктатарам усіх часоў і народаў і рэабілітацыя ў сёньняшняй Беларусі тэрміна «дыктатура». А пераможцаў ня судзяць.

Ці атрымаў Лукашэнка тое, чаго хацеў, правёўшы фактычна датэрміновыя выбары? Ці набыў дадатковую легітымнасьць?

Калі гаварыць пра ўнутраную легітымнасьць, то часткова так. Улада паказала сілу, і тая частка электарату, якая зважае на гэта, не адрынае прымусовую легітымнасьць, прызнала Лукашэнку пераможцам.

Аднак палітычныя рэпрэсіі не спыняюцца. Вызваліць палітвязьняў Лукашэнка не абяцаў — маўляў, яны парушылі закон і павінны сядзець. Бо рэпрэсіі — неабходны элемэнт захаваньня існага рэжыму. Асабліва ва ўмовах вонкавай няпэўнасьці.

Больш за тое, Лукашэнку моцна непакоіць дзейнасьць апазыцыі за мяжой. Хоць, здавалася б, якая небясьпека ад таго, што апанэнты правялі шэсьце ў Варшаве? Аднак, пачуўшы гэтую інфармацыю на прэсавай канфэрэнцыі, ён сарваўся, паабяцаў выявіць усіх, хто пратэставаў, і нават прыгразіў пакараць іх родзічаў.

Генпракуратура сьцьвярджае, што «ідэнтыфікавала 365 удзельнікаў акцый за мяжой», зьбіраецца прыцягнуць іх да крымінальнай адказнасьці, канфіскаваць маёмасьць на тэрыторыі Беларусі, «у тым ліку зарэгістраваную на іншых асоб».

Адзінае лягічнае тлумачэньне такой зацятасьці ў барацьбе з гэтымі, здавалася б, бяскрыўднымі для рэжыму пратэстамі за мяжой — банальная помста.

Што тычыцца міжнароднай легітымнасьці, дык тут, па вялікім рахунку, мінулая прэзыдэнцкая кампанія ні на што не паўплывала. Захад вельмі крытычна ацаніў гэтыя выбары. Праўда, існуе няпэўнасьць з рэакцыяй новай адміністрацыі ЗША. Лідэры краін постсавецкай прасторы, шэрагу дзяржаў Глябальнага Поўдня і раней прызнавалі прэзыдэнцкі статус Лукашэнкі, і цяпер павіншавалі яго зь перамогай.

Беларусь у выніку гэтай кампаніі так і не вярнулася ва ўмоўны 2019 год. Сындром 2020 году не пераадолены.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(28)