Колесава-Гудзіліна: «Адказнасць за такія злачынствы не мае тэрміну даўнасці»

Адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна — пра рэжым інкамунікада, які з’яўляецца адным з відаў катаванняў.

— Як зараз выглядае інкамунікада — гэта калі з чалавекам няма ніякай сувязі і да яго не можа трапіць адвакат, — адзначае Марыя Колесава-Гудзіліна на Еўрарадыё. — З пункту гледжання беларускага заканадаўства, інкамунікада — гэта парушэнне правоў вязня.

Ёсць унутраныя правілы, згодна з якімі няма такой меры, якая б забараняла ліставанне з роднымі, няма меры, якая забараняе, каб цябе наведваў адвакат.

Пры гэтым адвакату кажуць, што яго падабаронны не пісаў заяву на сустрэчу, маўляў, калі напіша, тады і пусцім. Але гэта таксама парушэнне права на абарону. Дакладна няма такога патрабавання, таму што і адвакат можа напісаць заяву, каб трапіць да свайго падабароннага.

Атрымліваецца, што такім чынам яны самі парушаюць свае правілы.

Ёсць яшчэ адзін важны момант. Акрамя таго, што з чалавекам няма сувязі, да яго не трапляюць і ніякія рэчы і прадукты. І калі прадуктовых пасылак і бандэроляў яшчэ можна пазбавіць, то раз на год ёсць рэжымная перадача, на якую мае права кожны, нават той, хто змешчаны ў ПКТ.

Такую рэчавую перадачу можа адправіць любы родны — яе пазбавіць немагчыма. Але мы ведаем, што, напрыклад, Мікалай Статкевіч такія перадачы не атрымлівае, — звяртае ўвагу адвакатка.

Яна лічыць рэжым інкамунікада катаваннем і раіць палітвязням і сваякам збіраць доказы яго ўжывання.

— Інкамунікада ў Беларусі пачалі прымяняць у 2023 годзе. Спачатку мы перасталі чуць інфармацыю пра людзей, але да іх траплялі адвакаты.

А потым адначасова ў адзін дзень затрымалі сем адвакатаў, і ўсе іх падабаронныя з тых пор трапілі пад інкамунікада.

Але паўтару яшчэ раз: у беларускім заканадаўстве няма нават трактоўкі пра нейкую забарону на ліставанне, як была, напрыклад, у Савецкім саюзе, калі чалавека высылалі без права ліставання.

Беларускія ўлады робяць выгляд, што іх нормы адпавядаюць міжнародным стандартам. Такія нормы ёсць і раней іх так не парушалі. А зараз яны робяць усё гэта, бо адчуваюць сваю абсалютную беспакаранасць.

І нават скаргі зараз пісаць вельмі цяжка, таму што ў чалавека, якога змяшчаюць у рэжым інкамунікада, няма ні ручкі, ні паперы.

Інкамунікада — гэта катаванні. А катаванні — гэта злачынствы супраць чалавечнасці. Прыцягненні да адказнасці за такія злачынствы не мае тэрміну даўнасці.

Таму трэба фіксаваць гэтыя факты, каб мець доказы. Мы не ведаем, калі настане час справядлівага незалежнага суда, але ў ім трэба будзе даказаць гэтыя злачынствы, — упэўнена Колесава-Гудзіліна.