Филин

Ірына Марозава

Котаў: «Тое, што адбываецца цягам апошніх гадоў, наносіць непапраўную шкоду Беларусі, не толькі колькасную, але і якасную»

Што ўлады плануюць зрабіць, каб дасягнуць станоўчага міграцыйнага сальда, і чаму ў іх не атрымліваецца.

Фото Shutterstock Nuotr

У Беларусі прынялі новую Канцэпцыю міграцыйнай палітыкі, разлічаную на 2024-2028 гады. Паводле дакумента, улады плануюць стымуляваць добраахваотнае перасяленне ў Беларусь на пастаяннае месца жыхарства «асоб, якія маюць падобныя з народам Беларусі духоўныя каштоўнасці і жадаюць інтэгравацца ў беларускае грамадства», а таксама прыцягваць да вяртання беларусаў замежжа — у тым ліку праз спрашчэнне візавага рэжыму і загадкавыя «мерапрыемствы сацыяльна-эканамічнага стымулявання».

Акрамя таго, мяркуецца рабіць новыя крокі па прыцягненні на рынак працы запатрабаваных у Беларусі спецыялістаў. Так, летась быў пашыраны да 35 спіс прафесій, па якіх замежнікі могуць працаваць без атрымання спецдазволу.

Але, як згадваецца ў тэксце самой канцэпцыі, поспехі на ніве прыцягнення ў Беларусь чалавечага капіталу сумнеўныя — а па шчырасці, адмоўныя. З 2018 года колькасць замежнікаў, якія стала і часова пражываюць у краіне, паступова змяншаецца, а працоўныя імігранты відавочна не перакрываюць страты рынку працы ад беларускіх спецыялістаў, якія з’ехалі.

Ці атрымаецца ва ўладаў забяспечыць станоўчае сальда знешняй міграцыі і заахвоціць беларусаў вярнуцца з-за мяжы, Филин абмеркаваў з палітолагам Анатолем Котавым.

— Вельмі цяжка сказаць, калі гэты дакумент увогуле пачалі пісаць, бо ён састарэў на момант публікацыі, — зазначае суразмоўца. — Прыкладам, гэтая канцэпцыя базуецца ў тым ліку на канцэпцыі нацыянальнай бяспекі — а яна зараз будзе новая, то бок, трэба ўжо будзе перарабляць напісанае.

Калі прыгледзецца, дадае Анатоль Котаў, то цяперашняя канцэпцыя міграцыйнай палітыкі ў значнай ступені паўтарае папярэднюю. Адзінае, што сур’ёзна адрозніваеца, — гэта лічбы знешняй міграцыі: колькі замежнікаў прыехала ў Беларусь, усё астатняе падаецца літаральна напісаным, як пад капірку.

— Але сёння чытаць пэўныя палажэнні гэтай канцэпцыі без сумнай усмешкі проста немагчыма, — гаворыць Анатоль Котаў.

Ён прыводзіць канкрэтныяя пункты:

— Вельмі быў здзіўлены, чытаючы палажэнні аб беларускай адукацыі, каб айчынныя ВНУ займалі нейкія месцы ў сусветных рэйтынгах. Аніводнага беларускага ВНУ ў гэтых рэйтынгах не засталося, і ў бліжэйшы час не будзе. А «павышэнне адукаццыі да сусветных стандартаў» — напэўна, бачыца праз адыход у Балонскай сістэме? Які чалавек у здаровым розуме паедзе вучыца ў Беларусь, ведаючы, што ягоны дыплом не будзе прызнаны нідзе?

Вяртанне працаздольных — яшчэ адзін сумны пункт. Гэта вельмі цяжкая гісторыя, бо ніякія прывабныя ўмовы, пра якія пішуць аўтары дакументу, ніякія механізмы стымулявання стварыць у сучаснай беларускай мадэлі гаспадаркі проста немагчымыя.

Нават калі прыняць за праўду пададзеныя лічбы, што на 2023 год у Беларусі жылі на розных падставах і ступенях легалізацыі каля 200 тысяч іншаземцаў — то тая ж самая колькасць беларусаў, па сведчаннях саміх супрацоўнікаў даволі высокага рангу з беларускага МУС, выехала за гэтыя некалькі год з краіны.

І колькасць замежнікаў, якія стала жывуць у Беларусі, таксама памяншаецца.

Такім чынам, відавочна, што ніякія эфемерныя меры стымулявання не працуюць: з’язджаюць беларусы і не прыязджаюць іншаземцы. Больш за тое, нават і тыя, хто жылі ў краіне раней, таксама з’язджаюць.

Трэці смешны пункт — гэта інвестыцыйная міграцыя, прыцягненне інвестараў, каб яны пераязджалі ў краіну і тут укладвалі свае грошы. Толькі за апошні год зроблена больш, чым за ўсе папярэднія, каб у сумленных бізнесменаў адбіць усялякую ахвоту звязвацца з Беларуссю. Таму што альбо нацыяналізацыя, альбо забарона на вывад грошай, альбо прапанова прыязджаць і працаваць, але не зарабляць — такія сабе перспектывы.

У гэтым сэнсе міграваць у Беларусь могуць толькі «інвестары», якім трэба проста схаваць свае грошы.

Супрацьдзеянне нелегальнай міграцыі, зазначае Анатоль Котаў, выглядае цалкам супярэчным таму, што фактычна робяць беларускія ўлады.

— Калі паглядзець на межы Рэспублікі Беларусь з ЕС, тут амаль штодня адбываюцца спробы незаконнага перасячэння мяжы. Да таго ж пункт пра сцупрацьдзеянне нелегальнай міграцыі, які ўтрымлівае канцэпцыя, супярэчыць словам Лукашэнкі — ён жа абяцаў, што мы не будзем змагаццца з «нелегаламі», бо на гэта не даюць грошы еўрапейскія партнёры.

Не менш дзіўна выглядае і раздзел пра міжнароднае супрацоўніцтва — немагчыма з кімсьці супрацоўнічаць, калі краіна сама з’яўляецца адным з пастаўшчыкоў нелегалаў далей на Захад.

— Шмат прыгожых слоў, але зроблена гэта, па-першае, копіпастам з папярэдняй канцэпцыі, а па-другое, вельмі моцна разыходзіцца з рэчаіснасцю.

І гэта адлюстраванне таго, што чыноўнікі ў Беларусі жывуць у нейкай сваёй рэчаіснасці: трэба было зрабіць дакумент, яго і падрыхтавалі. А тое, што ён фактычна не ўтрымлівае ані слова праўды, ані дасяжных мэтаў, ужо не іхняя справа.

Такім чынам, на сёння палажэнні канцэпцыі папросту невыканальныя. Але нават калі адбудуцца змены ў Беларусі, Анатоль Котаў не адчувае вялікага аптымізму ў тым, што ўсе, хто з’ехаў, павернуцца на радзіму, і што варта чакаць мноства высокакваліфікаваных і высокаматываваных замежнікаў, гатовых укладвацца ў развіццё нашай краіны.

На жаль, тое, што адбываецца цягам апошніх чатырох гадоў, наносіць непапраўную шкоду Беларусі, не толькі колькасную, але і якасную.

Выпраўляць яе давядзецца тым, хто будзе ўладай у новай дэмакратычнай Беларусі, але гэтае выпраўленне — нялёгкая задача, якая запатрабуе значна больш часу, чым спатрэбілася рэжыму на зруйнаванне краіны амаль дашчэнту.