Филин

Ірына Марозава

Котаў — пра «інаагенцкі» закон у Грузіі: «Можна прагназаваць, што такі механізм будуць выкарыстоўваць найперш супраць апанентаў улады»

Палітолаг — пра тое, да якіх наступстваў можа прывесці прыняцце новага заканадаўства ў Грузіі і ці закране гэта беларусаў.

У Грузіі прасоўваюць аналагічны расійскаму «закон аб інаагентах», паводле якога ўсе няўрадавыя арганізацыі і медыі, якія фінансуюцца з-за мяжы, лічацца «агентамі замежнага ўплыву» і павінны быць зарэгістраваныя ў спецыяльным рэестры. Парушэнне ж гэтага патрабавання пагражае немалымі штрафамі і нават турэмным зняволеннем да пяці гадоў.

Калі быць дакладным, варыянтаў закону нават два: «Аб празрыстасці замежнага ўплыву» і «Аб рэгістрацыі замежных агентаў», прычым другі датычыцца як юрыдычных, так і фізічных асоб.

Праўладны рух «Сіла народа» ўпірае на большую празрыстасць крыніц фінансавання з-за мяжы і сцвярджае, што за ўзор узятыя практыкі дэмакратычных краін, у прыватнасці, ЗША. Урадавая партыя «Грузінская мара» ўжо абвясціла, што падтрымае абодва законы. Аднак таксама за апошнія тыдні адбыўся і шэраг акцый пратэсту грамадскіх актывістаў, пасля ўчорашніх сутычак у Тбілісі ёсць затрыманыя.

Што адметна, супраць закону выступаюць не толькі апазіцыя, медыі, НДА і праваабаронцы, якія кажуць пра «дыскрэдытацыю грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ» і «набліжэнне да расійскай рэпрэсіўнай палітычнай культуры», але таксама палітыкі, якія яшчэ нядаўна былі ва ўладзе, і нават прэзідэнт Саломе Зурабішвілі. Лідарка краіны заяўляе, што падобнае рашэнне «адлучыць Грузію ад Еўропы», і плануе накласці на яго вета. Сур’ёзную занепакоенасць выказалі ў ЗША і Еўрасаюзе.

Даведка «Ф»

Закон FARA (Foreign Agents Registration Act), на які спасылаюцца грузінскія парламентарыі, быў прыняты ў ЗША яшчэ ў 1938 годзе, перад Другой сусветнай вайной, і меў на мэце абараніць насельніцтва ад уплыву нацысцкай прапаганды.

Яго не раз перапрацоўвалі, змясціўшы фокус з прапаганды на палітычнае лабіраванне. Прытым урад абавязаны пацвердзіць «інаагенцтва» і тое, што арганізацыя альбо асоба не толькі цалкам ці збольшага фінансаваліся, але і дзейнічалі «па загаду, просьбе, пад кіраўніцтвам ці кантролем замежнага кіраўніка».

У РФ закон аб інаагентах быў упершыню прыняты ў 2012 годзе. Цягам дзесяці год сфера яго прымянення істотна пашырылася і закранула не толькі палітычныя арганізацыі, але і медыі, фізічных асоб — блогераў і журналістаў, а потым усіх асоб і арганізацыі, якія нібыта патрапілі пад уплыў замежнай дзяржавы (прычым доказаў гэтага ўплыву не патрабуецца).

Пасля пачатку вайны ва Украіне пераслед і маркіраванне «інаагентамі», то бок, «шпіёнамі», распаўсюдзіўся фактычна на ўсіх крытыкаў дзейнай улады.

Аналагічны закон у 2017 годзе прынялі ў Венгрыі — але ён быў прызнаны міжнароднай супольнасцю «несумяшчальным са стандартамі ЕС».

У той ці іншай ступені замежнае фінансаванне няўрадавых арганізацый адсочваюць таксама ў Ізраілі і Аўстраліі.

Ці мае насамрэч гэта ініцыятыва дачыненне да дэмакратыі альбо пазбавіць Грузію шансу на еўрапейскую інтэграцыю, і ці можа закон негатыўна адбіцца на беларусах, якія эмігравалі ў Грузію пасля 2020-га? Гэтыя пытанні Филин абмеркаваў з палітолагам Анатолем Котавым.

Анатоль Котаў

— Беларускія ўлады ў змаганні з НДА і незалежнымі медыямі вырашылі сітуацыю больш радыкальна: за пару год «зачысцілі» грамадзянскую супольнасць і ліквідавалі амаль усе недзяржаўныя структуры. У параўнанні з гэтым грузінскі (ці, мабыць, больш правільна казаць, прарасійскі) варыянт выглядае больш мяккім, ці толькі больш расцягнутым па часе, гэткае адсяканне хваста сабаку па частках?

— Цяжка адразу сказаць, якімі будуць наступствы прыняцця гэтага закону. Бо насамрэч падобныя законы ёсць у шмат якіх краінах, у тым ліку і дэмакратычных, і перадусім у ЗША.

Але ў гэтых краінах законы з’яўляюцца інструментам, які, у адрозненне ад Расіі, не мае відавочнай палітычнай афарбоўкі. І тое, што цяпер у Грузіі закон прасоўваецца менавіта праўладнымі коламі, якія хоць і крыўдзяцца, але ўсё ж з’яўляюцца больш прарасійскімі сіламі, можа сведчыць аб тым, што, на жаль, закон будзе выкарыстоўвацца няроўна да ўсіх «інаагентаў».

Можна прагназаваць, што такі механізм будуць выкарыстоўваць найперш супраць апанентаў улады, супраць тых, хто мае фінансаванне з Захаду, — і заплюшчваць вочы на тых, хто атрымлівае дапамогу ці наўпрост звязаны з расійскімі або прарасійскімі структурамі.

І ў гэтым, на мой погляд, самая галоўная небяспека. Не ў тым, што сам па сабе закон прымаецца, а ў практыцы яго прымянення — ёсць падставы меркаваць, што яна складзецца не самым лепшым чынам для дэмакратыі ў Грузіі.

— Да чаго можа прывесці прыняцце гэтага закону на міжнароднай арэне? Цяпер у Грузіі, акрамя дзяржаўных сцягоў, вельмі шмат сцягоў ЕС, і многія чакаюць еўраінтэграцыі. Ці можа краіна, абмежаваўшы працу медыяў і грамадскіх арганізацый,  пазбавіцца шансу атрымаць статус краіны-кандыдата ў Еўрасаюз?

— Мяркую, сам закон не пазбавіць гэтага, а вось практыка — можа. Грузія ўжо сутыкнулася з сітуацыяй, калі кандыдацкі статус ім не быў нададзены адначасова з Украінай і Малдовай. Адбылося тое перадусім праз пазіцыю Грузіі ў дачыненні да вайны ва Украіне, нейкіх унутраных крокаў, якія акрэсліваюцца як прарасійскія.

І калі прымяненне закону будзе ствараць перавагу для тых медыяў, арганізацый і асобаў, якія з’яўляюцца носьбітамі прарасійскіх наратываў, — гэта насамрэч будзе не на карысць еўрапейскім перспектывам Грузіі. Прынамсі, пакуль не зменіцца ўлада, не памяняецца склад парламенту (наступныя парламенцкія выбары ў краіне адбудуцца ў 2024 годзе — Ф.).

Іншая справа, зазначае палітолаг, што пасля магчымых зменаў на выбарах «тая самая зброя можа быць выкарыстаная і ў іншы бок»:

— Таму грузінскаму ўраду варта думаць наперад, што адбудзецца ў выпадку, калі гэтыя людзі страцяць уладу. А такі варыянт цалкам магчымы, менавіта таму, што грузіны маюць пэўнае расчараванне ва ўладах з-за іх прарасійскага шляху.

Хоць мы бачым, як аналагічныя рэчы ва Украіне, што дазваляюць пазбаўляць інфапрастору ад варожых наратываў, не перашкаджаюць еўрапейскім перспектывам. Бо гэтая зброя выкарыстоўваецца супраць сапраўдных ворагаў украінскай дзяржавы і набліжае Украіну да Еўропы, а не наадварот.

Аднак сітуацыя ў Грузіі складваецца такім чынам, што гэты інструмент можа быць выкарыстаны для ўмацавання пазіцый Расіі.

— Другая версія «закону аб інаагентах» закранае і фізічных асоб. Як гэта можа адбіцца на беларусах, якія вымушана з’ехалі ў Грузію пасля 2020-га і сярод якіх нямала грамадскіх актывістаў і медыйшчыкаў — атрымліваецца, яны могуць апынуцца пад рызыкай новага пераследу?

— На жаль, нельга выключаць і такой небяспекі. Бо любы рэестр можа быць выкарыстаны не на карысць тых, хто збягае ад пераследу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(8)