Кучынскі: Гаворка ідзе пра свайго роду папярэджанне для Лукашэнкі
Дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай — пра галоўную мэту званка Макрона правіцелю.
— Я знаходзіўся ў кантакце з Елісейскім палацам напярэдадні гэтага званка. Мы ўдзячныя французскім партнёрам за тое, што яны не робяць нешта за нашай спінай і падтрымліваюць беларускі народ, — каментуе Дзяніс Кучынскі. — Святлана Ціханоўская таксама асабіста размаўляла з прэзідэнтам Макронам на пачатку гэтага месяца падчас сустрэчы ў Арменіі.
Тады асобна падкрэслівалася важнасць захавання адзінай агульнаеўрапейскай палітыкі ў дачыненні да Беларусі, каардынацыі дзеянняў саюзнікаў і агульнага падыходу да рэжыму Лукашэнкі.
Адна з рэчаў, пра якія мы гаворым з нашымі партнёрамі — ЗША, Францыяй і еўрапейскімі краінамі, што падтрымліваюць кантакты з рэжымам на тым ці іншым узроўнях, — гэта неабходнасць уздымаць пытанне нацыянальнага дыялогу і настойваць на тым, каб рэжым пачаў размаўляць менавіта з беларускім грамадствам, а не спрабаваў навязаць грамадству і заходнім партнёрам капітуляцыю.
Пры гэтым важна разумець, што галоўнай мэтай гэтага званка былі пытанні, звязаныя з вайной, рэгіянальнай бяспекай і роляй рэжыму ў падтрымцы расійскай агрэсіі супраць Украіны. Французскі прэзідэнт дасканала ведае, што беларускі народ не падтрымлівае гэтую вайну.
Дзясяткі тысяч беларусаў выступалі супраць вайны, многія падвергліся рэпрэсіям за антываенную пазіцыю, а тысячы беларусаў сёння дапамагаюць Украіне, у тым ліку ваююць на баку Украіны супраць расійскай агрэсіі.
У той жа час рэжым Лукашэнкі з’яўляецца саўдзельнікам расійскай агрэсіі, прадастаўляючы тэрыторыю, інфраструктуру і іншую падтрымку Крамлю, але гэта не адлюстроўвае пазіцыю беларускага грамадства.
Елісейскі палац таксама ведае пра стасункі паміж ОСЦ і ўкраінскім прэздэнтам і запланаваны візіт ва Украіну.
Кучынскі звяртае ўвагу на тое, што не было афіцыйнай камунікацыі Елісейскага палаца адносна Лукашэнкі, таму гаворкі пра нейкае прызнанне ці легітымізацыю не ідзе.
Хутчэй гаворка ідзе пра свайго роду папярэджанне для Лукашэнкі — тактычны кантакт, падобны да тых, што адбываліся 4 гады таму, калі і Макрон, і Меркель выходзілі на сувязь з Лукашэнкам у кантэксце вайны і міграцыйнага крызісу.
— Лукашэнка таксама быў праінфармаваны пра канкрэтныя ўмовы і пра тое, што яму неабходна зрабіць для паляпшэння адносінаў з Захадам.
Аднак рэжым пакуль робіць адваротнае — працягвае ціск унутры краіны і спрабуе захаваць цяперашнюю мадэль праз страх, рэпрэсіі і падтрымку вайны ва Украіне.
Читайте еще
Избранное