Карбалевіч: «Вярбовачных пунктаў «Вагнера» на тэрыторыі Беларусі няма і, хутчэй за ўсё, не будзе»
Палітолаг — пра тое, ці шмат жадаючых будзе сярод беларусаў стаць наймітамі ПВК.
ПВК «Вагнер» рыхтуецца наймаць новых байцоў — грамадзян Беларусі і Расіі. З 25 ліпеня зачыніўся пункт збору ў РФ. Як паведамляецца ў афіцыным тэлеграм-канале ПВК «Вагнер», адрас новага пункту збору і працаўладкавання будзе аб’яўлены пазней. Удакладняецца, што, верагодна, ён будзе бліжэй да пунту часовай дысклакаці ў Беларусі.
— Гэтая аб’ява сведчыць пра тое ПВК «Вагнер» працягвае сваю дзейнасць і гатовая прымаць у свае шэрагі новых наёмнікаў, — тлумачыць у інтэрв’ю Филину палітолаг Валерый Карбалевіч. — Беларусы, якія хацелі ваяваць у прыватнай расійскай кампаніі «Вагнер», там ваююць.
Больш за тое, некаторыя беларусы ваююць у складзе рэгулярных войск Расіі, якія падпарадкоўваюцца Міністэрству абароны РФ. Адзін з лётчыкаў, які падаўляў мяцеж Прыгожына, быў беларусам.
З улікам таго, як лёгка сёння Расія раздае грамадзянства жыхарам Беларусі, гэта ўвогуле не праблема.
Таму нічога новага тут няма: грамадзяне Беларусі былі наймітамі ў гэтай кампаніі. Ну і цяпер яны пры жаданні могуць гэта рабіць.
Эксперт падкрэслівае: вярбовачных пунктаў «Вагнера» на тэрыторыі Беларусі няма і, «хутчэй за ўсё, не будзе». У Беларусі наёмніцтва з’яўляецца паводле заканадаўства крымінальным злачынствам, нагадвае Валерый Карбалевіч.
— Калі Лукашэнку спыталі наконт таго, ці будуць там беларусы, ён сказаў: хто хоча, знойдзе шляхі. Некаторыя сапраўды такія шляхі знаходзілі — з’язджалі ў Расію, вербаваліся ці то прымалі расійскае грамадзянства, ці не. Думаю, што для вагнераўцаў гэта ўвогуле не было галоўным.
— У аб’яве пазначана, што, верагодна, адрас новага пункту збора будзе бліжэй да месца часовай дыслакацыі ў Беларусі. Што гэта значыць?
— Пунктам бліжэй да месца часовай дыслакацыі ў Беларусі можа быць Смаленск, Бранск ці Пскоў. Тут не сказана, што гэта будзе ў Беларусі.
Не думаю, што на тэрыторыі Беларусі Лукашэнка дазволіць вербаваць беларускіх грамадзян, хаця б па той прычыне, што гэта супярэчыць беларускаму заканадаўству. Людзей, якія ваявалі на Данбасе з таго і з другога боку, арыштоўвалі і судзілі да пачатку вайны.
— Куды пашлюць новых наймітаў?
— Мне цяжка казаць пра тое, як усё будзе адбывацца. Цалкам рэальна, што іх могуць завербаваць у Смаленскай вобласці і потым паслаць у Сірыю, Малі, Афрыку, яшчэ кудысьці.
— Ці значыць, што аб’яўлены набор у ПВК, адрасаваны ў тым ліку грамадзянам Беларусі, што «Вагнер» у нас не часова, а надоўга, і будзе нарошчваць сваю групіроўку?
— Гэта ўжо іншае пытанне, і на яго цяжка адказаць. Думаю, гэтая сітуацыя абмяркоўвалася ў Санкт-Пецярбургу падчас апошняга візіту туды Лукашэнкі. Аб чым яны дамовіліся з Пуціным, пакуль мала зразумела.
Пакуль мы бачым спробу адаптацыі «Вагнера» да беларускіх рэалій, сустрэчы з сілавікамі розных ведамстваў і спробы зрабіць пазітыўны імідж на тэрыторыі Беларусі для гэтай арганізацыі.
Што тычыцца перспектывы, думаю, яна няпэўная, і не да канца дамовіліся наконт таго, што будзе далей. Незразумела, якая будзе палітыка Масквы адносна «Вагнера». Ці дазволіць Пуцін Прыгожыну зарабляць грошы дзесьці ў Сіірыі, Малі, Судане, Мазамбіку, як гэта было раней, ці цяпер, калі яны пасварыліся, Пуцін адцісне гэтую магчымасць.
Пакуль не ведаем, як яны дамовіліся, і казаць пра перспектывы гэтай арганізацыі на тэрыторыі Беларусі цяжка
— Ці шмат будзе жадаючых сярод беларусаў далучыцца да «Вагнера»?
— Не думаю, што гэта будзе масавая з’ява, але авантурыстаў у Беларусі нямала, якія гатовыя паваяваць, зарабіць лёгкія грошы, як яны лічаць. Таму жадаючыя будуць, але не думаю, што масава.
Таму што і з гледзішча дзяржавы гэта не адабраецца, і з гледзішча грамадскай думкі гэта не вельмі пазітыўна ўспрымаецца.
Читайте еще
Избранное