Класкоўскі: «Не магу прыпомніць прыкладаў, калі ўрад у выгнанні з-за мяжы здзейсніў нейкія пераўтварэнні і скінуў рэжым»
Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі ў інтэрв’ю Филину – пра прапанову Пракоп’ева і Латушкі стварыць «урад у выгнанні» на канферэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні.
— Галоўны рэдактар Нашай Н*вы Андрэй Дынько выказваецца, што ствараць «урад у выгнанні», «кабінет», на чале якога з’явіўся б прэм’ер, гэта не толькі бессэнсоўна, але і шкодна. Ён лічыць, што стварэнне «кабінетаў» і абвяшчэнне «вызвольных рухаў» за мяжою часта ўяўляе сабой падмену рэальнай дзейнасцю.
І на ягоную думку, няма нічога такога, што Азараў, Латушка, Пракоп’еў ці любы іншы чалавек не маглі б рабіць, не маючы статуса «міністраў», «прэм’ераў» ці «камісараў».
Спадар Аляксандр, а як вы ставіцеся да прапановы стварыць урад у выгнанні?
— Па-першае, відавочна, што ў беларускай апазіцыі сёння назіраецца моцны канцэптуальны і арганізацыйны крызіс. Прычым я свядома ўжываю тэрмін «апазіцыя», хоць некаторыя крытыкуюць, не згодныя з тым, што праціўнікаў рэжыму — штаб Ціханоўскай і НАК Латушкі — называюць апазіцыяй. Але я ў такіх выпадках кажу: дзе вы знаходзіцеся?
Апазіцыя — гэта тыя, хто змагаецца супраць дзейнай улады. Легітымная яна ці не, але яна трымае сітуацыю ў краіне, і таму трэба асэнсоўваць жорсткую рэальнасць: вы выціснутыя сёння з краіны і маеце мала вагароў на падзеі ўнутры краіны.
Вось з гэтага трэба сыходзіць, калі каментаваць ідэі пра стварэнне ўраду ў выгнанні. Таму што цяпер у Беларусі назіраецца фаза контррэвалюцыі, рэакцыі. З доляй умоўнасці можна сказаць, што гэта нагадвае тыя падзеі, якія разгортваліся ў Расійскай імперыі пасля паразы рэвалюцыі 1905 года.
Дык вось тады, калі па ўсёй краіне былі расстаўленыя шыбеніцы — так званыя сталыпінскія гальштукі, тады ні Ленін, ні Пляханаў, ні Троцкі — ніхто не мог прапанаваць нейкую пераможную стратэгію, і за кошт нейкай цудадзейнай структуры, напрыклад, за кошт урада ў выгнанні.
Ленін сядзеў то ў Швейцарыі, то ў Польшчы, то яшчэ дзе-небудзь, і ніякія структуры, ніякая арганізацыя не маглі б перамагчы царызм. А вось у 1917 годзе, калі склаўся комплекс умоў — і імперыялістычная вайна, і іншыя рэчы, вось тады ўсё выбухнула. І бальшавікі потым скарысталі гэтую хвалю.
Сёння, калі ў беларускай апазіцыі канцэптуальны і арганізацыйны крызіс, з’яўляецца спакуса простых рашэнняў, і публіка ў чатах, у сацсетках гэта ўсё падхоплівае. Адсюль ідзе навала, атака на Ціханоўскую і яе каманду — яны крайнія, нерашучыя, а вось глядзіце, мы зараз створым умоўную «Армію Андэрса», як прапануе Вадзім Пракоп’еў, па аналогіі з польскай арміяй часоў Другой сусветнай вайны, і заўтра мы пераможна ўвойдзем у Мінск і скрышым гэтую дыктатуру. Вось такі пануе сярод часткі апанентаў рэжыму настрой на нейкія цудадзейныя рашэнні.
З аднаго боку, для мяне відавочна, што сапраўды каманда Ціханоўскай і яе офіс напэўна правалілі ў нечым камунікацыю з іншымі апазіцыйнымі лідэрамі і сіламі. Надыйшоў час болей выразнай стратэгіі.
Сёння на канферэнцыі Ціханоўская прызнала, што павінен быць нейкі калектыўны орган прыняцця рашэнняў. Відавочна, што для каардынацыі дзеянняў дэмакратычных сіл патрэбная нейкая болей выразная, болей дакладная арганізацыйная структура, але тут трэба разабрацца, што ініцыятары ўрада ў выгнанні пад ім разумеюць.
Некаторыя, падаецца, бачаць у сваім ўяўленні нейкі аналаг — люстэркавы варыянт урада Лукашэнкі — міністэрствы, аддзелы, толькі на чале будуць прагрэсіўныя людзі, так бы мовіць. У Лукашэнкі гэта рэакцыйная наменклатура, саўкі, а ў нас будуць людзі, нацэленыя на будучыню.
Але я думаю, што гэта ілюзорны план, таму што лукашэнкавыя падначаленыя ва ўсякім разе рэальна займаюцца ў краіне канкрэтнай справай. Лукашэнка ім пугі пад хвост дасць — і яны бегаюць, на жніве нейкія дадатковыя меры дысцыпліны прымаюць, нешта на адстаючых прадпрыемствах робяць. Хоць цудаў ніякіх не робяць, яны рэальна, так ці іначай, кепска ці добра кіруюць краінай.
А чым будуць займацца людзі ў выгнанні? Высмоктваць з пальца нейкія канцэпцыі светлай будучыні? Ну дык, ведаеце, будучыня наступае не па гэтых лекалах, а абсалютна непрадказальна.
Па-другое, можа пачацца новы раўнд бойкі, спаборніцтва за партфелі ў гэтым ценевым, ці пераходным урадзе, таму гэты люстэркавы праект абсалютна нежыццяздольны.
Яшчэ адзін варыянт, які вымалёўваецца, гэта радыкальны ўрад ваеннага часу, як кажа Пракоп’еў. Ціханоўскую хочуць адсунуць, хай яна, маўляў, перадасць сваю легітымнасць нейкаму болей рашучаму чалавеку, там нават прозвішча называецца былога вайскоўца, спецназаўца ці дэсантніка, але зноў жа гэта ілюзія, што мы націснем на Ціханоўскую, хай яна ідзе зноў смажыць катлеты, а легітымнасць як нейкую валізку, за якую яшчэ нібыта Франак Вячорка учапіўся, трэба вырваць з гэтых рук і перадаць падпалкоўніку Сахашчыку ці яшчэ камусьці.
Але тут жа праблема ў тым, што нельга гэтую легітымнасць механічна камусьці перадаць. Ціханоўская яе заваявала за кошт выбарчай кампаніі 2020-га года. Можна спрачацца, ці за яе галасавалі, ці проста ў гэтай фігуры сканцэнтравалася прага да перамен — гэта схаластычная спрэчка на сёння, але факт тое, што за яе галасавалі мільёны людзей, як паказваюць падлікі платформы «Г*лас», сацыялогія, яна з вялікай доляй імавернасці на тых выбарах перамагла.
І гэта прызналі замежныя ўрады — адсюль міжнародны трыўмф Ціханоўскай.
А калі будзе створаны ўрад ваеннага часу, то вялікае пытанне, ці прызнае яго Захад. Тым болей, якая краіна возьмецца на сваёй тэрыторыі фармаваць так званую вызвольную беларускую армію.
Нават Україна, знаходзячыся ў стане вайны з Расіяй, якой дапамагае беларускі рэжым, баіцца ўсё ж-такі цвяліць Лукашэнку, каб ён, крый Божа, не ўступіў у вайну адкрыта са сваім войскам. Як каля хворай скулы ходзяць каля гэтага беларускага рэжыму нават сёння кіеўскія ўлады.
І нават ва Ўкраіне наўрад ці будзе створаная база для вызвольнага беларускага войска. Полк Каліноўскага — гэта частка ўзброеных сіл Украіны, ён падпарадкоўваецца вайсковай дысцыпліне і наўрад ці нехта пусціць яго атакаваць Беларусь.
Украіне і так хапае клопату, і яшчэ адзін фронт адкрываць — толькі гэтага ім і не хапала. Тым болей, ні Польшча, ні іншыя краіны НАТО не возьмуцца за стварэнне такой арміі за падтрымку так званага ўраду ваеннага часу, таму гэта таксама спакушальная ілюзія нейкага хуткага цудадзейнага рашэння беларускага пытання, але відавочна, што яна адарвана ад рэчаіснасці.
Таму, калі рэзюмаваць, то, на мой погляд, так: патрэбна нейкая рэарганізацыя дэмакратычных сіл, якія выціснутыя сёння з Беларусі. Але калі пайсці па шляху ілюзорна цудадзейных рашэнняў, то палітычная эміграцыя можа ў выніку адбудаваць паралельную рэальнасць, якая будзе слаба звязаная з беларускім грамадствам і ягоным станам, патрэбамі і магчымасцямі.
На жаль, так часта бывае з палітычнай эміграцыяй, і гэтаму ў гісторыі шмат прыкладаў.
І наадварот, не магу прыпомніць прыкладаў, калі ўрад у выгнанні з-за мяжы здзейсніў нейкія пераўтварэнні і скінуў рэжым.
Усё адно ў выніку змена такіх жорсткіх рэжымаў адбываецца найперш за кошт унутраных чыннікаў, і таму найперш тым, хто хоча перамен, тым, хто прэтэндуе на лідэрства ў дэмакратычным руху, трэба рыхтавацца да марафону і, безумоўна, трэба ўдасканальваць арганізацыйную структуру і думаць над стратэгіяй, і пры гэтым грунтавацца на рэчаіснасці і не паддавацца спакусе лёгкіх радыкальных рашэнняў.