Экономика

Карбалевіч: Што стаіць за пагрозамі Лукашэнкі перакрыць Эўропе транзыт газу

Палiтолаг Валер Карбалевіч у блогу на Радыё Свабода не выключае падрыхтоўкі правакацыі на мяжы.

На чацьвёрты дзень, як рэзка абвастрыўся мігранцкі крызіс на мяжы, сытуацыю пракамэнтаваў Лукашэнка. Падчас нарады з урадам ён выклаў цэлую праграму пагроз на адрас суседзяў і Эўразьвязу ў цэлым.

Тое, што Лукашэнка будзе ісьці па шляху эскаляцыі, падвышэньня ставак, было відавочна. Бо інакш ня варта было распачынаць гэтую спэцапэрацыю. Ён цяпер адзіны ўдзельнік гэтага канфлікту, якому няма чаго губляць.

У прынцыпе, няцяжка было пралічыць, якія інструмэнты афіцыйны Менск можа выкарыстаць. Пра пагрозу закрыць транзыт празь Беларусь Лукашэнка гаварыў і раней. А вось магчымым перакрыцьцём газаправоду Ямал — Эўропа пагражаў Эўропе ўпершыню. І ў першым, і ў другім выпадку патрэбная згода Расеі. Пры такім разьвіцьці падзей Маскве ўжо ня ўдасца застацца ўбаку і казаць, што мы ні пры чым.

А яшчэ Лукашэнка папрасіў Расею далучыць стратэгічную авіяцыю да дзяжурства на межах Беларусі і «саюзнай дзяржавы».

Асабліва злавесна і заблытана выглядае сюжэт са зброяй для мігрантаў:

– Пайшлі спробы перакіданьня зброі, боепрыпасаў і выбухоўкі гэтым людзям у лягеры. Апошнія двое сутак перакідаюць зброю. Зброя ў асноўным ідзе (мы з расіянамі трымаем на кантролі гэтае пытаньне, з Пуціным размаўлялі на гэтую тэму) з Данбасу. Ідзе зброя для чаго? Тут хочуць зладзіць правакацыю. Сутыкнуць ілбамі нашых памежнікаў зь іхнымі, нашых вайскоўцаў зь іхнымі. Таму вымушаныя па пэрымэтры цяпер кантраляваць сытуацыю, каб ім не закінулі зброю.

Пра тое, што ў мігрантаў можа аказацца зброя, Лукашэнка казаў яшчэ летам. Цяпер пра гэта сьцьвярджаецца як пра зьдзейсьнены факт — ці як толькі пра спробы? Пры гэтым ён дадае, што «мы з расіянамі трымаем на кантролі гэтае пытаньне».

Ці выйшла сытуацыя з-пад кантролю? Зброя ідзе з Данбасу — праз Расею ці праз Украіну? І хто хоча «зладзіць правакацыю»? Няўжо самі палякі супраць саміх сябе?

Тут фактчэкінг ня мае значэньня, галоўнае — нагнаць страху, напужаць. Але, паколькі Лукашэнка ўзгадвае пра мігрантаў са зброяй другі раз, то, відаць, гэтая ідэя віруе недзе ў галовах людзей з пагонамі ці без пагонаў. Таму гэта ня толькі блеф, тут нейкую правакацыю нельга выключаць. Бо яшчэ мінулым годам шмат хто заўважыў, што калі Лукашэнка кажа пра магчымую правакацыю, то яна дзіўным чынам неўзабаве здараецца.

І яшчэ важны момант. Лукашэнка даў загад разьмясьціць у санаторыях жанчын зь дзецьмі, якіх шмат сярод мігрантаў, цяжарных жанчын пакласьці ў шпіталь, а таксама даручыў падвезьці мігрантам сухіх дроў. То бок варта рыхтавацца да доўгай эпапэі знаходжаньня гэтых людзей на беларускай тэрыторыі. І ўлады гатовыя часткова ўзяць забесьпячэньне іх жыцьцядзейнасьці на свой кошт.

Бедная Эўропа ня можа гэтага зрабіць, а багатая Беларусь пакажа прыклад, як трэба ставіцца да гасьцей.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.3(22)