80

Андрэй Кныш

Колькі было партызанаў у акупаванай немцамі Беларусі? І ці была партызанская барацьба ўсенароднай?

У рамках спецпраекта 80 «Cалідарнасць» разважае над няпростымі пытаннямі, на якія прапаганда мае адназначныя адказы.

Кананічнае фота, прысвечанае беларускай партызанцы

Усенародны рух супраціву нямецкім акупантам у БССР не мае аналагаў у свеце, заявіў праўладны гісторык Вячаслаў Даніловіч у часе нядаўніх парламенцкіх чытанняў «Ад Брэсцкай крэпасці да Берліна: вытокі мужнасці і гераізму савецкага чалавека».

Паводле яго словаў, «з першых дзён германскай агрэсіі разгарнулася ўпартая барацьба партызан і падпольшчыкаў супраць захопнікаў».

Пры гэтым гісторык аперуе вядомымі з савецкіх часоў лічбамі, паводле якіх на акупаванай тэрыторыі СССР дзейнічала больш за мільён партызанаў, з якіх 374 тысячы прыпадала на савецкую Беларусь.

Прамова Даніловіча нібы сыйшла са старонак савецкай газеты, прысвечанай чарговай круглай даце перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Розніца хіба ў папулярнай сярод расійскіх (а цяпер ужо і лукашэнкаўскіх) прапагандыстаў характарыстыцы: «не мае аналагаў у свеце».

Тым часам, партызанскаму руху часоў Другой сусветнай за гады незалежнасці Беларусі было прысвечана мноства артыкулаў у прэсе, навуковых працаў, літаратурных твораў, заснаваных на успамінах непасрэдных удзельнікаў тых падзей.

І далёка не ўсё з гэтага масіву звестак укладваецца ў сённяшні ідэалагічны шаблон, вернуты з савецкага нябыту. «Салідарнасць» сцісла нагадвае пра моманты, якія замоўчвае альбо замятае ў цёмны кут прапаганда.

Ці ведае хтосьці дакладна, колькі ўсяго было партызанаў?

Вячаслаў Даніловіч агучыў добра вядомыя з савецкіх часоў лічбы, якія грунтуюцца на дадзеных, сабраных з некалькіх крыніцаў. Да пачатку 1944-га адпаведны ўлік вёўся Цэнтральным штабам партызанскага руху. Пазней статыстыкай займаўся ЦК КП(б)Б і падпарадкаваны яму Беларускі штаб партызанскага руху. Ёсць меркаванні, што гэта не канчатковыя лічбы, бо частка партызанскіх атрадаў і злучэнняў не мела сувязі з ЦШПР і яго паслядоўнікамі.

Польскі даследчык Богдан Мусял, аўтар кнігі «Савецкія партызаны, 1941-1944: Міфы і рэальнасць», агучвае куды больш сціплыя лічбы. Прычым, ягоная праца грунтуецца на савецкіх дакументах і архівах, якія захоўваюцца ў Беларусі, Расіі, Украіне, а таксама на дакументах з польскіх, нямецкіх і габрэйскіх архіваў.

Гісторык прыводзіць наступныя дадзеныя: на стане на 10 снежня 1943-га колькасць партызанскіх атрадаў на акупаванаў тэрыторыі СССР вырасла да 1106, у іх уваходзіла да 175 510 чалавек.

У Беларусі на той момант налічвалася 720 атрадаў колькасцю 123 420 чалавек, што складала 70,3% усіх савецкіх партызан.

— Ацэнкі колькасці савецкіх партызан (звыш 1 млн чалавек), якія існуюць у савецкай і постсавецкай гістарыяграфіі, з’яўляюцца, такім чынам, шматкроць завышанымі. У рэчаіснасці іх колькасць не перавышала 200 тысяч. Паводле захаваных статыстычных матэрыялаў, найбольшую частку з іх складалі беларусы (67,79%), рускіх налічвалася 21,31%, украінцаў — 4,63, габрэяў — 2,6%, — зрабіў выснову ў сваёй працы гісторык з Польшчы.

А гэта меркаванне расійскага ваеннага гісторыка Марка Салоніна, выказная ў каметары Радыё Свабода:

— Гісторык прывязаны да архіваў, і ўсё, што ён можа сказаць, базуецца на даступнасці тых ці іншых дакументаў. Гісторыя партызанскага руху — самая закрытая і засакрэчаная частка гісторыі вайны. Большая частка ўсіх фондаў, звязаных з партызанскім рухам, знаходзіцца ў структурах архіваў КДБ, МУС — туды немагчыма пранікнуць.

Пераважна яны выведзеныя за рамкі вайсковых архіваў. Таму цяжка знайсці больш заблытаную, пакрытую сістэматычнай хлуснёй частку гісторыі вайны, чым гісторыя партызанскага руху.

Ці насамрэч «з першых дзён разгарнулася ўпартая барацьба»?

У гісторыі савецкага партызанскага руху прынята выдзяляць тры асноўныя этапы: ад моманту ўварвання гітлераўцаў у СССР, лістапад-снежань 1942-га, калі рух пачаў набіраць масавы характар, снежань 1943-ліпень 1944-га, заключны перыяд.

Дык вось, пафасныя словы праўладнага гісторыка пра ўпартую барацьбу з першых дзён даўно аспрэчаныя фактамі.

Першыя атрады партызанаў складаліся пераважна з міліцыянтаў, камуністычнага актыву і вайскоўцаў, што выйшлі з акружэння. Яны былі слаба арганізаваныя і матэрыяльна забяспечаныя. Па розных ацэнках, на акупаванай частцы СССР да канца 1941-га былі ліквідаваныя ад 50 да 100% такіх атрадаў.

Беларускі савецкі падпольны друк часоў Другой сусветнай вайны

Тут варта зрабіць заўвагу. СССР прыклаў нямала сілаў па падрыхтоўцы партызанскага руху на ўласнай тэрыторыі ў 1920-1930 гады. Былі закладзеныя адмысловыя базы, падрыхтаваныя кадры. І тут у справу ўмяшаўся Сталін. Вось што пра гэта піша гісторык Мусял:

— Да пачатку 1930-х гадоў Савецкі Саюз быў падрыхтаваны да вядзення партызанскай вайны на ўласнай тэрыторыі так добра, як ні адна іншая краіна ў свеце. Аднак, у 1937-1938 гадах гэтыя працы былі згорнутыя, партызанскія атрады расфарміраваныя, базы ліквідаваныя, сама ідэя своечасовай падрыхтоўкі да партызанскай вайны прызнана паражэнскай, многія асобы, якія прымалі ўдзел у гэтай працы, былі рэпрэсаваныя.

Як вынік, у 1941-м СССР да разгортвання партызанскай вайны ва ўмовах імклівага германскага наступу на ўсход аказаўся не гатовы.

Ці быў партызанскі рух усенародным?

У вышэйзгаданым каментары гісторык Марк Салонін зрабіў наступную выснову пра завяршальны этап развіцця партызанскага руху ў Беларусі:

— Рост колькасці быў галавакружны, і на гэтым этапе гэта ўжо не маглі быць толькі дыверсанты НКВД, бо ў НКВД не было столькі дыверсантаў. Гэта, вядома, быў народны партызанскі рух, бо асноўны касцяк складалі мясцовыя жыхары. Але спосабы, якімі іх пазвалі, заклікалі, загналі ў лес, — гэта асобная гісторыя, якую лепш не кранаць зусім, прынамсі, не маючы сур’ёзнай дакументальнай доказнай базы.

Тым не менш, спробы акрэсліць матывы, паводле якіх беларусы ішлі ў лясы, рабіліся неаднаразова. Асноўныя з іх выглядаюць цалкам лагічнымі. Гэта і прага помсты за забітых родных, за спаленыя вёскі. Хапала і тых, хто ішоў партызаніць з ідэйных меркаванняў.

Сярод матываў быў і страх пераследу з боку акупантаў — найперш гэта датычыла габрэяў, савецкіх службоўцаў, камуністаў, якія проста не мелі іншых варыянтаў уратавацца.

Хтосьці апынуўся перад прапановай, ад якой не змог адмовіцца — пэўная колькасць апынулася ў атрадах прымусова. Хтосьці мусіў выбіраць: ісці ў паліцыю, быць вывезеным на прымусовыя працы, ці пайсці ў партызаны.

А былі і тыя, хто зразумеў, што чалавеку са зброяй куды прасцей выжыць у лесе, чым бяззбройнаму ў вёсцы.

У 2006-м у перадачы «Беларусь на вайне» на Радыё Свабода навуковец, былы сябра Беларускага Саюзу Моладзі Янка Запруднік выказаў сумнеў, наколькі партызанскае змаганне было ўсенародным:

— Памяць пра бальшавіцкія зверствы і пра вывазы жыла ў народзе вельмі востра, і частка помслівасці, якая праяўлялася ў часе вайны, была абумоўлена 1930-мі гадамі, знішчэннем нацдэмаў, загонам сялянаў у калгас, раскулачваннем і таму падобным. Так што тут малюнак даволі складаны.

Парад партызанаў у Мінску, ліпень 1944 года

Яму запярэчыў пісьменнік і былы партызан Віталь Тарас:

— Тут таксама былі розныя людзі. Вось сям’я маёй жонкі была рэпрэсаваная, раскулачаная, а усе сыны і дочкі ваявалі з немцамі, партызанілі. Цесць мой, просты рабочы, адседзеў у турме з 1937-га па 1939-ты, цудам выскачыў. З верасня 1942-га году быў партызанам. У партыю гэтую ніколі не ўступаў, а тады лічыў, што трэба з немцамі біцца. Усё ж такі і ў простага чалавека быў выбар — альбо на баку д’ябла, альбо на сваім уласным баку, у імя сваёй уласнай абароны, уратавання свайго жыцця браць зброю і біцца з акупантам.

І Тарас, і Запруднік былі адзінадушнымі ў думцы, што гітлераўцы з першых дзён уварвання далі зразумець беларусам, з кім яны маюць справу. І гэта шмат у чым перадвызначыла масавасць і зацятасць партызанскай барацьбы на тэрыторыі тагачаснай Беларусі.

***

Спецпраект «Салідарнасці» «80» закліканы падрыхтаваць чытачоў да патоку дэзінфармацыі, якая будзе ліцца з экранаў тэлевізараў і старонак дзяржвыданняў. Мы будзем выкрываць прапагандысцкія наратывы і пастараемся максімальна поўна і непрадузята расказаць пра падзеі тых гадоў.