Кавалеўскі: «Ёсць пэўныя прыкметы таго, што дыялог па вызваленні палітзняволеных паміж Захадам і рэжымам ідзе»
Кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валер Кавалеўскі — пра тое, ці магчымае вызваленне палітзняволеных перад «выбарамі», якія адбудуцца ўжо ў студзені.
— Прыцягненне ўвагі да Марыі Калеснікавай — гэта сведчанне, што ёсць пэўнае асэнсаванне, што трэба падыходзіць да рашэння аб вызваленні людзей, — кажа Валер Кавалеўскі ў інтэрв'ю Свабода Premium. — Лукашэнка, канешне, спрабуе зрабіць выгляд, што ўсё залежыць выключна ад яго і што менавіта ён з'яўляецца суб'ектам і чалавекам, на якога немагчыма націснуць і прымусіць штосьці зрабіць.
Але рэакцыю Лукашэнкі на пытанне пра Марыю Калеснікаву Кавалеўскі разглядаў бы як спробу пазначыць нейкую перспектыву для вырашэння праблемы. Ён таксама адзначыў, што «ёсць пэўныя прыкметы таго, што дыялог па вызваленні палітзняволеных паміж Захадам і рэжымам ідзе, ён становіцца больш актыўным».
— Няма цвёрдых пацверджанняў, што дыялог адбываецца і мы не можам сказаць паміж кім і кім. Ёсць праблема ў тым, што вельмі складана інтэрпрэтаваць дзеянні рэжыму — няма пэўнасці ў тым, у чым канкрэтна заключаецца іх пасыл і патрабаванні.
З боку краін Захаду мы таксама бачым непаразуменне таго, як павінен адбывацца рух наперад. У гэтым сэнсе, мне здаецца, рэжым яшчэ не дастаткова зрабіў дзеля таго, каб паказаць, што гэта ўсур'ёз, што гэта не выпадковасць, што трэба выпускаць значна больш людзей.
Экс-дыпламат таксама падкрэслівае, што дыялог павінен быць паміж беларусамі і беларусамі. У Захада, на яго думку, можа быць свая роля ў гэтым працэсе — менавіта як сілы, якая падтрымлівае гэты працэс і выконвае пасярэдніцкія функцыі.
— Мы ўжо бачылі ў мінулым, як Мінск дамаўляўся з Захадам наўпрост — гэта прыводзіла да таго, што рэжым станавіўся мацнейшым, інтарэсы грамадскасці ігнараваліся. Таму трэба ісці на такі дыялог, слухаць адзін аднаго і шукаць варыянты рашэнняў. Гэта ніяк не супярэчыць ідэі, што мы павінны вырашаць гэты крызіс.
Тое, што «выбары» былі прызначаныя на студзень, як лічыць Кавалеўскі, паказвае, што
рэжым, магчыма, не адчувае цалкам упэўненасці ў сваім кантролі над сітуацыяй.
— Мы бачым, што амбасадар Расіі ў Мінску заяўляе пра гатоўнасць дапамагчы з рэпрэсіямі ў Беларусі, калі будуць нейкія крызісныя сітуацыі. Таксама ёсць верагоднасць (пакуль яна не пацверджана, але ўсё роўна), што ваенныя вучэнні «Запад-2025» таксама могуць прыпасці на перыяд правядзення «выбараў».
У гэтым сэнсе мы бачым, што Лукашэнку для захавання ўлады патрабуецца ўжо фактычная знешняя прысутнасць. І зараз мы будзем думаць, якія сцэнары могуць быць у найбліжэйшыя тры месяцы, якім чынам мы можам скарыстацца той няпэўнасцю і зразумелымі для нас фактарамі і як іх канвертаваць у дзеянні па вызваленні палітзняволеных.
Читайте еще
Избранное