КДБ выпадкова выдаў двух супрацоўнікаў, адказных за стварэнне спіса «тэрарыстаў»
Наша Ніва распавяла, хто такія Аляксей Праватораў і Аляксандр Антановіч.
У спіс тэрарыстаў, які вядзе КДБ, уносяць не толькі небяспечных злачынцаў з груповак, прызнаных светам тэрарыстычнымі, але і палітвязняў і праціўнікаў рэжыму.
Напрыклад, у спісе ёсць стваральнік праекта «Беларускі Гаюн» Антон Матолька, палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст, журналістка Вольга Лойка, дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка.
У метазвестках файла, які апублікаваў тэлеграм-канал КДБ, чалавек, які стварыў спіс «тэрарыстаў», пазначаны як Аляксей Праватораў. Па звестках праекта Digital intelligence team, яму 40 гадоў. Ён нарадзіўся ў Мінску, цяпер жыве ў Мінскім раёне, у вёсцы Копішча.
Пасля школы Праватораў атрымаў вышэйшую адукацыю, а паралельна працаваў на Мінскім заводзе шэсцерняў.
Мужчына доўгі час працаваў у галіне адукацыі — у 24-й гімназіі ў Мінску, ва ўпраўленні адукацыі адміністрацыі Партызанскага раёна сталіцы, у Мінскім гуманітарна-лінгвістычным калежы, Мінскім дзяржаўным вышэйшым радыётэхнічным каледжы і ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце.
А пасля 2012 года перайшоў працаваць ва ўпраўленне КДБ па Мінску і Мінскай вобласці, якое ў базах называецца вайсковай часцю № 53890.
Чалавека, які пазначаны як аўтар апошняга змянення спіса «тэрарыстаў», клічуць Аляксандр Антановіч. Па звестках Digital intelligence team, гэта 51-гадовы ўраджэнец Мінска, які доўгі час жыў ва Украіне (магчыма, там працавалі яго бацькі). У 1997 годзе атрымаў беларускае грамадзянства.
У Антановіча ёсць службовы і дыпламатычны пашпарты. Ён выхадзец з элітнага падраздзялення КДБ, з 1990-х і як мінімум па 2006 працаваў ва ўпраўленні ваеннай контрразведкі КДБ (магчыма, па 2016 — у базах з 2006 па 2016 аддзел не канкрэтызуецца).
Гэтае ўпраўленне займаецца «абаронай узброеных сілаў ад знешніх і ўнутраных фактараў, якія ўплываюць на здольнасць выконваць задачы і падтрымліваць баявую гатоўнасць войскаў». Карацей кажучы, сочыць за вайскоўцамі.
Не пазней за 2016 год ён перайшоў на працу ў цэнтральны апарат КДБ. Невядома, што ўваходзіць у спектр задач Антановича, але відавочна, што ён займаецца ў тым ліку і рэпрэсіямі супраць беларусаў.
Мужчына некалькі разоў лятаў па дыпламатычным пашпарце ў розныя краіны Еўропы — напрыклад, Германію, Францыю, Украіну, Польшчу, Аўстрыю, Літву ды Латвію. А ў 2010 і 2011 гадах ездзіў па службовых справах у Ліван.
У вольны час Антановіч займаецца паляваннем — у тэлеграме ён у шматлікіх тэматычных групах.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное