Кныровіч: «Гранатамёт у руках Лукашэнкі не здолее абараніць краіну»
Прадпрымальнік і блогер Аляксандр Кныровіч – пра патрабаванне правіцеля займацца імпартазамяшчэннем зброі.
17 лістапада падчас рабочай паездкі Аляксандра Лукашэнкі ў Гомель вайскоўцы «падаравалі» яму гранатамёт. Аляксандр Кныровіч пракаментаваў падзею ў эфіры Еўрарадыё:
– Лукашэнка, канешне, хацеў падтрымаць вобраз мачо і вобраз краіны, якая здольная абараняцца. Але нагадаю лічбы. Вайсковы бюджэт Польшчы – каля 30 мільярдаў долараў, вайсковы бюджэт Беларусі – каля 1 мільярда долараў. Адзін аўтамат ці адзін гранатамёт у руках Лукашэнкі, калі нешта адбудзецца, не здолее абараніць краіну.
На 1868-й артылерыйскай базе ўзбраення Лукашэнка агледзеў цэх па рамонце і заклікаў:
– Трэба займацца жалезабетонна імпартазамяшчэннем. Вельмі дарагая штука – гэта закупляць. Напружвайце прамысловасць!
Кныровіч адзначыў:
– Стандарт НАТА – 2% ВУП павінна ісці на пераўзбраенне войска. Беларускі ВУП – плюс-мінус 70 мільярдаў долараў. Такім чынам па стандартах НАТА павінна ісці 1,4 мільярды на войска. У нас жа каля мільярда: Бедарусь недафінансуе войска.
І калі Лукашэнку кажуць, што недастаткова грошай, каб мець нармальную зброю, ён, не жадаючы павялічваць фінансаванне, адказвае: а давайце самі зробім зброю, перабудуем танк 1970 года – і ён будзе амаль такі як амерыканскі Abrams ці еўрапейскі Leopard.
Калі б, не дай бог, прыйшлося на практыцы праверыць, што такое беларуская армія, мы былі б вельмі ўражаныя яе небаяздольнасцю.Пра гэта кажуць усе вайсковыя эксперты, толькі Лукашэнка чамусці верыць у іншы шлях.
Зрэшты, усё як заўжды: у Беларусі ж ужо «ёсць» электрамабіль амаль як Tesla. Фантазійны свет Лукашэнкі да рэчаіснасці не мае ніякага дачынення.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное