Яны пачынаюць задумвацца, а што далей, можа ўжо пара і гаспадара мяняць, глядзець на Маскву?
Карбалевіч: «Пуцін робіць стаўку на паступовую, крок за крокам, нават схаваную страту Беларуссю суверэнітэту на карысць Расіі»
Расія атрымала тыя вынікі, якія хацела.
Візіт Пуціна ў Мінск меў палітычна-сімвалічны характар, ніякія радыкальныя рашэнні падчас яго прынятыя не былі, лічыць палітолаг Валер Карбалевіч.
— Гэта была пэўная дэманстрацыя моцы саюзніцтва, такая спроба падтрымаць, аддзячыць Лукашэнку за тое, што ён, фактычна, застаўся адзіным саюзнікам Расіі, — каментуе вынікі візіту палітолаг на «Св*бода Premium». — Пуціну ў пэўным сэнсе камфортна было на гэтай сустрэчы.
На саміт G20 ён не паехаў, бо там яму некамфортна, а вось у Мінск прыехаў і прывёз з сабой вялізную дэлегацыю.
Карбалевіч працягвае, што з улікам таго, хто ўвайшоў у дэлегацыю, саюзнікі абмяркоўвалі важныя эканамічныя пытанні двухбаковых адносін, пытанні замежнай палітыкі і, вядома, вайну ва Украіне.
— Хоць тэму Украіны абодва бакі старанна імкнуліся абысці, нібыта побач не ідзе кровапралітная вайна, у якой удзельнічаюць абедзве краіны.
Шмат казалі пра футбол, пра космас, пра супрацоўніцтва ў атамнай энергетыцы, а вайны быццам няма. То-бок была такая спроба стварыць паралельную рэальнасць, якую, дарэчы, ствараюць дзяржаўныя медыя Расіі і Беларусі, — адзначыў палітолаг.
Ён звярнуў увагу і на самую балючую тэму для беларускага кіраўніка.
— Калі замежныя эксперты і палітыкі, незалежныя журналісты ды лідары апазіцыі кажуць пра тое, што Беларусь страчвае суверэнітэт, для Лукашэнкі гэта вельмі хваравіта, бо гэта слухаюць чыноўнікі, наменклатура.
І таму Лукашэнка і напярэдадні візіту, і падчас яго, і наогул перыядычна ўзгадвае пра гэта і спрабуе даказаць, што ўсё нармальна з суверэнітэтам. Але гэтыя спробы даказаць — вельмі паказальная сітуацыя. Бо яна сведчыць аб тым, што ён сам бачыць — суверэнітэту застаецца ўсё менш.
Дарэчы, гэта асаблівасць яго псіхалагічнага характару. Калі нешта яму баліць, ён пра гэта бясконца паўтарае. Пра тых жа «беглых» кажа на любой нарадзе. І суверэнітэт такая ж балючая для яго тэма.
Справа ў тым, што для Пуціна сёння няма мэтазгоднасці палітычнага далучэння Беларусі да Расіі. Пуцін робіць стаўку на паступовую, крок за крокам, нават схаваную страту Беларуссю суверэнітэту на карысць Расіі.
Гэтыя працэсы ідуць і ідуць даволі хутка. Асабліва яны паскорыліся з пачаткам вайны. Але Пуціну не патрэбныя нейкія радыкальныя крокі, ён бярэ паступовасцю.
Для Расіі і Пуціна з боку Беларусі ўсё ідзе добра, таму навошта рабіць нешта, што можа выклікаць адмоўныя наступствы?
Думаю, што гаворка ішла і пра больш актыўны ўдзел беларусаў у вайне, — дадае Карбалевіч. — Неабавязкова гэта тычылася ўступлення беларускіх вайскоўцаў ва Украіну. Гаворка магла ісці пра больш другасныя рэчы, як падтрымка інфраструктуры расійскага магчымага наступу, палігоны, аэрадромы, чыгунка, абслугоўванне самалётаў, шпіталі і г. д. Вось такія рэчы, думаю, цалкам абмяркоўваліся, і Расія атрымала тыя вынікі, якія хацела.
Читайте еще
Избранное